— Вы член гаркома?
— Ага.
— Прысутнічалі, калі мяне выбіралі?
— Быў.
Наліцкая здзівілася: у яе ж добрая памяць на твары, а такія рыжыя, па-шляхецку падкручаныя вусікі немагчыма не запомніць.
«Выходзіць, з тых, што не вылазіць наперад. Пасядзеў у кутку».
— Дождж многа напсаваў?
— Што вы, таварыш сакратарка! Хіба дождж можа зямлі напсаваць? Ячмені, праўда, трохі палажыла. А так — лета як па заказу.
«Што ён здзекуецца — «сакратарка»? Прастачком прыкідваецца?»
— А сенакос?
— А што сенакос? У нас — тры сушылкі.
— Сёння работай шэфаў забяспечыце?
— Шэфаў забяспечу, у нас з імі дагавор.
— Хто вашы шэфы?
— Завод аўтапрычэпаў.
— Ведаеце, што там выбралі новага дырэктара?
— Ліхача? Ён з нашага калгаса. За чатыры кіламетры яго вёска. У адну дзесяцігодку хадзілі, толькі я трохі старэйшы.
— Вунь як! — амаль здзівілася Ала Уладзіславаўна і пацешылася, што мае такое пільнае вока: узрост вызначала дакладна.— Колькі прыедзе шэфаў?
— Шаснаццаць.
— Колькі?!
— Чатыры машыны з прычэпамі. Па тры грузчыкі на кожны, плюс вадзіцелі. Да нас ахвотна едуць: мы добра плацім. І добра кормім.
Наліцкая дастала з папкі — дамскіх сумачак не любіла — спіс разнарадкі выезду гараджан на сельгасработы.
— Да вас прыедзе пяцьдзесят чалавек.
— Нам столькі не трэба.
Яна гнеўна пачырванела. Узлавалася не на Івіцу — на гаркомаўцаў, на кіраўнікоў РАПА: працуюць па-старому, фармальна, не ведаюць нават, якая дапамога патрэбна таму ці іншаму калгасу ці саўгасу. Можа, камусьці зусім не трэба. Не, пасылаюць. Там, у прыдняпроўскім раёне, дзе людзей у сяле значна менш і калгасы слабейшыя, такіх аўралаў не ўчынялі, панікі не рабілі, старшыню гарвыканкома не прымушалі выязджаць з гараджанамі. Выходзіць, не яна кіруе, не яна ламае замшэлыя завядзёнкі, а яе падхапіла і нясе старая інерцыя. Ламаць! Ламаць старое! Старшыня райвыканкома Сіротка прыкідваўся казанскай сіратой: вымагаў разам з начальнікам РАПА як можна больш людзей. А дырэктары стагналі: час адпачынкаў, людзей у цэхах не хапае. Дырэктар хлебазавода сказаў ультыматыўна, што не забяспечыць горад і раён... два раёны!.. хлебам, калі рабочых адарвуць ад цестамяшалак і печаў.
«Перш-наперш трэба думаць, з чаго спекчы гэты хлеб»,— на нарадзе ў гаркоме Ала Уладзіславаўна была задаволена сваім адказам, а тут раздражнёна падумала: дырэктары добра ведаюць, што некаторых людзей вывозяць у поле дарэмна. Аднак на нарадзе пра гэта ніхто не сказаў. Увогуле ёй не падабаецца маўклівасць гарадскіх кіраўнікоў, сельскія больш гаваркія, патрабавальныя. Што гэта? Стыль застойнага часу? Ці маўклівае ігнараванне ўказанняў гаркома? Маўляў, у нас сваё начальства ёсць — міністэрствы. Калі так, то трэба і гэта ламаць.
— Гаспадарку пакажаце? — спытала ў старшыні.
— Калі ласка, таварыш сакратарка.
— Маё імя — Ала Уладзіславаўна.
— Зразумеў.
«Прыкідваецца мужычком. Боты нацягнуў...»
Наліцкая даўно, з абкома камсамола, не любіла такіх вось дамарошчаных акцёраў у кіраўніцтве, у калгасах іх больш, чым дзе, яны неаднойчы ставілі яе ў няёмкае становішча сваёй ігрой. Яна — шчыра, верачы ім, а яны падсоўвалі лухту, абракадабры. Сакратару абкома камсамола такіх жабак можна было пракаўтнуць, хоць і брыдка. А ўжо ў гарвыканкоме яна давала такім па носе. Ставіла на месца, навучыла павазе. Тым больш гэта трэба рабіць у яе цяперашнім становішчы.
— У вас якая адукацыя, Фрол Эдуардавіч?
— Ветэрынарны тэхнікум.
— Завочна не вучыцеся?
— Спрабаваў — не выцягнуў. Чацвёра дзяцей. І ад гаспадаркі не адарвешся. Дня не хапае. Дзяцей не бачыш.
«Трэба мяняць. Цяпер без вышэйшай адукацыі не кіраўнік,— цвёрда вырашыла Наліцкая.— Інстытут не выцягнуў. Як жа перабудову выцягне?»
— Што ў вас памідоры так зараслі?
— Цешча ў бальніцы.
— А жонка?
— Яна ў дзіцячым садзе робіць. А ў нас сад — з цямна да цямна,— і нявесела пажартаваў: — Жонку таксама няма калі пацалаваць.
Лужыну паміж веснічкамі і машынай Ала Уладзіславаўна абышла. А Івіца паплёхаў праз лужыну. Яўна знарок. Яна ледзьве не засмяялася, убачыўшы, як зірнуў на старшыню яе чысцюля Толік, шафёр; машыну і ўнутры, і звонку ён утрымлівае ў ідэальнай чысціні, паездка па палявой дарозе для яго трагедыя, на яе жарты нязменна з гонарам адказвае: «Я генерала вазіў». Яна ўсё намервалася заглянуць да шафёра дадому: цікава, які парадак у яго ў кватэры? Сябе яна часам папракала, што не заўсёды наводзіць чысціню ў кватэры — не хапае часу.
Читать дальше