3 напольнага боку вала каля чэзлага балоцістага ляска стаяла змрачнаватая будыніна — пацямнелы ад снегу і дажджу дубовы зруб з каменным крыжам наверсе. Людзі чамусьці абыходзілі гэта месца. Белавалод зацікавіўся, падышоў да лесвіцы, якая была прыбіта да сцяны зруба, залез наверх і ледзь не зваліўся адтуль. Зруб амаль па самы край быў напоўнены чалавечымі касцямі. Упавалку ляжалі шкілеты і чарапы! Вялікія і маленькія, цэлыя і пашкоджаныя. «Касцерня, — здагадаўся Белавалод. — Столькі людзей аддало Богу душу ў сечах, што не хапіла і рук, і сіл закапаць іх у зямлю». 3 дрогкасцю ў нагах паплёўся ён да Ядрэйкі і даў сабе зарок ніколі болей не набліжацца да гэтага страшнага месца.
Ульяніца вельмі баялася, што менскі поп можа не абвянчаць іх, загадае вяртацца ў сваю весь, туды, дзе жывуць хросныя маці і бацька. Але Ядрэйка дамовіўся з папом, і неўзабаве ўсхваляваныя Белавалод з Ульяніцаю сталі перад аналоем. Радасць незвычайная была ў сэрцах. Сонца прамяніста ззяла над Менскам, і Ульяніцы здавалася, што гэта Бог усміхаецца ёй і Белавалоду са сваіх нябесных залатых палат.
Чорнабароды поп у прыгожай рызе, абшытай спадолу залатымі карункамі, праспяваў святую песню, гледзячы ў стары пажоўклы пергамен. Потым узяў Белавалода за чупрыну, запытаўся строгім голасам:
— Скажы мне, жаніх, ці можаш ты быць мужам гэтай маладой? Ці не будзеш біць яе калі-небудзь кулаком або кіем? Пакінеш яе ці не, калі будзе яна хворая, пакалечаная, карослівая?
— Клянуся Богам, — адказаў Белавалод, — што буду ёй добрым мужам аж да самага канання.
Тады запытаўся поп і ў Ульяніцы, ці будзе яна клапаціцца пра сям'ю, ці будзе яна даглядаць мужа, калі Бог пашле на яго кульгавасць, сухарукасць або слепату. Ульяніца паклялася быць вернай мужу да магільнага жвіру. Задаволены поп разам з дзякам надзеў маладым на галовы вянкі, сплеценыя з галінак дрэў і лугавых кветак. Вянкі былі абвіты ядвабнымі стужкамі, і на тых стужках былі словы: «Расціце і размнажайцеся». Потым поп, дзячок і Ядрэйка выпілі мёду.
Пасля вянчання ў царкве вярнуліся да Ядрэйкі і, дачакаўшыся змроку, папрасілі згоды на свой шлюб у старых багоў, у Рода і ў парадзіх. Ядрэйчыха поўнай жменяю сыпала на галовы гарох і жыта. Сўхія гарошыны лёгенька стукаліся Ульяніцы ў лоб і шчокі, каціліся ва ўсе бакі.
Белавалод адразу ж упрогся ў працу. Дастаў з хатулёў і торбаў усё сваё начынне, каб заўсёды быў пад рукою агонь, змайстраваў побач з істопкай невялікую гліняную печачку, наладзіў кавадла, малаткі і малаточкі, і неўзабаве з раніцы да самага вечара стаў чуцен з істопкі дробны няспынны стук. Здавалася, дзяцел дзяўбе старадрэвіну. Ядрэйкавы дзеці часцяком прыбягалі ў істопку, садзіліся наўкол і глядзелі на звяркоў і птушак, што, як жывыя, выплывалі з таемнай глыбіні металу. Белавалоду хацелася як мага хутчэй збыць тавар, зарабіць паболей нагатаў [Нагата — грашовая адзінка, дваццатая частка грыўні] і выкупіць у Ядрэйкі істопку.
Ульяніца варыла есці, мыла і шыла, разам з жанчынамі хадзіла за гарадскі вал у грыбы і арэхі. Аднойчы купіла каля вала рагатую жаўтавокую казу, прывяла на павадку ў істопку. Белавалод адгарадзіў куточак, і пачала каза жыць разам з імі, ды такая аказалася разумніца, удаліца, што яны не маглі нарадавацца, слухаючы яе прарэзлівае, заўсёды нечаканае мэканне, п'ючы салодкае тлустае малако.
Але міналі дні, і сум пачаў тачыць Ульяніцу. Белавалод, заняты сваім рукадзеллем, спачатку не заўважаў нічога, грукаў і грукаў малаточкамі. Ды хмаркі на светлым жончыным твары рабіліся ўсё больш цямнейшыя, і аднойчы Белавалод ласкава ўзяў Ульяніцу за плечы, запытаўся з трывогаю:
— Што з табою?
Слёзы, як спорны дождж, пырснулі ў яе з вачэй.
— Карае мяне Бог, — несуцешна заплакала Ульяніца. — Карае за тое, што без бацькавага і матчынага благаславення пад вянец пайшла.
Белавалод ушчэнт разгубіўся.
— Чым жа ён карае цябе?
— Не чую дзіцяці ў чэраве сваім. Сухое лона маё. Бясплоддзем карае Хрыстос.
Усяго чакаў Белавалод, але не гэтага. Стаяў, гладзіў жонку па шіячах і не ведаў, што сказаць. Толькі й вымавіў:
— Маліся святой багародзіцы. Яна пачуе. Якраз у істопку зайшоў Ядрэйка, прынёс рыбы. Глянўў на невясёлых маладых, бадзёра сказаў:
— Чаго прыціхлі, птушачкі? Дзе шчабятанне ваша? Ёсць хлеба край — і пад елкай рай. А я вам вось да хлеба рыбы прынёс. Частуйцеся, Ядрэйку слаўце.
Упершыню Белавалод з Ульяніцай не ўсміхнуліся ў адказ, толькі ціха кіўнулі галовамі, падзякавалі за пачастунак. Ядрэйка падазрона глянуў на іх, чмыхнуў носам, як вожык, пакрыўдзіўся.
Читать дальше