Здорава гэта — у Рыльке:
Шчасце — ўсвядоміць, што невыказнасць
па-за мовамі ўсімі жыве,
што ў адчувальную нашу яснасць
веліч адтуль плыве.
...Дзіўна яно выходзіць у нашага брата (а можа, не толькі ў нас, літаратараў),— думаў: як жа мне запісаць пра ўчарашняе, як падступіцца да таго настрою, а потым — «дробязь такая» — спыніўся ў Васіля на чарговым, рэдкім у яго, русізме: «затачае», узяў блакнот, кінуў туды як быццам толькі прафесійны запіс — пра пошукі роднага слова, і захацелася пісаць пра большае, важнейшае, галоўнае.
Перад трагічнай веліччу таго, што можа пачацца, зноў жа думаў, што ёсць у мяне і лішне злосныя, а то і несправядліва злосныя запісы пра паасобных людзей і гэта дзе проста дрэнна, а дзе і вельмі. Калі не толькі для сябе, а хочацца пакінуць.
* * *
Снедаючы, уключылі прыёмнік і — нечаканае — «Люблю мой край, старонку гэту...». У выкананні былой, сапраўды Шырмавай капэлы. Спачатку проста ледзь не заплакаў ад гэтай красы і сілы, а потым успомніў пазаўчарашні канцэрт — кантату па «Беларускай калыханцы» Віткі, гром і трэск усякай навалачы інструментаў, ад якое я ледзь не літаральна аглух і на абмеркаванні нічога больш не змог, не захацеў сказаць. «Платон мне друг...»
Чатырнаццаты паверх. Над Вільнюсам узыходзіць вялікае барвовае сонца.
Вітас [ 47 47 В. Пяткявічус — літоўскі пісьменнік.
]: «Вось пойдзеце вы — Пысін, Вітка, ты, іншыя,— што тады будзе з вашай літаратурай, мовай?..» Жорстка, але і праўда. Літаратура наша чым далей, то ўсё больш — ды так жа ў апошні час хутка! — агаляецца ад маральных аўтарытэтаў, таварышаў нацыянальна свядомых і па-сапраўднаму таленавітых, усё больш ды больш вызваляюцца для безнагляднага, бяскарнага дзеяння кан'юнктуршчыкі, спекулянты, хамы, лакеі і баязліўцы...
Не хапае нам такой — няхай сабе часамі і непрыемнай — рысы жывучасці, самастойнасці, якую маюць літоўцы,— ад прадаўшчыцы, што скажа табе, няхай і груба, аднак праўдзіва пра наша масавае хапанне, да Снечкуса, што адмовіўся ад васьмісот тысяч рознай навалачы, якою засялілі Калінінградскую вобласць, а на данос з ЦК КПБ нашага А. С. у ЦК КПЛ на Пяткявічуса, сказаў: «Ах, дзівакі-беларусы — прыслалі не вычытаную аўтарам стэнаграму яго выступлення!..»
Прыемна было, учора і раней, бачыць пацверджанне таму, што да ўсяго сур'ёзнага трэба адносіцца сур'ёзна: літоўцы запомнілі маё выступленне пра Цвірку, яны ўмеюць шанаваць сваіх сяброў.
Пятрас, бялявы Вітасаў сынок, які грошы, дадзеныя бацькам на іншае, «больш патрэбнае», патраціў на тое, што купляў у рыбакоў жывую рыбу і... адпускаў яе ў ваду. Як ён з апалоніка выгадаваў жабу, карміў яе па ўсіх правілах камарамі і быў, урэшце, да слёз удараны, калі яна ўцякла. Як ён на іхняй дачы дапамагае бацьку майстраваць і ўжываецца там, яшчэ больш, у прыроду. А Вітас — няхай сабе і грубаваты забулдыга — успамінаў у Алітусе, як у 1940 годзе чырвонаармейцы за «палявымі» сталамі каля палатак свайго лагера на лузе біліся хлебам, а ён, дзесяцігадовы хлапчук, страшэнна ўражаны гэтым злачынствам, збіраў той параскіданы хлеб, а маці кроіла на лусты і сушыла. І, злосна абагульняючы, дадае: «А праз год мы іх тымі сухарамі кармілі!..»
І прывучванне сыноў да працы (Пятраса і старэйшых, адзін з якіх — студэнт-архітэктар), і пашана да хлеба, і нянавісць да гультаёў, зладзеяў і п'яніц,— здаровае, па-народнаму мудрае, сурова чыстае, што перадаецца ў пакаленнях, не раствараецца ў славутай урбанізацыі і цяпер.
«Літовец вельмі не любіць здымацца са свайго месца, а рускія — валочацца, як цыганы...»
...А каб я не быў беларусам, а сынам народа з вялікай гісторыяй, вялікай літаратурай, гарантаванай мовай,— рускім, палякам... нават літоўцам,— як я адносіўся б да такіх слабакоў, як мы, беларусы?..
* * *
Упершыню, пасля тыднёвай спячкі, прачнуўся гадзін каля чатырох ад таго, што мяне асудзілі на пажыццёвае зняволенне «с лишением всех прав и состояния» — іменна ад гэтага «всех прав»... Горка падумалася, што і Г., такі надзейны адвакат, састарэў — не будзе каму абараняць,— не ведаю, ці ў сне, ці ўжо наяве падумалася... А ўжо зусім наяве, пад кукаванне зязюлі, згадаўся Коля С., яго колішні расказ, як ён, перабраўшыся цераз зялёную граніцу, са слязьмі радасці бег насустрач першаму савецкаму чалавеку — пагранічніку, а праз два дні яго неслі па калідоры мінскай турмы і ён крывёю з рота паліваў падлогу...
* * *
Спусціўшыся з групай памочнікаў на калгасны луг верталётам, Машэраў не збянтэжыўся, што луг далей мокры: разуўся, падкасаўся і пайшоў. Памочнікі — таксама. І тут прыбег старшыня калгаса. Зняў гумавыя боты, падкасаўся і за ім. Гэта — найцікавейшае.
Читать дальше