АД ПЕРАКОСУ i ДА ПЕРАКОСУ [ 36 36 На «круглым стале» часопіса «Литературное обозрение».
]
Здаецца, яшчэ зусім нядаўна наша крытыка вельмі прыкметна i настойліва галерную ролю ў літаратуры ваеннай-антываеннай адводзіла прозе дакументальнай. Цяпер, яшчэ больш прыкметна, з дружным націскам гаворыцца пра «палітычны раман» як галоўную зброю ў справе літаратурнай барацьбы за мір. Да таго ж — пра раман, толькі пра яго, пра «палітычную аповесць», тым больш пра «палітычнае апавяданне» не гаворыцца.
I вось раманы гэтыя паспешліва пішуцца, легка i шчодра выдаюцца, пахвальна рэцэнзуюцца ледзь не па карэктурных гранках. Некаторыя спрытныя аўтары такіх раманаў i радаслоўную гэтага, так сказаць, панацэйнага жанру самі, з зайздроснай раскаванасцю выводзяць ад самога Гамера, па дарозе падключаюць у той рад Талстога, Стэндаля, яшчэ каго-небудзь з вечнасці, а затым, таксама па асабістым выбары, пераходзяць да некаторых сучаснікаў...
Чытаеш, слухаеш такое, i ўспамінаецца высокае: «служенье муз не терпит суеты». А як жа з гэтым быць? Няўжо гэта абавязкова не для ўсіх, не ў любым часе?..
Мне думалася, што я першы за нашым «круглым сталом» назаву слаўнае імя Міхаіла Прышвіна. Уладзімір Піскуноў i Віктар Каваленка апярэдзілі мяне, кожны па-свойму назваўшы i Прышвіна своеасаблівым змагаром за мір. А мы, хто старэйшы, памятаем жа тое пасляваеннае, што ішло ад самага верху, пытанне: «А вы, товарищ Пришвин, все о собачках?..»
Пра сабачак, яшчэ менш — пра сабачку i ў нашы дні напісана кніга, што не так сабе прысвечана светлай памяці Аляксандра Твардоўскага. Я гавару пра аповесць Гаўрыіла Траяпольскага «Белы Бім Чорнае Вуха». Толькі зрэдку, між іншым, прамільгне ў друку скупая нататка пра тое, колькі выданняў гэтая невялікая па лістажы аповесць вытрымала за мяжою, якою прэміяй зноў жа адзначаны яе аўтар. А гэта ж, калі па-сапраўднаму, вялікая кніга пра чалавечнасць, яна настолькі сучасная, сугучная трывозе i надзеям усіх людзей Зямлі, настолькі агульналюдская ў самым высокім значэнні гэтага слова, што невыпадкова яна, можна сказаць, трыумфальна ідзе па ўсім свеце без лішняга шоламу, робячы сваю вялікую справу яднання людзей добрай волі, цудоўна дапамагаючы найважнейшаму з важнага — нашай барацьбе за мір.
Слухаючы выступленні, я ўспамінаў Талстога — вялікі прыклад ягонай творчасці, у якім — калі ўзяць толькі апошнія гады Льва Мікалаевіча,— выдатна сужываліся на адным рабочым стале i палымяны памфлет «Не магу маўчаць», i непераўзыдзены сплаў дакументальнага i мастацкага — аповесць «ХаджыМурат», i абаяльнае сваёй празрыстасцю, сонечнай прастатой апавяданне пра ўрачыста-пераможную красу прыроды, пра вечную мудрасць маленства — «Ягады»...
Хто там будзе адмаўляць значэнне дакументальнай прозы, публіцыстыкі! Вось ужо шмат гадоў я жыва памятаю высокі душэўны настрой, з якім быў i мной успрыняты ромаўскі «Звычайны фашызм»; i я з радасным адчуваннем жыццёвай праўды зачытваўся лепшымі старонкамі дакументальнай прозы пра вайну; як беларус i я ганаруся нашым укладам у гэтую вялікую тэму, шчаслівы сваім пасільным удзелам у працы маіх сяброў. Мне толькі прыкра бачыць шараханне ад моды да моды, ад перакосу да перакосу, непатрэбнае шкоднае захвальванне адных, замоўчванне другіх, усялякую закулісную тузаніну, у той час — вялікі i трывожны час! — калі ўсе нашы намаганні павінны быць накіраванымі на галоўнае, на адно. I гэта галоўнае ўсе мы абавязкова павінны рабіць таленавіта, сумленна i, па магчымасці, сціплей.
1985
ЗАЛЕЖЫЦЬ I АД НАС [ 37 37 На пленуме Саюза беларускіх пісьменнікаў.
]
Пачну з таго, што i я, дарагія сябры, усёй душою з тымі, хто не траціць надзеі на перамогу ленінскіх нормаў у справе нацыянальнай палітыкі, хто верыць, што гэта вельмі патрэбна i неадменна. Як ні прыкра бывае часам i з прыступамі духоўнай стомленасці, нават нейкага песімізму, пасля чаго зноў верыцца, хочацца працаваць, адчуваеш сябе дома, у родным народзе, самім сабой у нашай вялікай савецкай сям'і. Тады ў адказ на беспадстаўны давер, няслушныя падазрэнні, здзекліва-пошлыя кепікі i халоднае мудрагельства палітыканаў хочацца сказаць: Не, не трэба лішне баяцца, што наша любоў да рускага слова, рускай літаратуры, рускага народа можа паменшаць або пахіснуцца ад таго, што мы любім i сваё, роднае — слова, літаратуру, песню, мінулае i сучаснасць. Шуканне ў сённяшняй Беларусі, у тым ліку i ў нашым літаратурным асяроддзі, нейкага нацыяналізму — гэта мне асабіста бачыцца, адчуваецца мною то горка-смешным, то крыўднанесправядлівым. Мы не гэтага заслужылі.
Читать дальше