Помніцца ca жніўня семдзесят пятага.
* * *
Сюжэт:
Зайшла да яго сама. А ён цяпер, праз пятнаццаць гадоў, успамінае, думае, чаму ж не пасадзіў яе на шырокім падваконні вялізнага санаторнага акна,— каб ім зручней было глядзець з сёмага паверха на прыцярушаныя беллю верхавіны соснаў i снежную пену прыбою на марскім беразе, каб зручней было пачаць там іхняе шчасце — з пацалункаў...
Ён гэтага не зрабіў, каб быць вышэй, адпаведней свайму паважанаму ўзросту. І вось успамінае з безнадзейным шкадаваннем.
Хоць, можа, i яшчэ раз зрабіў бы таксама.
* * *
Васіль Казачэнка, здаецца, нават пісаў пра гэта, а што расказваў у кіеўскай ці маскоўскай кампаніі, дык гэта ўжо мне памятаецца добра. Як у пяцьдзесят сёмым годзе, калі ён з жонкай гасцяваў у нас на Нарачы, мы вярталіся вясёлай грамадой з возера ў Купу, а насустрач нам — вясковы статак, на пашу. Маладая карова раптам кінулася на мяне, а я, на шчасце, удала хапіў яе за рогі. Патрымаў, так крутануў, што яна аж мукнула і, выпушчаная з рук, нават адбеглася.
«Приятно вспомнить молодость»,— сказаў пасля доўгай, трывожнай паўзы таварыш Сталін, калі закончыўся прагляд фільма «Незабываемый девятнадцатый», у якім яго — штосьці незадоўга да канца — паказалі народу на падножцы бронецягніка, з шаблюкай i «міт а шпорэс»...
* * *
Песні Высоцкага на выбар слухаліся лепш, чым чыталіся ў кнізе, спачатку нават у самвыдацкай недазволенасці. Успомнілася, як у партызанскім лесе, куды ў апошнія месяцы акупацыі газеты з Масквы траплялі на пяты-шосты дзень, фельетоны Эрэнбурга мы чыталі з жывой цікавасцю, а потым, у Мінску, купіў я кнігу з імi, i вельмі хутка яны апрыкралі сваёю аднастайнасцю. Адзін «отставной козы барабанщик» паўтараўся бясконца, як i іншыя банальнасці славутага вастраслова.
* * *
Беднасць наша, кволы пачатак, калі i пераклад апавядання Гаршына «Сігнал» строга ўлічваецца гісторыяй літаратуры.
* * *
У «Хаджы-Мураце» Мікалай Першы ўспамінае плечы Нялідавай, а айцец Сергій у аднайменнай аповесці — плечы ўдавы, з якою жыў да сватаўства i манаства.
Дались ему эти плечи!..— скажам пра паважанага, вельмі патрабавальнага аўтара.
* * *
Можа, гэта таксама тэма — блакноты з адрасамі, тэлефонамі, прозвішчамі, заданнямі для самога сябе, падлікамі заробленага, спісамі падораных табою кніг?.. Элегічна расшыфроўваць сёе-тое, з вобразамі людзей, значнейшымі сустрэчамі, знаёмствамі, разрывам!. Як дапаможнік да фрагментаў перажытага, успамінаў...
* * *
Сякера пад лаўкай! — Скарупкаў двухтомны «Słownik frazeologiczny», які так доўга чакаў маёй пільнейшай увагі. Гартаю першы том, спыняючыся на больш цікавым.
I падумалася, што таксама, як камусьці будзе шкада назаўсёды расставацца з прыродай, музыкай, кнігамі, так другому з багаццем роднага слова...
Тут мова — чужая, а адчуванне ў мяне — як свая. Настолькі ведаю яе, зжыўшыся з ёю за семдзесят гадоў, пачаўшы з elementarza.
A колькі ў нашых фальклорах блізкага! Скажам, такое: «Bieda w zagrodzie, gdzie krowa wołu bodzie», пра што ў маім Загоры гаварылася так: «На чорта тая дамова, дзе вала бадзе карова». I пагарда тая самая ў кароў да валоў, як быццам гэта яны самі вінаваты ў тым, што не быкі. Або такое: «Dogadza jej, jak ksiądz Magdusi». I прыклад: зімой айцец пробашч загадваў ёй хадзіць басанож, а на лета купіў чаравікі. Змалку памятаю іншае, загорскае растлумачэнне. Ксёндз пробашч памірае, a ахмістрыня Магдуся абвязала яму, як на паратунак, горла хусткай з цёртым цёплым макам. I пытаюцца тыя, што сабраліся каля ложка, каму ж айцец адпісвае сваё дабро. А ён толькі з прыплачам: «Мак дусі!.. Мак ду-сі-і!..» I выйшла пры сведках, што ён, пры светлым розуме, усё пакідае Магдзе. Было ў мяне i іншае, скарамнейшае растлумачэнне. Калі наш здаравенны чырвоны певень пераможна саскочыў з курыцы, сусед, што быў якраз на нашым дварэ, пануры дзядзька Ёсіп, сказаў майму бацьку пры мне, шасцігадовым смаркачу, яшчэ ўсё нявопытна гарадскім: «Во дагадзіў, як ксёндз Магдусі!..»
Блізкае ў мовах, у народнай творчасці — не для таго каб тузацца ды папракаць адны адных сваёй вышэйшасцю, а каб думаць пра нармальную суседскую роднасць дзвюх славянскіх моў.
Двойчы было зайздросна:
Біблейскае «плач и скрежет зубовный» палякі, пры ўсёй сваёй ультра катал i цкай набожнасці, з народным перцам дапаўняюць так: «Płacz, zgrzytanie zębów i tarcie dupą o podłogę».
Гэтага ў пана Станіслава Скарупкі чамусьці няма, памятаю з пачутага ў войску.
«Gdzie Rzym, gdzie Krym» ідзе ў яго як польскае. A ўкраінцы дадалі канчатак: «а де попова грэчка» — i загучала па-іншаму. Народныя папраўкі.
Читать дальше