* * *
Прачытаў дзённік Варлена Бечыка. I сум, i святло ад яшчэ аднаго сутыкнення з чыстай душой таленавітага пакутніка, i ўдзячная радасць ад таго, што ў гэтай душы бываў сяды-тады i я.
Маці Варленава, выкладчыца Кароткая, якую толькі чуў разоў колькі па тэлефоне, а выгляду не ўяўляю, перадала мне ягоную кнігу «Радкі i жыццё» па дзіўнай сціпласці без надпісу. Пазваніў ёй учора, яшчэ раз сказаўшы паважанай Ларысе Лявонцьеўне пра яе святога хлопца...
* * *
Перад сном слухаў Варшаву. Дваюрадны брат Марака Гласкі хораша расказваў i пра свае пакуты ў савецкай ссылцы (сям'я асадніка), i пра Марака-пісьменніка, пра іхнюю дружбу. А на мяне, як ніколі раней,— так жа часта здаецца,— напала сумота ад раз'яднанасці з сябрамі ў Польшчы, на Украіне, у Расіі, у Прыбалтыцы...
Неяк Гілевіч пасля песні ў застоллі сам пачаў пра тое ж,— як балюча паменшала ў яго балгарскіх сяброў. А яму ж на чатырнаццаць гадоў менш, чым мне.
Да ўсіх бедаў нашага ліхалецця — яшчэ i гэтая міжнародная раз'яднанасць!..
* * *
Даў Вялюгіну прачытаць рукапіс «Сваіх старонак» i «Вячэрняга»,— так захацелася талковага позірку збоку. Бо ў рэдакцыі, хутчэй за ўсё, нічога не скажуць. I ўзрост, i пэўны аўтарытэт,— ад гэтага i самотнасць, зусім шчырага слова не пачуеш, як быццам яно табе не патрэбна.
...Пазней, ужо тэлефонна пачуўшы пра ягонае ўражанне ад прачытанага, выказаў сваё сумненне па адным запісе. Анатоль змахнуў яго, сказаўшы, што гэта ў кожнага з нас «за пазухай чырвоны рэдактарскі аловак».
Дадам: як запазушны камень — супраць належнай літаратуры?..
* * *
Шамякін здзівіўся, што я — за Ельцына, як пэўную апору рускай, а з гэтым i нашай дэмакратыі, пачаў бэштаць яго i ягоных, а я, засмяяўшыся, нагадаў яму размову Сталіна ці не ca Стаўскім, які скардзіўся правадыру на пісьменнікаў i пачуў адказ: «А где я возьму тебе других писателей?»
— Таксама, Ваня,— сказаў я,— дзе ж я табе вазьму другога Сталіна?
* * *
Каляровае фота сусветна мілых дзетак, дзяўчынка i два мальцы, i іхняя мамуся, паглядная кашубка з вялікімі блакітнымі вачыма. Расказваючы пра яе, мой малады польскі госць, сын майго даўняга сябра, сказаў, між іншым, як яна, ягоная Гражына, вярнуўшыся ca споведзі, паведамляла яму ў ціхай радасці пра палёгку вызвалення ад грахоў, пра сваё абнаўленне.
Я сказаў яму, што як wolnomyśliciel (якое добрае слова!) не маю такое магчымасці вызвалення ад грахоў, асуджаны пакугаваць ад ix у самоце.
* * *
«Входите узкими вратами» Рыгора Бакланава. Удзячна прачытаў. Знайшоў у шафе «афтографных» кніг ягоную «Пядь земли». «Милому... с давней любовью, с надеждой, что мы будем дружить. 3.Х.71 г.» Гэта — пасля нашага знаёмства ў Дубултах. Чытаючы цяпер яго жывы, таленавіты расказ пра перажытае пісьменнікам i рэдактарам «Знамени», падумваў нават, што можна было i напісаць яму, аднак неўзабаве пахаладзеў: яшчэ адзін камень у ваду?.. А на сустрэчу сёння разлічваць цяжка. Пагаварыць было б, здаецца, лепш.
Во раз'яднанасць!..
* * *
Продкі маліліся, пакланяліся Сонцу. A ці не найлепшы гэта быў Бог — найчысцейшы i найцяплейшы?..
Не дасужая думка ў мяне, а такое было днямі адчуванне перад тэлеэкранам, на якім прыгожа, велічна Я но заходзіла.
* * *
Ад беспрацоўя зранку ўзяўся за Барыса Мікуліча, «Аповесць пра сябе», беларускі перыяд. Як быццам я гэтага не чытаў, спачатку ў рукапісе, потым у «Немане». I не таму толькі, што захацелася прыемнасці, якую адчуў калісьці ад той старонкі, дзе ён гаворыць пра мяне,— зачытаўся, i вось, пасля гадзіннай паўзы, сумна ад гэтага перачытвання. Хоць i ведаю сам, i з Адамовічам у свой час, калі ў гросбуху чыталі, i з Вялюгіным сёння гаварылі пра тое, што вось чалавеку не далі пісаць мастацкай прозы, прымусілі пакутаваць з-за гэтага, а ён пра пакуты свае напісаў, i гэта — найлепшае з усяго, напісанага ім.
* * *
Дапісаў патрэбнае да ранейшага запісу, загарнуў сшытак, палажыў у шуфляду i нават уголас сказаў сам сабе: «Ziarnko do ziarnka i zrobi się miarka» [ 2 2 Зярнятка да зярнятка i збярэцца мерка.
]. Пра тое, што дапісаў.
Калі i будзе ў маім запісванні трохі графаманіі, дык што ж — ад гэтага ж не ўсюды, не заўсёды ўсцеражэшся.
* * *
Пачуў, што цыбаты развязны лахмей, рэдагуючы ў маладзёжнай газеце нейкі матэрыял, закрэсліў у сказе словы «вялікія рускія пісьменнікі» i паставіў: «рускія белетрысты» — Талстой i Дастаеўскі... A другі, крыху здальнейшы, прыкметнейшы, сказаў, выступаючы: «Трэба нам вызваляцца ад гэтых барадатых класікаў!»
А сабе эпітэтаў не шкадуюць. Трэці з гэтай змены, можа, найбольш туманны, у надрукаванай аўтабіяграфічнай даведцы ўжо не толькі паэт, але i філосаф. Сам пра сябе.
Читать дальше