— Не чапайце Швейцарыю. Швейцарыя не сцякала крывёю. Ваша буржуазія прыдумала хітрыя формы падману і подкупу рабочых.
Ленін падняўся, прайшоўся па кабінеце ў задуме, сказаў па-руску:
— М-да... Рэвалюцыйная сітуацыя — штука архіскладаная,— і па-нямецку: — Прабачце, Платэн. Гэта, як кажуць, думкі ўслых.
— Я таксама думаю,— сказаў Платэн.— Я думаю, што нямецкая буржуазія не горш валодае майстэрствам падману і подкупу...
Ленін спыніўся перад госцем.
— Платэн, не забывайце, што Германія гэтак жа сцякае крывёю. Салдаты, яны ж сяляне і рабочыя, не бачаць канца вайны. Колькі можна ліць кроў? Завошта?
— А яшчэ я думаю... знаеце пра што? — спытаў трохі загадкава Платэн па-руску.
— Цікава,— Ленін сеў у крэсла, гатовы слухаць.
— У Германіі няма Леніна.
Уладзімір Ільіч па-сяброўску пагразіў Платэну пальцам.
— Вы перабольшваеце ролю асобы ў гісторыі.
— Наколькі помню, я чытаў у Маркса і, здаецца, у Леніна... Ролю асобы нельга перабольшваць. Але нельга і памяншаць. Хіба не так?
— Вы небяспечны палеміст, Платэн. І ўсё ж... Скажыце без дыпламатыі. Верыце вы ў блізкую рэвалюцыю ў Германіі? У Францыі?
— Не, не веру.
— Вы песіміст. Платэн. Але мне хацелася б, каб вашу думку пачулі нашы «левыя». Сустрэньцеся, калі ласка, з Бухарыным, з Урыцкім, з Ломавым, з Асінскім. І скажыце ім пра гэта. У гэтых людзей гарачыя галовы і ультрарэвалюцыйны запал. Вельмі неабходна, каб яны хоць трохі працверазелі. У нас — іншая крайнасць... У выніку трыумфальных перамог рэвалюцыі — занадта многа аптымізму. Часам невялікая доля песімізму бывае карыснай. Як разумна назначанае лякарства.
У кабінет адчыніў дзверы Падвойскі: наркомы заходзілі да Старшыні без дакладу, такі парадак быў заведзены Леніным.
— Можна, Уладзімір Ільіч? Не перашкоджу?
— Калі ласка, Мікалай Ільіч. Заходзьце і знаёмцеся. Таварыш Платэн. Яму вельмі цікава пазнаёміцца з першым савецкім генералам.
Высокі, па-вайсковаму падцягнуты, у салдацкай гімнасцёрцы, з шырокім, абветраным тварам, да якога не вельмі пасавала вузкая, клінком, «інтэлігенцкая» бародка, Падвойскі, знаходлівы і дасціпны ў размове з салдатамі, з рабочымі і з буржуямі, бясстрашны ў любых баях, гарачых — з кулямётамі, і халодных — з трыбуны, бянтэжыўся перад Леніным, хоць сустракаўся са Старшынёй Саўнаркома штодня, а часта два і тры разы на дзень. Для бянтэжлівасці Падвойскага была прычына. На чацвёрты дзень рэвалюцыі, калі Керанскі наступаў на Петраград і склалася нялёгкая сітуацыя, Ленін з'явіўся ў штаб акругі, дзе размясціўся ВРК, запатрабаваў, каб яму паставілі стол у кабінеце Пад Еойскага, і пачаў надзвычайную работу па мабілізацыі «ўсіх і ўсяго» для абароны. І хоць у план ваенных аперацый ён умешваўся даволі далікатна, маладога камандуючага нерваваў такі кантроль галавы ўрада. Гарачы Падвойскі двойчы «сарваўся». У першы дзень самалюбіва спытаў:
«Гэта што, недавер да нас?»
Ленін, пасміхаючыся, адказаў:
«Не недавер. Проста ўрад рабочых і сялян хоча знаць, як дзейнічаюць яго ваенныя ўлады».
На другі дзень інцыдэнт адбыўся цяжэйшы. Не згадзіўшыся з канкрэтным указаннем Леніна, Падвойскі патрабаваў, каб яго вызвалілі ад камандавання. Тады Ленін моцна ўзлаваўся і сказаў:
«Я вас аддам партыйнаму суду. Загадваю працягваць работу і не перашкаджаць работаць мне!»
