У рамане-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага не раз гучыць думка пра тое, што Біблія – гэта «зашыфраваны тэкст». Захаваная ў яго глыбінях вышэйшая мудрасць выяўлена «у выглядзе прыпавесцяў, казак і іншасказанняў”. Па сцвярджэнні аднаго з персанажаў, настаўніка Хурса, Біблія – «не што іншае, як дэманстрацыя магчымасцяў Вышэйшага Розуму, Вышэйшага Мыслення».
Зыходзячы з маральна-філасофскай канцэпцыі твора, Святое Пісанне – Тэкст Мудрасці, найгалаўнейшым прынцыпам фідэістычнай паэтыкі якога з’яўляецца прыпавесць, іншасказанне. Таму, як дакладна заўважана аўтарам рамана-фантасмагорыі, маючы на мэце толькі рацыянальны падыход да вывучэння «галоўнай Кнігі чалавецтва» нельга здабыць разуменне праўдзівага сэнсу, закладзенага ў ёй. Патаемную біблейскую мудрасць варта спасцігаць «не толькі розумам, але і душой», і «тады можа здарыцца так, што для верніка чалавека ў Пісанні зусім і не закладзена ніякіх таямніцаў». Антону Клімовічу раскрываецца найважнейшая ісціна – «якім бы ты разумным ні лічыў сябе, не забудзься, што ўсім кіруе Ўсявышні Творца” [1, с. 43].
Аднак «усю Біблію нікому не дадзена разгадаць». Яна – Святая Кніга, і «ключ да разумення тэкстаў толькі ў Бога за сямю пячаткамі... А што такое сем пячатак – не ведае і не даведаецца ніхто…”.
Інтэлектуал і паліглот Анатас Алкепаў нямоглы ў зразуменні канчатковых таямніцаў Творцы, паколькі не прызнае Яго Мудрасці і Яго запаветаў. У рацыяналістычнай інтэрпрэтацыі д’ябла запаветы Божыя – усяго толькі «інструкцыя», напісаная да таго ж для гэтак недасканалай і слабой істоты, якой з’яўляецца чалавек. Для Анатаса Алкепова гэта не вянок тварэння, а «памылка Бога», якую належыць выправіць, стварыўшы новага і ідэальнага «звышчалавека». Сатанінская характарыстыка, дадзеная створанаму па вобразе і падабенстве Божаму, рэзка ўніжальная: «Чалавек – гэта такая істота, якую лёгка абдурыць, спакусіць, ператварыць у жывёліну… Істота гэтая тупая, агрэсіўная, скнарная па натуры, зайздросная душою, і якая не паддаецца ніякаму кантролю...».
Але, як вядома, менавіта вучэнне аб «звышчалавеку», у ХХ стагоддзі стала адной з філасофска-містычных асноў той ідэалогіі, якая спарадзіла «чалавека са стрэльбай», бязлітаснага гвалтаўніка і сейбіта шматлікіх смерцезабойстваў.
У аўтарскай канцэпцыі сапраўдная мудрасць непарыўна звязана са «страхам Божым». Антон Клімовіч памятае аб словах сваёй бабулі Анастасіі Фёдараўны: «Ніколі, унучак, не думай кепска пра Бога, … не наклікай на сваю душу грэх, за гэта Бог карае. А калі будзеш прыслухоўвацца да свайго сэрца, жыць у суладдзі з Госпадам, Ен заўсёды дапаможа табе…». Мудрым у творы названы настаўнік Хурс. І ён, і бабуля Анастасія ставяцца да людзей, чыя свядомасць арыентавана на аксіялагічныя прыярытэты біблейскай маральнай філасофіі, перш за ўсё, на праўдзівасць і сумленнасць.
Хлусня як сутнасць д’ябла добра паказана ў адным з фрагментаў тэксту рамана на тэматыку з Кнігі кнігаў «Якаў – брат Хрыста», пра што піша галоўны герой. Старонкі з яго з’яўляюцца прыналежнасцю складанага кампазіцыйнага ўзроўню рамана-фантасмагорыі Анатоля Бароўскага. Уяўленні, адлюстраваныя на гэтых старонках, утрымліваюць усё тыя ж матывы спакусы і выратавання, расплаты за грахі і Божай падзякі. Яны складаюць глыбокі маральны сэнс, які праецыруецца на ўсё, што адбываецца з Антонам Клімовічам.
Уяўленні на тэмы Святога Пісання выступаюць, на мой погляд, у функцыі прыпавесці, тлумачачы галоўныя ідэі і матывы кнігі А. Бароўскага. Адным з іх з’яўляецца малюнак спакушэння першых людзей у раі. Звяртаючыся да біблейскай тэалагемы аб грэхападзенні, аўтар імкнецца пракрасціся ў патаемныя глыбіні зла ў такой яго праяве, як хлусня.
У прыпавесці з рамана Антона Клімовіча Змей-спакуснік увасабляе злую волю і «Мудрасць». Ён характарызуецца як «самы хітры і каварны» з усіх звяроў польных, створаных па задуме Божай, які «злое задумаў», а калі здзейсніў той грэх, то толькі ўзрадаваўся, адчуўшы сябе пераможцам: «І ў Змея не было страху – ён быў гатовы да ўсяго, нават да самага горшага. Яго не хвалявала смерць, адно цешыла, што ён аказаўся хітрэй чалавека, створанага Творцам…».
У інтэрпрэтацыі Змея, спакушальніка Евы, мудрасць – «гэта калі пражываеш жыццё без памылак, калі жадаецца рабіць дабро, кахаць горача, атрымліваць ад гэтага задавальненне … Калі ўсё ведаеш і няма над табой нікога, хто можа адабраць усе слодычы жыцця». Аўтар паказвае разыходжанне паміж словам Змея, звернутым да Евы, і яго намерамі ў адносінах да яе. Схіляючы жанчыну парушыць забарону Творцы, спакушальнік абяцае ёй найвышэйшыя выгоды: «Спадабалася ты мне – вось і захацелася памагчы табе стаць багіняй. І усё. Ты павінна быць удасканаленай і мудрай, каб у цябе ўсяго было ў дастатку. І ты будзеш моцнай і ні ў чым не будзеш мець патрэбы і недахопу, ты станеш звышчалавекам…”.
Читать дальше