* * *
У свой час, ужо зусім адзін, самастойна закончыўшы другую частку «Блакаднай кнігі», Алесь Адамовіч расказваў мне, што Даніла Гранін, які наогул не надта прылажыўся да працы i над першай часткай, a ў напісанні другой i цалкам не прымаў удзелу, адчуў няёмкасць i прапанаваў Алесю другую частку падпісваць толькі сваім прозвішчам, з чым той, вядома, не згадзіўся.
А вось у «ЛiMe» за 19.V Міхась Тычына кажа, што ў Санкт-Пецярбурзе нядаўна «Блакадная кніга» перавыдадзена i аўтары пастаўлены ўжо не па алфавіце, а з Граніным наперадзе... Няўжо ж i ён, Даніла Аляксандравіч, мае да гэтага дачыненне? Ці самі выдаўцы падышлі тут «со смыслом»: усё ж такі старэйшы брат?..
* * *
«Кнігарня пісьменніка». Завал літаратуры рускамоўнай, i амаль нічога беларускага. Як выдаецца, так i прадаецца. Самасільна рыхтуюць нас да братняга ўз'яднання...
* * *
У Таварыстве дружбы яўна было зацесна ад збою людзей, што прыйшлі на польскі прыём, людзей у пераважнай большасці маладых, незнаемых. Дрэнны настрой пачаўся ў мяне ад урачыстай часткі. Пасля гімнаў на скрыпках, дзе пасля іхняга, за дзвесце з гакам гадоў загартаванага ў змаганнях, наш прапілікаўся нейкім часовым, няпэўным дадаткам. Польскі пасол дастойна i зусім прыстойна выступіў на беларускай мове, сцісла i ясна паведаміу пра значэнне іхняй Канстытуцыі 3 Мая, таксама двухвекавой, што стала ў сусветнай гісторыі побач з амерыканскай i французскай. А тады наш вертыкальшчык, якога мне з-за спінаў ды галоў нельга было ўбачыць, па-руску ды па-казённаму суха, коратка i ледзь чутна прабубніў сякое-такое віншаванне. Пасля чаго пачаўся ўсеагульны наступ на фуршэтныя сталы i гамана.
Стому i нуду адчуў я душой i нагамі адразу, ды так, што пасля шклянкі грэйпфрутавага соку i палавінкі банана падаўся на выхад, дамоў.
Паважаць нас,— думалася,— можна толькі з дыпламатычных меркаванняў.
* * *
Як гэта добра, хораша,— чытаючы пра выдатнага паэта заслужаныя ім словы нашай удзячнасці, узяць з паліцы ягоную кнігу i перачыгаць, яшчэ бліжэй прыпомніць шчырыя словы аўтографа. Як гэта: «Дарагому Івану Антонавічу Брылю, з вялікай павагай i нязменнай любоўю. A. Пысін. 17.XII.80». У першым томе яго чырвонага двухтомнічка.
* * *
Выступаючы не па напісаным, амаль заўсёды штонебудзь важнае забудзешся сказаць. Так у мяне, у слове да маладых перад пачаткам іхняй рэспубліканскай нарады, павінна было гучаць наступным чынам: «...Прыемна, што на такіх нарадах я ніколі нікога не павучаў, як трэба пісаць, не гаварыў высокіх, тым больш партыйных пропаведзяў, але заўсёды быў адкрыты да творчай дружбы i ca старэйшымі, i з маладымі. Не ведаю, як з гэтым цяпер у вас, а мы калісьці чыталі адзін аднаго да здачы рукапісу ў часопіс або ў выдавецтва. Магу сказаць, што Таўлая, Мележа, Калесніка, а пазней Янкоўскага, Караткевіча, Стральцова i некаторых яшчэ я чытаў спачатку ў рукапісах, а потым ужо, калі сябры адыходзілі назаўсёды, творы ix з сумам i з радасцю перачытваліся...»
А я якраз спыніўся на «партыйных пропаведзях», а далейшае выскачыла з памяці, хоць i я ж да мікрафона прызвычаены нядрэнна. Іншае, што палічыў патрэбным сказаць — сказаў: i тое, як «раней i кахалі не так, i пісалі не так», наіўнасць уласцівая кожнаму новаму пакаленню, якая з часам паступова праходзіць. Аднак пажадаў, каб маладосць захавалася ў ix на ўсё жыццё, як на ўсё жыццё i пісьменніцкае самавуцтва. Сказаў таксама, што мне такія нарады помняцца, перш за ўсё, вобразамі ix удзельнікаў, якія, у свой час з'явіўшыся ўпершыню, спакваля ўвайшлі ў літаратуру назаўсёды,— Караткевіч, Быкаў, Разанаў, Купрэеў, Пархута...
Прыемна было, што сабралася так многа моладзі, амаль зусім незнаёмай. Гэта нядрэннае сведчанне пра імкненне маладых да роднага слова. Колькі ix выядрыцца ў сур'ёзных літаратараў, гэта пакажа час, a ўжо ж i сёння, асабліва сёння добра, што яны — ідуць.
* * *
Сам выдае загад, дурны i шкодны, i сам лічыць яго законам, які нам иельга парушыць.
* * *
Вось i зноў успомнілася з талстоўскага «Фальшивого купона»: забойца некалькіх чалавек пад канец жыцця пачаў адчуваць свае віны, грахі. I што? На колькі стагоддзяў трэба прадоўжыць яму існаванне, каб ён зрабіў i штосьці добрае для пэўнай раўнавагі, калі наогул можна дараваць ужо не ўсё, a хоідь бы адно забойства добрай, мілай бабулі?..
А дзе ж яно — іншае выйсце?..
* * *
«Сляза пякучая айчыны» — зборнік артыкулаў пра творчасць Яна Чыквіна. Хораша выдадзеная кніга дастойна i па-асабліваму прыемна мне адкрываецца словам Валодзі Калесніка. Артыкулы Конана, Мацяш, Разанава i іншых аўтараў шчодра, пераканаўча падмацоўваюцца радкамі з вершаў i сапраўды таленавітага, культурнага паэта. А мне найбольш спадабаўся такі вось просценькі ўсплеск пачуцця:
Читать дальше