Над старонкамі нашых пісьмаў думалася:
Не, не мне ж самому пісаць пра ўсё тое добрае, што ў яго пісьмах сказана пра мяне, маю працу!
Дадам: а што ж рабіць, калі тое добрае здаецца табе не проста справядлівым, але ж, магчыма, патрэбным для кагосьці іншага, хто прачытае гэта са шчырасцю, блізкай да тое, з якою ты прапануеш наша ягонай увазе.
Тут будзе пісьмо Уладзіміра Андрэевіча ад 2 студзеня 1966 года, у адказ на мае, якое ў яго багатым архіве пакуль што не знойдзена. Там я пісаў яму, што рыхтую прапанаваны мне выдавецтвам чатырохтомны збор твораў, падзяліўся з сябрам гэтым клопатам.
«...Тваё пісьмо мяне ўзрушыла i ўсхвалявала той глыбінёй i святасцю адносін да літаратурнай справы, якая ў наш час, на жаль, не ўсюды i не заўсёды сустракаецца. Вульгарызатары вельмі шмат нарабілі зла, унушыўшы пасрэдным рамеснікам погляд, быццам літаратура i ёсць рамяство, сутнасць якога заключаецца ў лоўкасці пераказу агульнавядомых палажэнняў сацыялогіі на мову наглядных вобразаў. Гэты погляд i зручны, i выгадны для людзей, якія робяць творы «без божества, без вдохновенья», бо ён аблягчае ім занятак i заробак, a галоўнае — ураўнівае пасрэднасць з талентам, рамяство з творчасцю. I ніколі гэтая катэгорыя літаратараў не адступіцца ад мілых іхняму сэрцу прынцыпаў. Барацьба за сапраўднае мастацтва заўсёды была i будзе барацьбой супраць рамяства, якое заўсёды гатова на канТонктурныя «подзвігі». Гэта горкая праўда, але ад яе няма куды дзецца. Такое жыццё. Мне думаецца, у гэтай сітуацыі трэба асцерагацца лішняй уражлівасці, хваравітасці, а старацца весці барацьбу сістэматычна i з такім напружаннем сіл душы, якога вымагаюць абставіны, каб не растрачваць пачуццяў па-дурному. Варта ўлічваць i тую акалічнасць, што такія Карпавы маюць моцныя нервы i самыя сур'ёзныя адносіны да ix тактыкі — гэта іронія. Іронія, на мой погляд, якраз найлепшая зброя, бо яна наносіць удар праціўніку i зберагае агонь душы, псіхічную энергію, якая ў адрозненне ад фізічнай затрачваецца беззваротна.
Я разумею, што Ты перажываеш вельмі адказны этап жыцця i творчасці, падводзячы вынікі здабыткаў напярэдадні пяцідзесяцігоддзя. Шчыра дзякую Табе за давер i жаданне параіцца пры складанні чатырохтомніка выбраных твораў. Мне здаецца, Ты паступіў правільна, падбіраючы творы па прынцыпу найбольшай шчырасці i эмацыянальнасці нагрэву. Адчуваецца еднасць стылю ў шырокім сэнсе гэтага слова — стылю адносін аўтара да жыцця i адбору пэўнага тыпу чалавечых характараў, адлюстраваных у творах...
Адносна «Забалоцця» можна згадзіцца, што там ёсць пэўны налёт ілюстрацыйнасці i тэндэнцыя адбору блікаў, а не ценяў, што прывяло да паслаблення канфліктнасці, a віны тут Тваёй няма, бо сам дух жыцця таго лерыяду праяўляўся ў затушоўванні канфліктаў. Канфлікты заганяліся кудысьці ўглыбіню, г. зн., што самыя людзі баяліся ў тую пару быць шчырымі, асабліва ў афіцыйнай абстаноўцы. З другога боку, Ты браў жыццёвы матэрыял у раёне не зусім, можа, тыповым,— сілы, якія маглі б абвастрыць сацыяльны канфлікт, былі зломаны ў нас у час партызанскага руху, i гэта абумовіла адносна лёгкі пераход да калектывізацыі. Так што для раёнаў, дзе ідэі савецкай улады мелі багатыя традыцыі, Твая рэч застаецца праўдзівым адлюстраваннем жыцця. Вобразы, створаныя ў гэтай аповесці, пластычныя i запамінальныя. Па мастацкіх i ідэйных вартасцях яе можна было б уключыць. Толькі, можа, сапраўды распаўсюджанасць папярэдніх выданняў гэтай рэчы створыць такое ўражанне ў пакупніка, што гэта свайго роду «дагрузка».
Я хацеў бы параіць Табе ўсё ж заказаць прадмову ці ў Сашы, ці ў Каваленкі, бо Твае аўтабіяграфічныя нататкі не могуць замяніць прадмовы. Ты спасылаешся там на манаграфіі i г. д., але ж, наколькі я ведаю Тваю думку пра гэтыя працы, яны не раскрываюць у поўную меру Твайго пісьменніцкага аблічча. А падругое, не кожны чытач будзе мець мажлівасць i ахвоту чытаць манаграфіі. Яму захочацца проста даведацца, якое месца займаеш Ты як пісьменнік у сучаснай савецкай літаратуры, i параўнаць свае ўражанні i ацэнкі ад прачытаных твораў з ацэнкамі крытыка-прафесіянала. Так што ўступны артыкул абавязкова патрэбны, ён дапаможа фарміраванню больш дакладнага i граматнага пагляду на Тваю творчасць у чытача i будзе спрыяць агульнаму росту чытальніцкай культуры...»
Уздыхнем, падумаўшы: быў жа час, не ваенны, a мірны, калі на адным тыдні, адпісаўшы сябру, можна было атрымаць i ягоны адказ.
Гэта я пра другое пісьмо, ад 8 студзеня 1966-га, вакол той самай справы.
Читать дальше