— Ці доўга, вой, у нас пагасцюеш? — спыталася Кацера, падыходзячы да Рамана.
— Раніцою паеду, — адказаў Раман.
I абоім адразу зрабілася сумна. Кацера адчула, як змаўкае струна, што так весела, так бесклапотна звінела ў душы. Твар у баярышні пацямнеў.
— Кацярына, скажы Гваю, што мне трэба з ім пагаварыць, — папрасіў Раман. — Хай не хаваецца ад мяне. Я ж бачу, што ён хаваецца. Хай прыйдзе, і мы пагаворым.
Але Кацера быццам не чула Раманавых слоў. Стаяла, з болем і надзеяй пазірала на дружынніка.
— А чаму ж ты, Раман, нічога не хочаш сказаць мне? — раптам ціхім голасам прамовіла яна.
Раман уздрыгнуў. Шчокі запалымнелі. Дыханне перарвалася.
— Ты самая лепшая з дзяўчат, якіх я бачыў, — сказаў ён. — Ты сама не ведаеш, якая ты харошая. У мяне толькі ёсць меч, шчыт і войскі конь. I ў мяне ёсць князь Усяслаў, якога я павінен выбавіць з няволі. Каб я мог, я б усё княства, усё брашно зямное адцаў бы табе, Кацера.
— Праўда? — аж засвяцілася баярышня.
— Вось табе святы крыж.
— Ой, Раман, — усклікнула Кацера. — I ты ж такі харошы, такі харошы.
Яна не ведала, што сказаць далей, не знаходзіла слоў, ды раптам махнула смуглай рукой, выдыхнула:
— Пабягу шукаць Гвая. Зараз прывяду.
Раман глядзеў ёй услед, любаваўся зграбнай паставаю і з сумам думаў аб тым, што не можа адказаць пачуццём на пачуццё, бо ў святой полацкай Сафіі даў зарок служыць да канца сваіх дзён князю Усяславу, толькі яму аднаму. Пакуль князь у цямніцы, няма шчасця дружынніку Раману.
Падышоў Гвай, насцярожаны і разгублены. Моўчкі стаў насупраць Рамана, вочы вярнуў убок.
— Раніцою едзем, — строга сказаў Раман. — Больш не пі віна. Загадай чаляднікам, каб коней у дарогу рыхтавалі. Дарога доўгая.
— Я захварэў, — як дзіця, схлусіў Гвай. — I не магу з табою ехаць, Раман. Клянуся Богам, я захварэў.
У Рамана гнеўна заблішчалі вочы. Ён яшчэ ўчора зразумеў, здагадаўся, што баярскі сынок нешта надумаў — гнецца туды-сюды, як пусты колас, коўзаецца, як лінь у руках. Захацелася крыкнуць, нават ударыць Гвая, але Раман звалодаў з сабою, ціха сказаў, сурова прыжмурыўшы вочы:
— Што ж... Калі заварка дрэнь, меч сыплецца, меч саламяны робіцца. Толькі барані цябе Бог, баярыч, сказаць некаму пра начную дружыну, пра клятвы нашы. Помні — прыбяжыць ваўкалак і перагрызе горла.
Гвай пры гэтых словах пабляднеў, пахіснуўся.
— Ты ўжо сказаў, — здагадаўся Раман. — Ты сказаў свайму бацьку. Ах ты, пярэварацень! Гніладуш!
Рука сама сабою пацягнулася да мяча. Гвай з перапалохам ікнуў і кінуўся наўцёкі. I ў гэты час адусюль — з церама, з клецяў, павалуш і халодных істопак — выбеглі баярскія людзі, хто з кап'ём, хто з дубінаю або кухонным нажом. Стары надворны чалядзін Сцяпан спусціў са шворкі вартавых сабак, і яны з лютым гыркам рынуліся на Рамана. Першага пса, вялізнага, ікластага, Раман разваліў узмахам мяча. Другі пёс упіўся ў левую нагу, але Раман вольнай нагою так ударыў яго пад дых, што пёс клубком адляцеў убок, завішчаў і заціх.
Баярская чэлядзь, як спатыкнуўшыся, спынілася наўкруг Рамана. За дзесяць сажняў ад сябе ён убачыў злыя, але спалоханыя і разгубленыя вочы. Ніхто не адважваўся першы кідацца на меч, што ўжо чырванеў сабачай крывёю.
— Чаго стаіцё?! — раз'юшана закрычаў баярын Аляксей. — Камянюкамі яго! Камянюкамі!
Чэлядзь пачала збіраць каменні і шпурляць у Рамана. Ён спрабаваў прыкрывацца шчытом.
— Так ты гасцей шануеш, баярын?! — выгукнуў Раман, апусціўшыся пад градам камянёў на калені. — Бог цябе за гэта на тым свеце каменаваць будзе, у сцяну замуруе навекі.
У гэты міг аднекуль зверху, здавалася, з самага неба, прагучаў голас, які пачулі ўсе.
— Бацька! — адчайна крыкнула Кацера. — Глянь сюды! Калі ты не адпусціш жывым воя, я скокну ўніз, я разаб'юся!
Усе ўскінулі галовы. Кацера стаяла на самым вільчыку церама. Адной рукою яна трымалася за дубовы шост, на якім мацаваўся вясёлы расфарбаваны пеўнік, нагу занесла над безданню. Ніхто не мог даўмецца, калі і як баярышня апынулася там. 3-пад чырвонага какошніка вырываліся светлыя струмені валасоў.
Баярын Аляксей пахмурна глядзеў на дачку, потым вяла махнуў рукою. Твар у яго зрабіўся змаршчакаваты, стары. Чаляднікі выпусцілі з рук камяні, бязладнай маўклівай гурбою падаліся туды, адкуль выбеглі. Толькі сабакі засталіся нерухома ляжаць пасярод двара.
— Беражы цябе Бог, баярышня Кацярына. Век цябе не забуду, — сказаў Раман, цяжка ўзнімаючыся на ногі. Смылелі плечы, камень разбіў калена.
— I я цябе не забуду, Раман, — пабляднела Кацера. — Вазьмі мой абярог, няхай сілу табе дасць у далёкай дарозе-пуцявіне.
Читать дальше