Калі стаў гімназістам, яны таксама часта сюды прыходзілі, нават з паненкамі — вучаніцамі жаночай гімназіі. Лічылася прыстойным хадзіць на Ніжні рынак, хоць заможныя людзі прадукты куплялі не на гэтым «грязном базаре», а на чыстым Віленскім. З паненкамі непрыстойна было хадзіць на «конскі рынак» — на Замчышча, там прадаваліся каровы, свінні, авечкі, там пахла гноем. А бацька, наадварот, хадзіў часцей менавіта на той рынак: любіў адвакат пагутарыць з сялянамі. Бацька стараўся і яго, гімназіста, далучыць да сваіх народніцкіх поглядаў, да свайго разумення сацыяльнай няроўнасці. Сяргей з папрокам сабе падумаў, што бацькавы погляды на свет і жыццё не адразу і не лёгка даходзілі да яго. Трэба было прайсці праз усе кругі ваеннага пекла, каб палюбіць гэты спакутаваны народ, што сцякаў не толькі потам, але і крывёю.
Рынак быў малалюдны і ціхі — як анямеў. Нават звычайна шумныя яўрэі моўчкі выбівалі акалелымі нагамі «чачотку», наставіўшы каўняры, засунуўшы пад зіпуны рэчы, якія хацелі прадаць. Ад холаду ці страху яны не набіваліся сваім таварам, як рабілі раней. З прадуктовага рада даўно ўжо не пахла смажанай баранінай і гарачымі куханамі. Дзе-нідзе татаркі прадавалі гуркі і квашаную капусту.
Ды на рынак яны глянулі толькі здалёк. Павярнулі на Нямігу. Марыя Міхайлаўна, употай і пільна назіраючы за сынам, убачыла, як расло яго хваляванне. Не дзіва: набліжаліся да яе дома. Марыя Міхайлаўна сама хвалявалася. Яна па-мацярынску палюбіла гэтую нябогу, якую ніколі ўжо не здолее ўбачыць. А ў сына не засталося нават яе картачкі. Напэўна, будзе ў бацькоў, відаць, не бедная сям'я, калі дзяўчына скончыла гімназію. Папрасіць картачку, зрабіць партрэты. А можа, не трэба? Навошта штодня вярэдзіць Сярожаву рану? Хлопец і так высах — скура ды косці.
— Ты знаеш, мама... Ты знаеш, што мне ўспомнілася? Яна жартавала... Яна колькі разоў жартавала, што ўсё жыццё пражыла на Нямецкай вуліцы, таму мае права ісці да іх... агітаваць за рэвалюцыю. Якая дзікая іронія! Нямецкая вуліца!
«Божа, як крычыць яго гаротная душа»,— падумала маці. Дома ён з болем казаў ёй, Лелі: «Мы так бяздумна верылі ў жыццё, у мір, што не сказалі нават адно аднаму адрасоў. Мы верылі, што паедзем дадому разам. Я выпадкова глянуў на пісьмо, якое яна напісала сястры. Але я не ўпэўнены, што запомніў нумар дома. Чаму васемнаццаць? Васемнаццатага яны пайшлі ў наступленне... Вецер каціў па полі яе касынку...»
Пра гэта ён сказаў у першы дзень, калі істэрычна зарыдаў за сталом перад усёй сям'ёй, перад батрачкай, што прывезла яго, кантужанага: «Вецер каціў яе касынку...»
Пасля ён кожны дзень прызнаваўся за снеданнем ці за абедам, без сувязі з размовай, якая вялася, а размову ўсе яны — бацька, Лёля, сама яна, нават Васіліна,— стараліся весці такую, каб даць яму хоць на нейкі час забыць аб перажытым, адвесці ад цяжкіх думак: «Перад вачамі ў мяне яе касынка. Не, яна не коціцца па снезе. Яна ляціць... у паветры. Чырвоная. Гарачая. Мне здаецца, што гарачая...»
Васіліна ціха заплакала на кухні: «Марыя Міхайлаўна, родная вы мая, у яго дрэнна з галавой».
Вельмі гэта спалохала маці. Не сказаўшы нічога мужу і дачцэ, яна сама, акрамя старога доктара, які лячыў усю сям'ю, прывяла яшчэ аднаго, незнаёмага, нават адвакат Багуновіч, які, здавалася, ведаў усю мінскую інтэлігенцыю, з гэтым доктарам не быў знаёмы. Ён лячыў хваробы, з-за якіх звярталіся тайна, таму і сам сябе трымаў як бы ў цяні. Доктар заспакоіў яе:
«Нічога страшнага. Нервовае патрасенне,— доктар быў цынікам: — Такая рана, як смерць жонкі, гоіцца хутка, асабліва ў яго ўзросце... Самі кажаце: смерцяў ён бачыў-перабачыў. У такіх нервы моцныя».
Яна сказала мужу, што прывозіла псіхіятра. Валянцін дакараў яе; ён, чалавек, які часта сустракаўся з людзьмі, што былі ў самым цяжкім горы, бачыў у сына толькі глыбокае чалавечае перажыванне, больш нічога. Мужава пераконанасць трохі заспакоіла яе. Аднак нечаканая Сяргеева ідэя, якую ён выказаў учора,— наведаць Мірыных бацькоў,— моцна спалохала. Спалохалася нават Лёля, але тут жа сказала, што і яна пойдзе з братам. Можа, праўда, лепш, каб пайшла яна? Не, не, ёй даверыць нельга!
Марыя Міхайлаўна думала пра матчына сэрца. Сын быў на фронце, у самым, як кажуць, пекле. Яна малілася за яго, але, хоць і з трывогай, жыла звычайным жыццём, нават хадзіла ў госці, у тэатр. А цяпер у яе няма, не гложа быць іншага жыцця, як яго жыццё, яго здароўе. Цяпер здавалася, што без яе Сярожа нічога не здолее зрабіць, тут жа, як малы, згубіцца ў чалавечым моры, што так узбурылася.
Читать дальше