Усё-такі трэба выказаць спачуванне: новы муж у бальніцы, адразу.
...А мне ўсё чуецца яе колішні смех,— вясёлай трыццацігадовай,— смачны, залівісты смех. З той залатой восені шасцідзесятага года, з нашага беларуска-латышскага маладога падарожжа аўтобусам па Латгаліі...
* * *
Так, чацвёрты і пяты тамы трэба ўжо рабіць. Яшчэ раз падумаў пра гэта, пачуўшы па тэлефоне з Мінска пра смерць Якімовіча. З ім я бачыўся перад самым ад'ездам. Стары быў заклапочаны, нібы нават з крыўдай гаварыў мне, што дата ў яго 17 студзеня, а вечар у саюзе хочуць рабіць ажно 30-га... А памёр ён, відаць, 15-га, бо хавалі якраз у дзень ягонага 75-годдзя.
Успомнілася з удзячнасцю, як ён калісьці, адразу пасля вайны, добра сустрэў мае апавяданні для дзяцей, што мне было тады асабліва дорага,— Галоўліт вырашыў зусім не друкаваць мяне, і цягнулася такое каля года... «Прыгоды цюціка» так і не пайшлі ў «Бярозцы», экземпляр з праўкай Алеся Іванавіча захаваўся сумна-прыемнай памяткай. Пасля была мая праца ў яго выдавецкай рэдакцыі, адзін год, затым яго вельмі прыязнае выступленне пра мяне на ўсесаюзнай канферэнцыі па дзіцячай літаратуры, наогул наша прыязнае суіснаванне. Няхай сабе я і не надта высокай думкі і пра яго паэзію ды прозу, і пра складанне падручнікаў ды бясконцыя апрацоўкі народнага... Прыемны, свойскі чалавек, старэйшы таварыш, адзін з нямногіх, што ацалелі ў трыццатых гадах...
* * *
У санаторных «наркомаўскіх масах», як гаварыў калісьці Анатоль Астрэйка, весела ўспаміналі з сябрам дзядзьку ў Вільні: «А то ж паноў, о Божа мілы!» А сёння зноў вось падумаў: «Не дай мне Бог дажыць да гэткага трыбуха!..» Нібы куфар перад сабою нясе,— можна і ў карты на ім пагуляць, і саганы з бульбай ставіць, як на прыпеку. Як яны ўсе здорава гатовы, пазбаўлены свайго, таўкуцца тут абязлічаным гуртам рознамаштабных столаначальнікаў. Нават яшчэ і тлуста пасмейваюцца з нейкага там беларускага пісьменніка ці журналіста, як мой вясёлы ды разумны сябар.
* * *
Бондараў, з якога хлынула нікім не атрымліваемая пустата (польскае próżność, рускае тщеславие), які ў кожным сваім «мгновении» бачыць эмбрыён цэлых раманаў, які свайму былому, прыязнаму і талковаму рэдактару сказаў, што цяпер ён «в редакторе не нуждается».
Ганчар, па слабенькае апавяданне якога («Дружба народов», № І, 1979) спецыяльна ездзілі ў Кіеў...
Быкаў, які ў «Правде» піша (рукою Новікава), што многа ў яго працы як у дэпутата...
Такое робіцца са здольнымі. А шэрасць, што не проста шэрасць, пра якую неаднойчы гаварыў Шолахаў, але шэрасць у кіраўніцтве ўсёй літаратурнай справай — шэрасць з многатом'ем «збораў», з дынастычным прапіханнем у літаратуру сваіх дзяцей.
«Скучно на этом свете, господа!..» Было б яшчэ сумней, каб не вера ў сапраўднае. Няхай мала, няхай ціха, але сумленна, у імя ўсяго святога, на чым трымаецца сапраўдная народная літаратура.
* * *
Перад «Дзённікам Ганны Франк» чытаў «Чашу весов» Візбула Берцэ, падараваную ў Дубултах яго ўдавой. Ледзь учытаўся, а потым, зацікаўленаму, сорамна было... перад партрэтам гэтага мілага, шчырага і вясёлага хлопца — сорамна за тое «ледзь». Калі ж адкінуць «містыку»,— сорамна перад самім сабой, за верхаглядства, адсутнасць належнай павагі да чужое шчырасці, няхай сабе праяўленай не так таленавіта, як у іншых.
* * *
Пішучы вершы на нашай мове, можна, шукаючы адпаведнага слова, кінуцца ў адзін бок, узяць русізм, у другі бок — узяць паланізм... Так бывала, нават залішне часта, у нашай вялікай тройкі, часта... зачаста здараецца і цяпер, пры вышэйшай культуры літаратурнай мовы, здараецца і з меншымі, і з большымі паэтамі, і гэта ім чамусьці даруецца. А трэба ж ні ўлева, ні ўправа, а толькі проста — да слова толькі свайго, якое заўсёды ёсць.
* * *
Чытаю чысценькі, акуратны рукапіс: Рыльке ў перакладзе Сёмухі. Добры работнік Васіль. Так я калісьці чытаў яго рукапіс «Фаўста»... Так ды, вядома ж, не так — не зусім у такім настроі, а можа, і зусім не ў такім. Бо ўчора ж, пасля паведамлення пра кітайскую агрэсію, быў жах і боль, трывожная блізкасць з сынам, потым сон: яна праводзіла... не, мы ўдваіх яго, Андрэя, а яна — мяне, худзенькая, як у маладосці, з маленькім хлопчыкам на руках, а хлопчык таксама благі, ажно галава на шыі не трымаецца... (Здушу гэты сон у сабе, каб яе не трывожыць.) Адразу, міжвольна, думалася пра пяцітомнік, які не выйдзе, асабліва пяты, галоўны том, пра ўвесь мой архіў і, найтрывожнейшае, пра запісы, якія няма куды схаваць, бо і ў зямлю не закапаеш, як у 1944-м, і ў Арменію, як С., не завязеш... Хоць і гэта, мусіць, не зусім асабістае, толькі маё. Думаў і пра агульнае, пайшоў ад свайго туды, дзе многа літаратурна-мастацка-навуковага ствараецца ў мностве цішыняў, ужо вядомае трохі і не вядомае пакуль што зусім і, як і маё, таксама можа не выйсці наверх з-за варварства вайны... Што ж — «на миру и смерть красна»? Ад гэтага лягчэй?.. А пакуль што ціха, зноў хочацца верыць, як і дзесяць год таму назад, што гэта яшчэ ўсё не ўсеагульнае вар'яцтва. Пакуль што я за сваім — куды мілейшым — старым рабочым сталом і няма адчування, што не сваё раблю, а чытаю чужое, і ёсць радасна-няўлоўнае адчуванне людской агульнасці (Рыльке — Талстой), і тое, што ў Дубултах у Неруды вычытаў: «Паэзія — заўсёды дзеянне мірнае»...
Читать дальше