Пад дзвярамі купэ я пачуў, што паны афіцэры, якія таксама прагульваліся, гавораць пра тое ж — што ўбачылі на вакзале.
— Салдаты разбэшчваюцца ў тыле, пан палкоўнік. На фронце дысцыпліна трымаецца. Блізкасць ворага ўзнімае баявы дух. Я веру ў рускага салдата, — пачуў я словы Залонскага i ўзбадзёрыўся: мой капітан усё-такі лепшы за ўсіх, бо ён заўсёды за салдат.
— Вы аптыміст, Усевалад Аляксандравіч,— адказаў палкоўнік.— А я вам прызнаюся па шчырасці... Я інспекцірую i тылавыя часці i франтавыя. I мне часам робіцца жудасна, што такая маса — мільёны! — мужыкоў атрымала зброю i навучылася нядрэнна страляць. Гэта ж стыхія!
— Стыхію трэба ўмець накіраваць.
— Дарагі капітан, стыхію лёгка накіраваць тады, калі дзейнічае адна сіла, у адным кірунку,— наша сіла. На жаль, гэта не так. Дзейнічаюць розныя сілы. Я вам скажу па сакрэту: у апошні час раскрыты ў часцях арганізацыі сацыял-дэмакратаў, гасудар вымушаны быу зацвердзіць смяротныя прыгаворы. Вы ведаеце, што лідэр самага ваяўнічага крыла рускай сацыял-дэмакратыі — яны называюць сябе бальшавікамі, не ведаю чаму... дык вось, глаўкаверх, кажучы ваеннай мовай, гэтых бальшавікоў Ленін, які знаходзіцца ў Швейцарыі, выступае — за што б вы думалі? — за паражэнне Расіі ў вайне. Вы можаце ўявіць: рускі чалавек выступае за паражэнне! Мне паказвалі яго артыкул. Напісаны, скажу вам, так, што людзей са слабым патрыятычным зарадам можа абяззброіць зусім.
— Не клюне непісьменны рускі мужык на інтэлігенцкую пісаніну.
— Вы — малады чалавек, капітан, але пяты год вы, безумоўна, помніце. Пра гэта мы не павінны забываць. Але я зайздрошчу вашаму аптымізму. Дай божа, каб у нас больш было такіх франтавікоў. А то часам i афіцэры раскісаюць. Вып'ем за ваш аптымізм, Усевалад Аляксандравіч!
Зноў-такі я добра запомніў словы, але, безумоўна, не ўсё зразумеў. Адно здзівіла. Прозвішча ЛЕНІН я чуў разоў колькі з вуснаў Івана Свірыдавіча. Але гаварыў ён пра Леніна як пра свайго настаўніка, які шмат чаму навучыў яго, рабочага, памог разабрацца ў складаным жыцці. Відаць, я не ўсё чуў ці салдат не ўсё пры мне казаў, але зразумеў я менавіта так, што Ленін — яго, Галадушкаў, асабіста знаёмы вучоны чалавек, разумны i добры, які без карысці для сябе перадаваў свае веды простаму рабочаму, як, да прыкладу, дзядзька Ціхан вучыў мяне гаспадарыць ці як вучыць капітан Залонскі армейскай службе ды іншай мудрасці. I раптам ад палкоўніка даведваюся, што Ленін не проста знаёмы Івана Свірыдавіча, што ён галоўны, як бы галоўнакамандуючы нейкай невядомай мне арміі бальшавікоў i што палкоўнік баіцца i гэтай арміі i самога Леніна, хоць i жыве той недзе далёка ў чужой краіне. (Пра Швейцарыю я ад афіцэраў чуў неаднойчы, ведаў, што яна не ваюе i называецца нейтральнай, што яна багатая i прыгожая.)
Нечаканае адкрыццё гэта яшчэ больш пераблытала думкі ў маёй галаве, у якой i без таго была каша. Перайначылася ўсё мае ўяўленне пра Івана Свірыдавіча. Быў проста добры, гаваркі, пісьменны салдат, які шмат ведаў i цікава ўмеў расказачь, за гэта яго любілі іншыя салдаты, i я цягнуўся да яго — свой чалавек, бо які б добры ні быў Залонскі, але ён пан, з ім ніколі мне не быць роўным. A такім, як Галадушка,— рабочым — я таксама магу стаць, абы захацеў ды не ленаваўся. А тут раптам, пасля таго, што пачуў я ад палкоўніка, Іван Свірыдавіч ператварыўся ў маім уяўленні ў нейкую загадкавую таямнічую асобу, Калі ён ведае Леніна i вучыўся ў яго, як казаў (а на хлуса ён не падобны), то, напэўна, i сам ён бальшавік.
Мяне разрывала ад цікаўнасці даведацца, што гэта за людзі — бальшавікі. Але ў каго спытаеш у вагоне? Па тым, як гаварылі паны афіцэры, я добра ўцяміў: у ix пра гэта не запытаеш, тым больш, што пачуў я ix размову за дзвярамі — нібы падслухоўваючы. Значыцца, прыйдзецца чакаць, пакуль вернемся ў батальён, бо спытаць можна толькі ў Івана Свірыдавіча,— адзін ён растлумачыць папраўдзе. Але i ён як бы аддаліўся ад мяне ў сваю таямнічасць: спалохала думка, што калі Ленін, настаўнік яго, хоча паражэння Расіі ў вайне, то Іван Свірыдавіч таксама хоча гэтага i робіць нешта такое, каб немцы перамаглі наш батальён, полк, армію. Але Іван Свірыдавіч i здрада — ніяк не сумяшчаліся. Хіба кінуўся б такі салдат першы ў атаку, як кінуўся Галадушка, калі немцы атакавалі нашы пазіцыі? Узводны Дакука лічыць Галадушку лепшым салдатам i хадайнічаў колькі разоў, каб прысвоіць яму унтэрафіцэрскае званне, даць аддзяленне. Здзіўляўся ўзводны, здзіўляліся я i салдаты, што прадстаўленне яго не ідзе далей штаба палка. Няўжо Залонскі, такі разумны, адукаваны, не хоча мець разумнага унтэр-афіцэра? Ці можа ў штабе ведаюць пра Івана Свірыдавіча нешта такое, чаго не ведае Дакука, не ведаю я?
Читать дальше