І ён мяне пазнаў, бо я, вядома ж, быў у тых самых лясных неданосках і пад пілоткай, толькі без карабіна, як было тады, калі мы... от, паздароўкаліся за руку ў незнаёмым для мяне пісьменніцкім гурце.
Ён расказаў, што едзе ў Нягневічы, куды ў акупацыю пераехала з Мінска іх даваенная хатняя работніца, самотная, сумленная «баптыстка», якая захавала сёе-тое з іхняга набытку, пра што вось і паведаміла пісьмом. Трэба наведацца, бо сама яна, пажылая ўжо, занемагла там, у сваякоў, трэба больш распытацца і падзякаваць. (На гэта і «Сідар», няцяжка было здагадацца.) Ужо быў адвячорак, ехаць яму кіламетраў пад сорак, а транспарту ніякага не відно... І я запрасіў шаноўнага госця пераначаваць.
У самым канцы доўгай вуліцы, ды яшчэ наводшыбе, у доме «святога Ката», як называлі гэтага чалавека ў мястэчку, кватаравала нас чатырох: мой брат Міша, начальнік райканторы ЦСУ, загадчык райза Багамазаў, невельскі русак, аграном, у партызанах палітрук атрада, сакратар райгазеты Нікішын, разваротлівы прымак з акружэнцаў, і я, з лесу яшчэ «выконваючы абавязкі» рэдактара.
З гаспадаром, пажылым, рухавым Уладзімірам Андрэевічам, мы з Мішам былі прыязна знаёмыя больш за дзесяць гадоў. (На чвэртку веку пазней я напісаў пра яго эсэ «Добра быць маладым».) Гаспадыня, шматвопытная Марыя Іванаўна,— і па знаёмстве з намі, і з меркаванняў часу,— накрыла ніштаваты стол.
Прыемна пасядзелася, нават і з песнямі, да якіх наш госць, як аказалася, быў ахвочы і здатны, асабліва да родных-народных.
Пятрусь Усцінавіч умеў, любіў збліжацца з людзьмі, на што ў мяне ёсць прыклады. Цяпер, пішучы гэта, успамінаю чырвона-цагляны, у вераснёвай пазалоце Торунь, дзе мы, Броўка, Пестрак і я, былі праездам у пяцьдзесят пятым годзе. Там нас сустрэў і суправаджаў па горадзе архітэктар Стэфан Нарэмбскі, пажылы прафесар родам з-пад Маладзечна. Многа было ўспамінаў пра Беларусь, прыгадваліся людзі, песні, анекдоты... Абедалі мы, і Броўка расказваў пра Кітай, у якім нядаўна быў. Як у краме стаіць чарга кітаянак, чакаюць, пакуль іх збярэцца дастаткова, каб прадавец пачаў секчы, па жаданні дзяліць на порцыі толькі што прывезенага ў магазін удава. Хтосьці спытаўся за нашым сталом:
— А што яны робяць з яго?
І прафесар з зямляцкай усмешкай, смачна па-беларуску адказаў:
— Доб-ру-ю верашчаку.
Мы толькі што ўспаміналі яе, гаворачы пра нашы сялянскія стравы.
У мяне захаваліся торуньскія фотаздымкі, найбольш удалы адзін: пан Стэфан і пан Пётрусь, весела размаўляючы, з натуральнымі жэстамі, у шчыра прыязных усмешках...
Успамінаецца і паездка па Наваградчыне, на два гады пазней, калі ён пасля смерці Коласа быў абраны там дэпутатам і папрасіў мяне паехаць з ім, пасустракацца з людзьмі ў маіх родных ды ненаглядных мясцінах. Асабліва вялікая вёска Ахонава помніцца, гутаркі з сялянамі і песні на хлебасольным застоллі...
Як і тады ў Міры, у хаце весела і талкова гаваркога гаспадара.
Уладзімір Андрэевіч, чалавек з дарэвалюцыйнай сярэдняй асветай, а яшчэ больш начытаны, між іншым расказаў тады, як у свой час да арганізацыі мірскай гарадской бібліятэкі (і вучылішча было тут «гарадское») прычыніўся сам Максім Горкі — і кніжак прыслаў, і пісьмо, якое з-за столькіх розных калатнечаў, на жаль, не захавалася.
Пазней, гадоў праз пяць, Броўка напісаў пра гэта ў «Советской Белоруссии»,— факт як-ніяк гістарычны, асабліва для міран.
Пасля вячэры на ганку спраўнага драўлянага асабняка ў малым дагледжаным садзе (руплівы гаспадар на ўсё меў залатыя рукі) мы не толькі яшчэ крыху пагаманілі, пасмяяліся, але, зусім нямнога выпіўшы, нават і «тыхо-тыхо постреляли», як у грузінскім анекдоце,— адзін, два стрэлы, балазе і пісталеты былі яшчэ не здадзены, і ноч спакойна-зорачная, і стральба такая тады людзей ужо не надта палохала, і радасць нядаўняга вызвалення як быццам зноў пасвяжэла...
З таго вечара Пётр Усцінавіч памятаў майго Мішу, сяды-тады перадаваў яму прывітанні, а неяк у Доме творчасці «Каралішчавічы», дзе брат наведаў мяне, здаецца, у пяцідзесятым годзе, яны даўгавата пагаманілі на вераснёўскай золата-лясной дарозе. Пры мне, але я ішоў моўчкі, нібы любуючыся той зацікаўленай, спорнай гаворкай.
Неўзабаве, праўда, і характары суразмоўнікаў нечакана крыху праявіліся. Броўка, якому майго маўчання, відаць, было ўжо годзе, сказаў:
— А як жа, Міхаіл Антонавіч, наш Янка — няблага расце?
І мой Антонавіч адказаў таксама пытаннем, са сваім прыжмурам спадылба, з усмешкай сямейнай гордасці:
Читать дальше