Пасля Падвойскі зразумеў, што менавіта прысутнасць Леніна ў штабе, яго арганізатарская работа і яго ваенны талент памаглі чырвонаармейцам і рэвалюцыйным салдатам разграміць контррэвалюцыю ў самым зародку. І Мікалаю Ільічу было вельмі няёмка перад Уладзімірам Ільічом, ад таго ён і бянтэжыўся пры кожнай сустрэчы. А тут яшчэ чужаземец! Такі элегантны, як жаніх.
Паціскаючы Платэну руку, Падвойскі сарамліва запярэчыў Леніну:
— Што вы, Уладзімір Ільіч. Які я генерал! З генералаў мы сарвалі пагоны.
— Мы створым рабоча-сялянскую армію. І мы мусім ствараць свой генералітэт. Сутнасць не ў тым, як мы назавём вышэйшых камандзіраў,— і тут жа не без гонару: — Вось якія людзі рабілі рэвалюцыю! — Ахарактарызаваў наркома: — Таварыш Падвойскі — наш Дамброўскі,— каго любіў, тых Уладзімір Ільіч часта параўноўваў з героямі Парыжскай камуны.— Пад яго камандаваннем быў узяты штурмам Зімні. Прыняўшы камандаванне Петраградскай ваеннай акругай у першы ж дзень рэвалюцыі, таварыш Падвойскі правёў бліскучую аперацыю па ліквідацыі контррэвалюцыйнага мяцяжу Керанскага — Краснова. А цяпер... пакуль наш Глаўкаверх Крыленка стрымлівае канчатковы распад старой арміі і трымае фронт перад немцамі, Падвойскі ўзначальвае работу па стварэнні новай арміі. Мы назавём яе Чырвонай Арміяй. Гэта будзе армія новага тыпу. У гісторыі рэвалюцыі толькі Парыжская камуна набліжалася да прынцыпаў такой арміі. Але ў камунараў было вельмі мала часу, каб арганізавацца. Нам нельга паўтараць памылкі Камуны. Дарагі Платэн, вы не пакрыўдзіцеся, калі я скажу, што многія заходнія сацыялісты... нават яны!., ды і некаторыя нашы бальшавікі!., не разумеюць... не ўяўляюць сутнасці арміі сацыялістычнай рэвалюцыі? Мне хочацца, каб вы, Платэн, гэта зразумелі. Вам прасцей, вы ўбачыце рэвалюцыю сваімі вачамі. Мы вам паможам. Я раскажу вам адзін выпадак. Некалькі дзён назад я ехаў у вагоне Фінляндскай чыгункі. Размаўлялі фіны з адной пажылой жанчынай. Жывая такая вагонная гутарка. І раптам мой таварыш фін кажа мне: «Ведаеце, якую арыгінальную думку выказала гэтая бабуля? Яна сказала: «Цяпер не трэба баяцца чалавека з ружжом». Калі я пачуў гэта, то сказаў сабе: няхай сотні газет, як бы яны ні называліся — сацыялістычныя, паўсацыялістычныя... няхай самыя гучныя галасы крычаць нам: «дыктатары», «гвалтаўнікі» і гэтак далей і таму падобнае — усё гэта глупства. Галоўнае, што народныя масы, рабочыя, сяляне зразумелі: цяпер не трэба баяцца чалавека з ружжом, таму што ён абараняе працоўных. Але ён, чалавек з ружжом, будзе бязлітасны... павінен быць бязлітасны да эксплуататараў, да ўсіх тых, хто хоча вярнуць стары лад, старыя парадкі. Нам казалі: бальшавікі асуджаны, яны не здолеюць ваяваць, абараняцца — у іх няма афіцэраў. Але калі гэтыя афіцэры пабачылі, як рабочыя білі Керанскага, б'юць Каледзіна, яны сказалі: чырвонагвардзейцы тактычна непісьменныя — гэта так, але калі гэтыя людзі павучацца, яны будуць мець непераможную армію. Вось так, дарагі Платэн,— і Уладзімір Ільіч павярнуўся ад госця да Падвойскага, сказаў з жартаўлівым папрокам: — А вы, Мікалай Ільіч, кажаце, што нам не трэба генералы. Ох, як трэба!
Читать дальше