М. Я р у г і н. Матэматызацыя паэзіі — ідэя, можа быць, найбольш фантастычная і неразумная: настолькі складаная псіхіка чалавека ў той сваёй частцы, якая нараджае паэзію, мастацтва.
А. В я р ц і н с к і. Вы маеце рацыю. Але тым не менш ідэя гэта, дакладней кажучы, ідэя штучнага розуму, штучнага інтэлекту даволі актыўна дэбатуецца ў друку. Толькі ў апошні час трапіліся мне на вочы два інтэрв’ю на гэтую тэму з вядомымі вучонымі — з М. М. Амосавым і В. М. Глушковым. І логіка разважанняў, напрыклад, апошняга з іх, акадэміка Глушкова, такая: не існуе працэсу перапрацоўкі інфармацыі, які б не мог быць узноўлены ЭВМ. А паколькі любая, без выключэння, творчасць урэшце таксама перапрацоўка інфармацыі, то… Вывад тут як тут.
М. Я р у г і н. Бачыце, можна прыняць гіпотэзу, што ўдасца стварыць машыну і навучыць яе пісаць так, як пісаў Пушкін. Але, папершае, для гэтага спатрэбіцца вялікая праца. Падругое, прыйдзецца амаль нанова гэтую працу перарабіць, калі спатрэбіцца навучыць гэту машыну пісаць так, як пісалі Ясенін ці Купала.
А. В я р ц і н с к і. А па-трэцяе, можа ўзнікнуць пытанне: паколькі Пушкін і Купала ўжо ёсць у прыродзе, паколькі яны ўжо існуюць у, так сказаць, натуральным выглядзе, дык навошта іх узнаўляць штучна, навошта іх капіраваць?
М. Я р у г і н. І так у кожным асобным выпадку. Дапусцім, што мы навучылі машыну абыгрываць у шахматы чэмпіёнаў свету. Мы далёкія ад такой думкі, але дапусцім. Варта, аднак, хаця б ледзь-ледзь змяніць правілы гульні ці ўвесці замест адной-дзвюх пешак другія фігуры, як машына пачне адразу прайграваць. Але ж у кожнага паэта свае «правілы гульні». Кожны з іх адчувае і бачыць свет па-свойму. І тут машынам не ўгнацца. Я думаю, што лепш пакінуць паэзію паэтам, а машынам даручыць другія, пасільныя для іх, задачы.
А. В я р ц і н с к і. Шчыра прызнацца, дык «здань» электроннага калегімяне асабіста не вельмі і палохае. Размова пра яго зайшла ў палемічным запале. І калі ўжо гаварыць пра гэтую самую «матэматызацыю», дык існуе больш рэальны аспект праблемы… Вы, напэўна, чыталі і памятаеце выступленне ў «Литературной газете» пісьменніка Я. Богата2, яго нарыс «Урок»? Ведаю, што такія матэрыялы Вы без увагі не прапускаеце.
М. Я р у г і н. Артыкул Богата я чытаў і лічу, што пытанне ставіцца правільна.
А. В я р ц і н с к і. І сапраўды, дзеці жывуць у тыпова сучасным горадзе, жывуць ва ўмовах дасягненняў навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, з першага класа авалодваюць матэматычнымі катэгорыямі, элементамі алгебры, і ў той жа час…
М. Я р у г і н. І ў той час ім востра не хапае для ўсебаковага развіцця вітаміну «М» — маральнасці?
А. В я р ц і н с к і. Так, гутарка ідзе менавіта аб гэтым, аб вітаміне «М». Можна назваць яго і другой літарай — «Д» (духоўнасць). Дзіўная рэч. Калі мы гаворым аб акселерацыі, аб паскораным развіцці дзяцей, аб іх вялікіх інтэлектуальнапсіхічных магчымасцях, то, як правіла, чамусьці зводзім гэтыя магчымасці да здольнасці малалетніх грамадзян авалодваць ведамі і перш за ўсё ведамі матэматычнымі. І чамусьці ўпускаем з поля зроку іншае — прыроджаную, натуральную гатоўнасць (і псіхічна-разумовую, і эмацыянальную, і г. д.) тых жа дзяцей авалодваць азамі маралі, жыццёвай мудрасці, чалавечнасці. І, можа быць, ігнараванне такой гатоўнасці ў нашай жыццёвай і школьна-педагагічнай практыцы і з’яўляецца адной з галоўных прычын той сітуацыі, якая апісваецца ў нарысе Богата.
М. Я р у г і н. Прызнаюся, што я таксама крыху скептычна гляджу на залішняе захапленне матэматычным ухілам у навучанні. Бетховен, калі яму трэба было падлічыць ганарар за дваццаць адзін канцэрт, спрабаваў гэта рабіць шляхам складання. Множыць ён не ўмеў і з глыбокай пашанай глядзеў на людзей, якім гэта было пад сілу. Тым не менш ён заставаўся Бетховенам… Гэта з аднаго боку. З другога — у навучанні і выхаванні патрэбен і яшчэ адзін вельмі важны вітамін «Л» — любоў. Без любові і павагі не выхаваеш чалавека ў духу любові і павагі да другога чалавека.
А. В я р ц і н с к і. Доктар Спок3 заўважыў, што нават адна з прычын крадзяжу ў дзяцей — у недахопе любові і ўвагі да іх.
М. Я р у г і н. Вельмі сумная ісціна… Я б дапоўніў яе так: не ў меншай меры любоў да дзяцей патрэбна і нам, дарослым. Я часам гавару: «Хочаце быць здаровымі — любіце дзяцей!»
А. В я р ц і н с к і. Гутарка ідзе, натуральна, пра здароўе ў шырокім сэнсе слова? Правільна я Вас зразумеў?
М. Я р у г і н. Правільна. Маецца на ўвазе ўвесь комплекс «вітамінаў», якія мы называлі.
А. В я р ц і н с к і. І тут нямала залежыць ад літаратуры, ад яе здольнасці ўплываць на маральна-духоўны тонус чалавека і грамадства.
Читать дальше