Нядаўна я прачытаў у газеце такое выказванне:
«Усе асобы, якія абвінавачваліся ў шпіянажы, асуджаліся толькі ваенным трыбуналам. У адпаведнасці з законам перагляд гэтых спраў, а ix была пераважная большасць, аказаўся ў кампетэнцыі галоўнай ваеннай пракуратуры».
Асуджанага «тройкай» рэабілітаваў ваенны трыбунал. Значыцца, i тут хвароба часу — шпіёнаманія. Не абмінула гэта, як віна, i Валодзю.
А Надзя казала, што яго судзілі — так гаварылася ў саўгасе, пакуль яе з малымі адтуль не выгналі,— як «разоблаченного сына польского помещика»...
Ад кіеўскіх сяброў я даведаўся, хто ўвосень трыццаць восьмага ўзначальваў тую «тройку», што з вялікай літары. Таварыш сакратар абкома за дваццаць наступных гадоў вырас на кіраўніка адной з рэспублік. «За Богам малітва, за царом служба не прападаюць». Калі ён прыехаў на святкаванне саракагоддзя БССР на чале сваёй дэлегацыі, я горка пажартаваў пры сябрах, што вось вазьму тую «пахаронку», падыду ў перапынку да высокага госця i спытаюся: ці памятаеце вы, паважаны, такую вось справу? I назаву, i пакажу, i дадам. Хоць i ведаю, што дарма гэта,— адкуль жа яму памятаць? Што — ён, мой брат, адзін прайшоў праз такі суд?.. Дый наогул — як гэта несалідна, калі не горш: далі вам, Брыль, запрашальны білет на такое высокае святкаванне, а вы?.. Да госця такога — ды з чым? Трэба ж думаць!.. Хоць яно,— вы, чаго добрага, скажаце,— i праз тры гады пасля Дваццатага з'езда...
Гістарычны Дваццаты яшчэ свяжэйшы быў у памяці ў той дзень, калі ў мяне гасцявалі таварышы па працы i я паказаў ім нядаўна атрыманы дакумент пра невінаватасць майго брата.
Адзін з гасцей, былы ваенны журналіст, паэт пасрэдны, але з амбіцыяй («I Пушкіна пры жыцці не вельмі заўважалі!..»), прыпсаваў нам застолле выпадам супраць другога госця, які меў няшчасце трапіць у палон: «На фронце я такіх, як ты, страляў бы!..» Калі ж даведка, якую я паказваў, апынулася i ў яго руках, ён уважліва паглядзеў яе, з натарыяльным штампам уключна, а тады сказаў мне, гаспадару:
— А што ж ты дагэтуль пра брата маўчаў? На ўвазе меліся, вядома, i анкеты. Бо ён у нас меў да ix службовае дачыненне. Цяпер, праз трыццаць гадоў пасля таго застолля, можна спытацца ў мяне: што, i такія ў цябе (або, па-маладому, у вас) гасцявалі?
Што ж, людзі пазнаваліся на паваротах. Як i цяпер яшчэ ўсё пазнаюцца.
ЗВАНОК
Гэта было напісана вясной восемдзесят восьмага. I яно мне здавалася ўсім, што я ведаў i буду ведаць пра братаў лес.
A ў студзені года наступнага, летась, на Рыжскім узбярэжжы, пасля самотнай праходкі па нешматлюдным зімовым пляжы, уздоўж сасонніку на крутым беразе, пад стомлена-спакойнае паплёскванне вады i гулліва-надрыўны чаячы крык, я запісаў:
«У каго спытацца ў Кіеве, як мне даведацца больш пра Валодзю?»
У псіхолагаў, трэба думаць, ёсць адпаведнае тлумачэнне такому стану душы. Я ж толькі заўважаю гэта ў апошнія гады ў самім сабе i не магу назваць такую з'яву інакш як прадчуванне, уласцівае старасці. Цяпер, больш як праз год, выпісваючы з блакнота тое мае пытанне пра брата, магу ўжо i сказаць, што я, зноў жа цьмяна ды падсвядома, набліжаўся ў той час да таго, што мелася на мяне неўзабаве абрынуцца...
У Кіеве пра Валодзю пытацца не прыйшлося: Кіеў азваўся сам.
23 сакавіка 1988 года — надзвычайная, паваротная дата — уранні з Кіева мне пазваніў незнаемы журналіст, украінскі карэспандэнт «Литературной газеты». Пазней, калі я пазнаёміўся з гэтым, як для мяне — маладым, энергічным, талковым таварышам, вельмі дзіўнай здалася першая, пасля вітання i рэкамендацыі, фраза яго паведамлення:
— Я хочу вас обрадовать...
Ад гэтай... радасці я разрыдаўся.
Як i тады, калі ў маю сям'ю, таксама па «міжгорадзе», з местачковай пошты, у нашым Турцы брат Коля праз хрып i трэск прабіўся з весткай пра зусім нечаканую, недарэчную смерць сярэдняга паміж намі — Мішы.
А яно ж, тое «обрадовать», калі падумаць спакойна, дык i сэнс пэўны тоіць. Страшная таямніца нашага найстарэйшага, пачынаючы з таго званка, пачала раскрывацца, ім пачаўся пакутлівы год, пра які мне трэба расказаць.
За чатыры месяцы да званка з «Литературной газеты», з паведамлення таго самага незнаёмага карэспандэнта я ўпершыню прыняў у памяць слова Быкаўня, украінскі адпаведнік нашых Курапатаў. I нават блізка тады не падумаў, што тая назва, той лес пад Кіевам праз нейкі час назаўсёды ўвойдзе ў мае жыццё.
Неўзабаве ў газеце з'явілася ў мільённым памнажэнні друкаванае пацвярджэнне якраз таго, што мяне ўразіла з тэлефоннай трубкі. Пры эксгумацыі сталінскіх ахвяр, закапаных у Быкаўнянскім лесе, па знойдзеных там рэчах з індывідуальнымі адзнакамі ix уладальнікаў следства здолела ўстанавіць прозвішчы чатырнаццаці бязвінна рэпрэсіраваных. Сярод ix — наш Валодзя. На месцы захавання знойдзены муштук з надпісам: «Брыль В. A. 16.IX.1937 г.».
Читать дальше