Лета тое было гарачае. Помніце, цар кінуў у чэрвені мільёны салдат на нямецкія ўмацаванні, але наступленне на заходнім фронце захлынулася крывёю. У афіцэраў панаваў уздым у сувязі з поспехам генерала
Брусілава на поўдні. Нават прапаршчык Дакука рваўся ў бой. Батальён капітана Залонскага паспяхова атакаваў нямецкія пазіцыі, i мы прасунуліся наперад. Між іншым, яшчэ пад вясну нас перакінулі на другі ўчастак фронту, на поўдзень ад родных маіх мясцін, за Нясвіж, i я не мог больш марыць, што калі-небудзь пераможцам ускочу ў сваю Сакавішчыну, у Ліпуны i вызвалю ад «нямецкіх вандалаў» (о, слоў я нахапаўся!) маці, дзядзьку, бабулю, дзяцей. Увогуле дзіцячыя мары пра подзвігі — каб зрабіць штосьці гераічнае — неяк непрыкметна адступілі; цяпер, як іншыя салдаты, я пачаў думаць пра тое, як бы выжыць у гэтай калатнечы, тольKi салдаты пра гэта разважалі ўголас, а я пакуль што саромеўся — каб не палічылі баязліўцам.
Але наступленне тое акрыліла i мяне. Узброены рэвальверам, ні на крок не адставаў я ад свайго камандзіра, гатовы грудзьмі загарадзіць яго ад кулі i шаблі. I салдаты ў першы дзень ішлі ў атаку дружна, хоць палова ix асталася ляжаць у мяккай высокай траве лагчыны, што раздзяляла нашы i нямецкія пазіцыі i дзе за ўсю вясну не ступілі чалавек ці жывёла.
На трэці дзень контратакавалі немцы i пагналі нас назад, на старыя ўмацаваныя пазіцыі, а пасля — далей. Тады зноў кінулі ў наступленне нас, каб адбіць свае абжытыя акопы. Праз тыдзень такіх баёў з батальёна мала што асталося. Увесь полк адвялі ў тыл на папаўненне. Сярод навабранцаў — бязвусых яшчэ чувашоў i мардвінаў, некаторыя з якіх выглядалі больш дзецьмі, чым я, асабліва тыя, хто дрэнна гаварыў па-руску, i барадатых суровых тамбоўцаў, запасу трэцяй катэгорыі,— апынулася некалькі маскоўскіх рабочых. Яны адразу вылучаліся сваім выглядам, паводзінамі. Пасля я даведаўся, што на фронт ix паслалі на пакаранне за тое, што дрэнна паводзілі сябе на заводзе. «Дрэнна паводзілі» для мяне тады значыла — не хацелі працаваць. А я не любіў гультаёў, таму паставіўся да гэтых людзей падазрона.
Залонскі, прачытаўшы сакрэтны пакет, вылаяўся i сказаў незразумелыя словы:
— Не хапала яшчэ мне выконваць жандарскія абавязкі!
Іван Свірыдавіч пасля вясновай кантузіі атрымаў назначэнне пісарам роты.
Камандзір батальёна i начальнік штаба займалі лепшую ў вёсцы хату: гаспадыня i яе дочкі самі гатавалі, падавалі, мылі посуд, i ў мяне аставалася больш, чым калі, вольнага часу.
Пісары — батальённы, студэнт-добраахвотнік, i першай роты — Іван Свірыдавіч — са сваімі жалезнымі скрынкамі прымасціліся на тым жа падворку ў прасторным свірне» Натуральна, што я круціўся каля ix, начаваў з імі; у свірне — прахалода, зернем i травамі пахла. Таму помню, што Іван Свірыдавіч, пазнаёміўшыся са спісам папаўнення, радасна пацёр рукі.
— Залатыя людзі пачалі прыбываць.
— Хто гэта залаты ў вас? — спытаў студэнт.
— Ды гэтыя — барадачы-тамбоўцы, — адказаў Іван Свірыдавіч.
— Знайшоў золата — дзядоў сівых! Ім лапці на печы плесці, а не ў атаку хадзіць.
А я чамусьці адразу здагадаўся, што Іван Свірыдавіч мае на ўвазе не дзядоў, а — маскоўскіх, заводскіх. Карцела спытаць, чаму яны «залатыя». Але я ўжо ведаў, што ў Галадушкі свой погляд на людзей i на з'явы; калі ён не сказаў праўды батальённаму пісару, то, значыцца, гэта такая тайна, якую не кожнаму можна даверыць. I людзі тыя, відаць, не такія кепскія, як я падумаў пра ix, калі пачуў нездаволенасць афіцэраў: «Усю крамолу да нас».
Адзін з гэтых «крамольнікаў», Павел Кузняцоў, у першы ж дзень стаў вядомы ўсяму батальёну: музыка, песеннік, жартаўнік. Гэткі весялун бестурботны. Усім спадабаўся. Хоць некаторыя старыя салдаты, слухаючы яго прыпеўкі, змрочна бурчалі: «Пабачымо, як ты ў баі запяеш».
Там жа, на адпачынку, капітан Залонскі аднойчы спытаў:
— Жмянькоў, ты любіш мяне?
Збянтэжыўся я.
— Так точна, ваша благародзія.
— Калі мы ўдвух, можаш казаць мне — Усевалад Аляксандравіч.
— Так точна, Севалад Ляксандравіч.
— Ты ведаеш, што камандаваць батальёнам нялёгка?
— Так точна, ваша... Севалад Ляксандравіч!
— Але, брат, нялёгка, асабліва калі баі i асабовы склад мяняецца. Прыходзяць новыя людзі... Я павінен ведаць, што за яны, чым яны жывуць, пра што думаюць. Добры камандзір той, хто ведае сваіх людзей. Тады ён заўжды можа быць справядлівы. Але ў мяне не сто вушэй i не сто вачэй. Ты павінен памагчы мне. Ты часцей бываеш з салдатамі. Расказвай, калі ласка, мне, пра што яны гавораць паміж сабой.
Читать дальше