І ці сапраўды я пабываў з астранаўтамі на Месяцы? Бо тое было так рэальна і натуральна, што тую радасць буду памятаць усё жыццё… Больш таго – карціны, якія маляваў на Месяцы, знаходзяцца і сёння ў маёй майстэрні.
А Ірад? Я выдумаў яго, ці зноў жа – Анатас мне яго падсунуў?
А Марыя Магдаліна?.. А Хурс...
……………………………………………………………
З цягам часу мне неабходна будзе разабрацца з гэтымі, і іншымі, таямнічымі, эпізодамі і фактамі майго жыцця, – усяму свой час.
Зрабіць тое трэба так, каб потым ужо ніякія нечаканкі не ўмешваліся ў маё жыццё і не збівалі з наладжанага рытму і абранай дарогі. Бо дарога была вызначана, а ў руках трымаў падоранае Вышнім стырно і компас, якія і дапамогуць мне цвёрда крочыць абраным шляхам наперад… Памажы, Божа!..
А пакуль…
1999-2011 гг.
Гомель, Тураў, Белгарад, Масква, Іерусалім, Варшава, Кіеў, Буэнас-Айрэс
«…і вы будзеце як багі…»:
прыпавесць у рамане-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага «Дамова на спакусу»
Раман-фантасмагорыя Анатоля Бароўскага «Дамова на спакусу» адносіцца да ліку тых характэрных твораў сучаснай прозы, якія створаны на скрыжаванні і ўзаемадзеянні розных жанравых традыцый і ўплываў. У яго структуры арганічна сумешчаны рэалістычныя і містычныя пачаткі, лірыка і філасофія, гісторыя і сучаснасць, рэлігія і навука.
Пісьменнік звярнуўся да асэнсавання складанай маральна-філасофскай праблематыкі, вечных па сваёй значнасці пытанняў, звязаных з сацыяльнымі, этычнымі і рэлігійнымі бакамі чалавечага жыцця.
Змест рамана-фантасмагорыі разнастайны, і ахоплівае шматлікія сферы сучаснага быцця людзей. Аднак у цэнтры ўвагі аўтара – праблема пераадольвання асобай духоўна-маральнага крызісу праз набыццё мудрасці і веры ў Бога як галоўных апірышчаў у супрацьстаянні разбуральнаму ўздзеянню зла.
Галоўны персанаж, мастак і пісьменнік Антон Клімовіч, выяўляе духоўную слабасць. Ён паддаецца спакусе цёмнай патойбаковай сілы і ледзь не губіць сябе. Розныя этапы ўнутраных блуканняў героя, яго руху ў бок прасвятлення і набыцця маральнай мудрасці адлюстраваны ў сюжэтна-кампазіцыйнай пабудове аповеда. Загалоўкі кожнай з яго частак вызначаюць асноўныя матывы твора. Галоўны герой заключае дзелавую дамову з д’яблам («Заказ»), падвяргаецца спакусе стаць адным з першых падданых у яго інфернальным свеце («Спакушэнне») і, нарэшце, усвядоміўшы ілюзорнасць выгод, прапанаваных «начальнікам» (правіцелем, валадаром) таго свету, знаходзіць у сабе сілы вырвацца з д’ябальскіх мярэжаў.
Матыў спакушэння з’яўляецца сюжэтаўтваральным у рамане-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага. Стварыўшы сваю версію маркотна знакамітай гісторыі аб пагібельных наступствах згоды з д’яблам, пісьменнік раскрыў чытачу глыбінную сутнасць зла, асаблівасці і асноўныя кірункі яго праяваў у сучасным грамадстве.
Свет Д’ябла, у які трапляе герой, – гэта ўмоўна-абагульнены вобраз негатыўнай мадэлі цывілізацыі без Бога. У ім усё прыдуманае і прывіднае. Гэта свет сурагатных выгодаў і радасцяў, свайго роду час-прастора, якая выступае пад знакам «мінус», як праява ўлады злой волі. Вобраз д’ябла створаны ў значнай меры ў духу хрысціянскай дэманалогіі.
Сутнасць Сатаны і галоўны метад яго ўздзеяння на чалавека – хлусня, спакушэнне. Д’ябал у творы шматаблічны. Ён – бізнесмен, капітан фантастычнага карабля «Алкеп» («Пекла»), навуковец-тэолаг, інтэрпрэтатар Бібліі, які адкрыў шматлікія яе таямніцы. Выступаючы пад імем, утвораным па прынцыпе зваротнага чытання (Анатас), Сатана хавае сваю сапраўдную прыроду і ўнутраны свет. Біблейскія тэксты ён разглядае як «загадкавыя лабірынты прыпавесцяў, загадак, малітваў», праз якія трэба прайсці, каб напісаць нешта накшталт Анты-Бібліі».
Адна з мэтаў вынаходніка сурагатнага рая – стварэнне «звышчалавека», цалкам рацыянальнай, дакладней – дасканалай у яго разуменні асобы. Сваёй уладзе д’ябал імкнецца падпарадкаваць Антона Клімовіча, чые інтарэсы таксама засяроджаныя на вывучэнні «галоўнай кнігі чалавецтва», на спасціжэнні яе ўнікальнай патаемнай мудрасці.
Тэкст рамана-фантасмагорыі насычаны біблейскімі цытацыямі. Кніга кніг – галоўны прадмет навуковых і рэлігійна-містычных даследаванняў, якімі апантаны розныя персанажы твора. Маральная філасофія Святога Пісання – гэта ідэалагічная аснова аўтарскай канцэпцыі асобы, мадэлі яе паводзінаў і духоўнага ўдасканальвання.
Біблія тлумачыцца як «філасофска-этычнае і рэлігійнае вучэнне і веды», у якім «вельмі падрабязна гаворыцца пра тое, як чалавеку належыць жыць, як пазбегнуць зла і тварыць дабро, як кахаць адно аднаго, засцерагаць сваю душу ад уздзеяння чорных сілаў, удасканальваць сябе…». Таму любыя ідэі, якія супярэчаць гэтаму вучэнню, могуць быць вытлумачаныя як ілжывыя і скіраваныя на служэнне злу. У мастацка-філасофскай свядомасці аўтара ідэя стварэння «звышчалавека» – праява дэманізму. Прыхільнікам яе невыпадкова выступае Анатас Алкепаў (Сатана Пекла).
Читать дальше