Смяюся ўвечары, успамінаючы, як я ў саракавых пісаў Васільку: «Если ты не хочешь, чтобы козлиное горло твое было залеплено горячей кутьей...» Так пачынаецца пісьмо, у якім я прасіў штосьці абавязкова i неадкладна прыслаць, у яго ж інтарэсах. Гэта — гогалеўскае, з «Вечера накануне Ивана Купалы» (толькi што зверыў), а то ў нас з Міхасём i царкоўнай мовы было для гумару шмат, што пачалося з палону i працягвалася пры сустрэчах. Рыхтуючы свой першы савецкі зборнік, ён даўгавата жыў у мяне, мы нямала смяяліся. Было крыху такога i ў пісьмах.
Сур'ёзныя пісьмы Вісарыёну Гарбуку, i нямала ix, i неяк прыемна, што з Мінска яны пабывалі ў яго Пяцігорску i вярнуліся адтуль, каб застацца памяццю пра нашу завочную дружбу.
* * *
Званіла дачка Колі Бразоўскага, хоць праз пару месяцаў пасля яго смерці, i гаварыла, між іншым, што ён прасіўся ў бальніцу, а яму нельга было сказаць, што браць яго туды лічаць ужо дарэмным, i крыўдзіўся на родных, гаварыў: «Пазваніце Івану, ён мяне паложыць!..»
У нейкай сувязі з гэтым адчуваннем чалавечай ды партызанскай блізкасці згадаю, як на з'ездзе ТБМ сімпатычная маладзічка, зусім незнаемая, расказала, што, калі яна была малая, я начаваў у іхняй хаце, спаў на іхняй канапе. Аказалася, яна з тых Казлоў на Нясвіжчыне, дзе мы — Лойка, Аўрамчык, Барадулін i я — выступалі ў школе. А было гэта, боская моц, у маі 1966 года. Бацька тае дзяўчынкі, свядомы педагог, яшчэ жывы-здаровы, i я папрасіў перадаць яму прывітанне, забыўшыся спытаць, хто яна цяпер, дзе, кім працуе,— тая ціхая дзяўчынка.
* * *
Калі мы, трупа пісьменнікаў, што прыехалі ў Горкі на юбілей Максіма Гарэцкага, стаялі ў холе гасцініцы, чакаючы, пакуль нас паселяць, i ажыўлена гаманілі на роднай мове, нейкі «муж средних лет» паруску нягучна спытаўся ў мяне, найбліжэйшага, адкуль мы. A пачуўшы, сказаў:
— И у нас, в Бобруйске, такие есть.
Не літаратары, як мы, пра што я не сказаў, a іменна такие. Нібы дзівакі.
* * *
У выступленні на саракагоддзі «Маладосці» Алесь Асіпенка нечакана расказаў, як у лютым 1953-га Машэраў хацеў паставіць мяне рэдактарам гэтага часопіса. Гаварылася тады: ён не ведаў, што я беспартыйны. Алесь, рэдактар «Чырвонай змены», член бюро ЦК камсамола, «ведаў нямала закуліснага» (словы ягоныя) i сказаў, што гэта Патолічаў выказаў недаўменне: камсамольскі часопіс i беспартыйны галоўны рэдактар?..
Прыемна было мне чамусьці ад гэтага Алесевага расказу, а таксама i ад той дэталі, пра якую я зусім забыўся. Як Машэрава папракнулі зверху за тое, што работнікі абодвух ЦК прыходзяць на працу ў дзевяць гадзін, а наша рэдакцыя, ды ў новым доме ЦК камсамола, у дванаццаць. Пётр Міронавіч выклікаў нас на гутарку па гэтай прычыне, а я там прыгадаў вайсковае, капральскае: «Можаце ботаў не чысціць, абы толькі яны блішчэлі!» Ён засмяяўся, i на гэтым справа закончылася.
I такое яшчэ. Пакуль дайшло да Аляксея Кулакоўскага, быў намер паставіць на «Маладосць» універсала Паўла Кавалёва, нават па сумяшчальніцтву, бо ён жа сакратарыў у Саюзе пісьменнікаў. Калі, пасля асечкі з маім рэдактарствам, я быў зноў запрошаны да Машэрава, там былі Асіпенка i Кавалёў. Павел Нічыпаравіч па-сталінску ды панамарэнкаўску пакурваў ці так пасмоктваў люлечку i шматзначна ўсміхаўся. Стаць адказным сакратаром рэдакцыі я адмовіўся, згаджаўся толькі на загадчыка літаратурнага аддзела, а прыязна, па-свойску ўсмешлівы партызанскі Герой, камсамольскі важак ветліва муліўся, што «менш як другое месца ў рэдакцыі прапанаваць вам нязручна». Крыху пазней была зроблена такая камбінацыя: загадчык літаратурнага аддзела быў адначасна i намеснікам галоўнага. А мне прыемна згадваецца i такое, як я, гледзячы на адказную люлечку, спытаўся ў Машэрава: «Што — кіраваць ужо ёсць каму, а працаваць — няма?..» Ён, Пётр Міронавіч, i тут пасвойску засмяяўся.
* * *
Раптам жыва i сцішнавата ўявілася леташняе. Па залітым слякотным сонцам маскоўскім тратуары мы ішлі ўтраіх — Алёша Карпюк, яго заўсёды разважлівая, з добрай усмешкай Іна Анатольеўна i я. Каля сцяны аднаго з дамоў, у цяньку сядзеў з баянам ці паўнапраўны жабрак, ці нейкі, як палякі кажуць, zarobkiewicz [ 1 1 Чалавек, які толькі й думае, як бы найбольш зарабіць.
]. Насустрач нам ён рэзнуў полечку. I тут Алёша — худы пасля асенняй аперацьй, небывала раней маўклівы, у светла-шэрым касцюме i белай шапцы — раптам... затанцаваў!.. Яшчэ зводдаль ад баяніста. За паўтара месяца, як потым аказалася, да смерці... А далей, ужо ўсміхнуўшыся, пайшоў побач ca мною, зноў амаль не прымаючы ўдзелу ў размове.
Читать дальше