— А вы што думалі?
І тут наш старшыня Саюза пісьменнікаў нервануў:
— Я што думаў?! Ды я ж...
І штосьці гэтак далей. Так што і мне прыйшлося выйсці з маўчання з адчуваннем няёмкасці.
Прыхільнасць Броўкаву за паўтара дзесятка пасляваенных гадоў я, калі браць адно значнейшае, адчуў разоў некалькі. Ён і пра прэмію мне стараўся як член дзяржаўнага камітэта па тых справах, і на высокія пасады намерваўся вывесці. У канцы пяцьдзесят шостага настойліва ўгаворваў пайсці на галоўнага рэдактара «Літаратуры і мастацтва», праз год з нечым — стаць галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларусь», а яшчэ праз год — яго намеснікам у Саюзе пісьменнікаў. У першым выпадку я проста адразу адмовіўся; у другім папрасіў два дні на роздум, а начальства, ад імя якога наш старшыня агітаваў мяне, само тым часам раздумала; а за трэцім разам я зноў жа ўзяў два роздумныя дні, а сам сказаў Шамякіну, што вось як Броўка хоча ад яго, свайго «распанелага» нама, пазбавіцца на з'ездзе, які меўся днямі пачацца. Іван Пятровіч паспяшаўся пакаяцца, дома запіць міравую, пра што мне назаўтра ўсцешана паведаміў, калі я ўранку чагосьці да яго па-суседску зайшоў.
Для адпаведнасці тым высокім пасадам мне патрэбна была б партыйнасць, на што ў майго спрыяльніка, трэба думаць, было спадзяванне. Нават намёкі рабіліся раз ці два, тактоўна асцярожныя. Аднак жа так далёка ў нас не пайшло...
* * *
У маі пяцьдзесят чацвёртага мы ўтрох, Глебка, Шамякін і я, былі на свяце 300-годдзя ўз'яднання Украіны з Расіяй. Святкаванне ў расквітнелым Кіеве пачалося з дэкады рускай культуры, пасля чаго Івану Пятровічу спатрэбілася вярнуцца ў Мінск, а мы з Пятром Фёдаравічам засталіся.
Ідзем сабе па Крашчаціку з двума ўкраінскімі сябрамі, а за намі — нейкія кіеўскія энтузіясткі. Мы зойдзем у які магазін, яны чакаюць на панелі, мы выйдзем — яны шэпчуцца: «Він!.. Він!..» І далей за намі назіркам. Адзін з украінскіх сяброў крыху адстаў і неўзабаве выясніў, што да чаго. Мяне ні больш ні менш, а палічылі за самога Лемешева, удзельніка рускай дэкады. І тут ужо наш найстарэйшы, Глебка, пачаў звяртацца да мяне, каб наша блізкае суправаджэнне чула: «Сергей Яковлевич, я полагаю... Не лучше ли, Сергей Яковлевич...» і гэтак далей. Пры адпаведным удзеле і ўкраінцаў. Пакуль гэта нам не апрыкрала і мы не затрымаліся ў кафэ-марозіва надаўжэй.
Потым Васіль Казачэнка павёз нас у Канеў. Спыніліся ў Васілёвага сябра, настаўніка. Раніца са спінінгамі на Дняпры. І трэба ж раптам — першы шчупак у мяне! Госця віншуюць, ён адпаведна рады. А неўзабаве — і другі шчупак таксама мой!.. Тут ужо мудрэц Пятро Фёдаравіч адвёў мяне трохі ўздоўж берага і нібы шэптам спытаўся:
— Ты што — прыехаў дружбу мацаваць ці разбураць?..
Шэпт, вядома, быў такі, каб і адразу, і потым, ужо за сталом, пасмяяцца. А там, каля берага, шчупакі, аднак, пачулі старэйшага госця,— больш у мяне не ўзялося нічога, як ні стараўся, ні спадзяваўся.
Так яно — хочацца штосьці добрае згадаць пра добрага чалавека... Хоць бы тое яшчэ, як мы праз месяц ці больш чакалі на мінскім аэрадроме рыжскі самалёт, які спазняўся з нашым Казачэнкам, што па дарозе дахаты меў тут прызямліцца на дзень-два. Каля пасадачнай паласы мужчыны з аэрапортаўскай службы касілі тым часам сеяную траву. І мы з Пятром Фёдаравічам папрасілі ў іх косы і, на здзіўленне тым касцам, пакасілі ўсмак, па старой памяці спраўна, нягледзячы на гальштукі і капелюшы. Акадэмік ішоў першы, я — следам, яму сорак дзевяць, мне трыццаць сем.
* * *
Не памятаю, калі гэта было, дый, можа, яно і не так важна, каб зусім дакладна пра час,— хапае і таго, што ўжо нямала гадоў стаіць у памяці гутарка з Пятром Панчам, удвух на познавячэрнім гасцінічным калідоры. У Маскве, у гасцініцы, што называецца аднайменна.
Пятро Ёсыпавыч сам пачаў гэтую гутарку. На дзесятым паверсе, дзе мы з ім спыніліся, каля пралёту, у які зваліўся Купала. Ад успаміну пра гэта якраз і пачаў.
Утрох: Купала, Лынькоў і ён — стары, паважаны расказчык — выпілі, памятаецца ясна, палавіку паўлітра, колькі было ў бутэльцы. Захмяленне, такім чынам, выключаецца. Выйшлі на калідор. Ужо ў пакоі развітаўшыся, і яшчэ пастаялі, пагаварылі. Купала прысеў, прыткнуўся бачком на коўзкім мармуровым парапеце. А тут праходзіла з падносам афіцыянтка — з пустым ці з поўным посудам, з пакоя якога ці ў які пакой — ужо ні Панч тады, а я цяпер, у восемдзесят восьмым годзе, з яго расказу не памятаю.
Іван Дамінікавіч і ў шэсцьдзесят гадоў любіў, кажучы па-вясковаму, зачапацца з маладымі жанчынамі. Ветлым, вясёлым словам, з усёй кавалерскай тактоўнасцю. Так гаварыў мне і Панч. А сам я чуў ад цёткі Уладзі гордае: «Мой Янка быў еўрапеец!..» Не вытрымаў ён і тады, з таго злавеснага парапета. Ці то памкнуўся крышку гулліва: «Мая ж ты красунечка!», ці то вельмі прыблізна хацеў штосьці падобнае сказаць, зрабіць. А маладзіца — ці стомлена, са зразумелай нецярплівасцю, ці таксама з ветлым какецтвам — нібы хацела адмахнуцца ці адхіснуцца ад шаноўнага кавалера. Ён варухнуўся таксама. Як і куды: да яе, ад яе — у тыя секунды ў памяці Панча не замацавалася. Адбылося адно — вялікі паэт, лсывы чалавек паляцеў у глыбока-каменны пралёт...
Читать дальше