Так, усё паплыло. Апошняя свядомая думка: вярнуцца на канапу. Абапіраючыся рукамі аб сцяну, ён дабраўся да канапы. Здолеў сесці асцярожна. Але тут жа праваліўся ў бездань. Галава адкінулася на спінку канапы. З горла вырвалася хрыплае бульканне.
Золатаў наблізіўся, надзеў акуляры, уважліва разгледзеў былога камісара, які нейкі час захапляўся ім, чэкістам, крыва пасміхнуўся, прысеў, выцер доўгія рукі аб парусінавыя штаны, калені пацёр і... нячутна ступаючы, выйшаў.
Праз нейкі момант у пакой ускочыла малая Стася, гукнула:
— Дзядзюля! — але тут жа пагразіла сабе пальчыкам.— Ш-ша, спіць.— Ды пачула дзіўны ненатуральны храп і спалохана кінулася на гарод.
— Бабулечка! Дзядуля памірае.
Аксана адразу, па сінюшнасці лба, шыі, вызначыла: інсульт. Дзейнічала без панікі, як урач. Пазваніла ў «Хуткую». Зрабіла ўкол.
Ігар Арцёмавіч на нейкі момант апрытомнеў. Але ў яго адняло мову, паралізавала левую палавіну цела.
Прыехалі ўрачы «Хуткай». Аказвалі першую дапамогу. А ён лавіў Аксаніну руку і паказваў на яе пярсцёнак. На гэта звярнулі ўвагу.
— Ён хоча нешта сказаць, што звязана з вашым пярсцёнкам, Аксана Паўлаўна.
— Ігарок, родны мой? Што? Што табе мой пярсцёнак? Не магу зразумець.
Тады сказала спалоханая Стаська, якая зашылася было ў куток за шафу і плакала там:
— Дзядулечку забіў Фантамас.
— Які Фантамас? — і тут жа перад вачамі паўстаў лысы, што выйшаў з аўтобуса і ад позірку якога ёй стала нядобра.— Пра каго ты кажаш, Стасюлік?
— З дому выйшаў лысы такі, страшны...
— Золатаў! — крыкнула Аксана Паўлаўна, здзівіўшы калег.— Золатаў! Яго забіў Золатаў!
Магчыма, Ігар Арцёмавіч пачуў жончыны словы, бо выпусціў яе рукі і заплюшчыў вочы.
Праз два дні ў абласной газеце з'явіўся некралог: «Раптоўна памёр персанальны пенсіянер...»
І маладыя нават не чыталі скупыя радкі біяграфіі партызанскага камісара. І нікога не цікавіла прычына яго смерці: усе старыя паміраюць раптоўна.
На заводзе аўтапрычэпаў выбіралі дырэктара. Такія выбары былі першыя ў горадзе, хоць, безумоўна, не першыя ў рэспубліцы, у вобласці. Эксперымент перабудовы, дэмакратыі. Таму на сходзе прадстаўнікоў цэхаў, службаў прысутнічала сама Ала Уладзіславаўна Наліцкая, першы сакратар гаркома. Чалавек яна ў горадзе новы, усяго два месяцы выбрана, пераведзена з усходняй вобласці, дзе апошнія тры гады працавала старшынёй выканкома гарадка невялікага, але прыгожага — над Дняпром, угледжанага і да яе, а пры ёй проста расквітнелага; усесаюзны семінар па добраўпарадкаванні, па азеляненні ў ім праводзілі. І гэтым Алачка, як яе называлі калегі-старшыні, са шчырай мужчынскай ласкавасцю, праславілася, паднялася ў рэспубліканскім спісе рэзерву кадраў на ступень вышэй.
Гэты горад разы ў чатыры большы, прамысловы, але... запушчаны, такое было яе першае ўражанне. Праўда, пазней катэгарычнасць яго паменшылася: не тое што не ўгледжаны, а нейкі неарганізаваны — раўнінны, бязводны. Кажуць, князі былі добрымі дойлідамі. Князь, што заснаваў гэты горад, яўна не вызначаўся асаблівым талентам, ды і архітэктары, якія будавалі яго пазней, у тым ліку і ў савецкі час, не былі ні Шчусевымі, ні Карбюзье. З гэтай нагоды ў яе ўзніклі арыгінальныя думкі, якія яна выказала на пленуме, на сесіі гарсавета, думкі яе зацікавілі партыйны і савецкі актыў, і яе, як кажуць, лёгка прынялі, нягледзячы на маладосць. «Баба з галавой»,— даходзіла да яе грубаватая мужчынская пахвала.
На такім сходзе Наліцкая прысутнічала ўпершыню і адчувала, як пільна і з цікавасцю яе разглядаюць не толькі мужчыны — у мужчын усюды гарэлі вочы, калі яны глядзелі на яе, але тут — і жанчыны. Ад гэтай павышанай увагі Ала Уладзіславаўна трохі чырванела, але разам з тым і «іграла на публіку» — уменнем трымацца за сталом прэзідыума.
«Пекная кабета наш першы сакратар,— падумаў не адзін малады інжынер з мясцовых, якія лічылі сябе палякамі і мелі шляхетныя манеры.— Адразу відно — нашага паходжання».
Беларускія шляхціцы лічаць, што прыгажэйшых, чым іх шляхцянкі, жанчын у свеце няма, але ў апошнія гады пачалі прывозіць сабе жонак з усяго Саюза, ажно да Якуціі дабраліся.
Сапраўды слуцкая шляхцянка Наліцкая выглядала эфектна, асабліва побач са старшынёй заўкома Зояй Булат, якая штучна маладзілася. Але Уладзіславаўне ніхто не даваў яе трыццаці шасці гадоў. «Такі сакратар! — прыемна паглядзець. Во пайшлі кадры, не тое што аблезлы кот Рагацюк — былы першы».
Читать дальше