Імкненне Змея зрабіць зло, «зганьбіць чалавечую прыроду» найболей дакладна падкрэсліваецца пры дапамозе ўжывання намінальнага слова «гад» у функцыі імя ўласнага: «Я больш чым стагоддзе ем гэтыя плады… І вы, паспытаўшы іх, не памрэце, – сцвярджальна шаптаў Гад, абвіваючы нагу жанчыны. – Не, не памрэце… Бо Бог меў на ўвазе зусім іншае: “у дзень, калі вы паспытаеце іх, адкрыюцца вочы вашы, і вы будзеце як багі, якія ведаюць, што такое дабро і зло.” .
«Мудрасць» Змея, адкрытая ім першай жанчыне, – хлусня. У кантэксце прыпавесці злосная «рэптылія» увасабляе мудрасць, але мудрасць «ілжывую», якая выступае як хітрамудрасць: «Адам і Ева жылі ў чароўным і рэальным свеце. І былі створаныя Творцам несмяротнымі. Дасканаласць і ідэал чалавечай прыроды. Але тут раптам яны ўбачылі і пачулі, як па зямлі паўзе Мудрасць. Здзівіліся, пачуўшы яе першыя словы: «… і вы будзеце як багі, якія спазналі дабро і зло…” І Мудрасць пацвердзіла свае словы: «вы і самі выдатна ведаеце, што такое дабрыня і зло». Яны пачулі тое, што было прыемна іх вуху, але сталі зусім глухія да слоў і Голасу Таго, Хто іх стварыў».
У кампазіцыі фантасмагорый, якія ўключаюць розныя ўяўленні, у тым ліку і апісанне інфернальнага вымярэння, выявіўся адмысловы рэлігійна-містычны тып мастацкай свядомасці ў творчасці Анатоля Бароўскага, засяроджанай на спасціжэнні патаемных пачаткаў і супярэчнасцяў духоўна-маральнай сферы быцця.
Прыпавесць выступіла ў творы адной з формаў праяўлення мудрасці і аўтарскага досведу духапазнання, прыходу яго самога да Бога.
Раман-фантасмагорыя Анатоля Бароўскага «Дамова на спакусу» канцэнтруе ў сабе дамінанту духоўнага і мастацка-эстэтычнага пошуку пісьменніка, ключавыя прынцыпы яго творчай сістэмы. Скразныя ідэі і матывы, якія праходзяць праз творы, створаныя ў папярэдні перыяд, тут ужо ускладняюцца дадатковымі і новымі маральна-філасофскімі сэнсамі, звязанымі з глыбока акрэсленай арыентацыяй і кірункам аўтарскай свядомасці на біблейскае духоўнае вучэнне і веданне яго прыярытэтнага феномена ў шматмернай культурнай прасторы сучаснасці.
Рэлігійна-філасофскія і містычныя пачаткі, якія выходзяць у рамане-фантасмагорыі на пярэдні план, вызначаюць першарадную значнасць у яго сінтэтычнай мастацкай структуры элементаў і ўласцівасцяў паэтыкі ўмоўнай вобразнасці.
Адметнай асаблівасцю складанай кампазіцыі твора з’яўляюцца яе састаўныя часткі фантасмагорыі, якія ўтрымліваюць апісанне пераломленай з’явы пад рэлігійна-містычным вуглом зроку досведу разумення аўтарам розных граняў і ўзроўняў духоўнага быцця асобы. Фантасмагарычная вобразнасць, арганічна ўключаная ў раманную структуру, выступае ў значнай ступені сімвалічным выразам глыбінных працэсаў унутранага жыцця цэнтральнага персанажа, патаемных схронаў яго душы.
Функцыю сімвалізацыі найболей дакладна выконвае, напрыклад, рамантычная і жаноцкая выява «анёла-ахоўніка» Яніны, вытканай са сноў і мараў аўтапсіхалагічнага героя. Як яно ёсць і ў ранейшых аповесцях «Ахутавана» і «Пякельны рай», і гэтая апаэтызаваная выява ўвасабляе святланосныя пачаткі і памкненні душы, яе руху ў бок здабыцця кахання, ісціны і мудрасці.
Аўтарская задума паслядоўна рэалізуецца сродкамі выразнай матыўнай структуры твора, якая дазваляе захаваць яго мастацкую цэласнасць, змацоўваючы ўяўныя на першы погляд разрозненыя ў сэнсавым стаўленні асобныя фрагменты тэксту. У дадзеным выпадку маюцца на ўвазе так званыя пазасюжэтныя элементы, якія выступаюць ў выглядзе ўстаўных навэл на біблейскія тэмы.
Яны складаюць адзін з характэрных кампазіцыйных аспектаў рамана-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага, выконваючы ў яго агульным кантэксце функцыі прыпавесцяў, якія тлумачаць і раскрываюць асноўныя сюжэтапабудоўныя матывы твора. Сярод іх адмысловага разгляду заслугоўвае трансфармаваны ў адпаведнасці з сучаснасцю архетыпічны матыў дамовы з д’яблам, так бы мовіць, “душу сваю даверыў д’яблу…”
Паказаная пісьменнікам інфернальная сутнасць Сатаны паўстае ў сімволіка-містычным плане рамана-фантасмагарычнага хранатопу ў якасці праявы ў зямным свеце сусветнага пазабытавога зла, таемная дэструктыўная дзейнасць якога скіравана на выкараненне свету, які стварыў Бог, а замест яго прапаноўваецца віртуальная рэальнасць уяўных выгод з сатанінскім ухілам.
Адлюстраванню ідэйна-тэматычнай спецыфікі і асаблівасцяў матыўнай структуры твора падпарадкаваны яго загаловак, адметнымі прыкметамі якога з’яўляюцца сэнсавая значнасць і глыбіня, вызначаныя аўтарскай акцэнтуацыяй на працягу ўсяго асноўнага тэксту хрысціянскага падыходу да разумення прыроды граху, дынамікі злых падахвочванняў і запалу, якія ахопліваюць чалавека, які шчыра адгукваецца на выклік дэманічных сіл.
Читать дальше