Ён адвярнуўся. Яго разбірала злосць. I сёння, як i раней, не паспявае за Нямкевічамі. Заўсёды яны спраўнейшыя. I ўсюды. Што ні робяць, усё аж гарыць у іхніх руках.
Злосць ела яго душу, як іржа жалеза. Усё жыццё. Пякла крыўда, лютасць на ўвесь свет, што бог даў яму такога, як лічыў, бесталковага бацьку, што ён, сын, мусіў змалку ратавацца ад беднасці, ісці ў пастухі, а пасля ў парабкоўцы да Свістунова, што ад яго адмовілася некалі цяперашняя Мішучыха-красуня, што яго жонка была калісьці ў старога Свістунова пакаёўкаю, i нібы гэты хваравіты, нездаляшчы да гаспадарскай работы Віця ад панскай крыві, што пан толькі з-за гэтага, як смяяліся за вочы, адпісаў яму пару дзесяцін зямлі i лесу, памогшы ўзбіцца на гаспадарку, злаваў, што на яго долю выпала столькі цяжкай працы, што яго за нешта — можа, i за тое, што сам выбіўся ў гаспадары, багацейшы за ўсіх,— не любяць у вёсцы. I Драздовічаў, Мішука, гэтага Нямкевіча, i нават сяго-таго з Чорных больш паважаюць, а яны ж усе нашмат бяднейшыя. Разумныя, паважныя, незайздросныя! Глядзіце — Гарбацэвіч усё бачыў цяпер, смяяўся ў душы, ненавідзеў — нават i тут, на Шубіне, удалечыні ад вёскі, Нямкевіч паводзіць сябе дабрачынна: падбірае стажарышча, носіць да агню i паліць. I, можа, не дзеля сябе. Дзеля таго, хто ўлетку купіць тут сабе сенакос.
Ён, каб не Нямкевіч, не паліў бы стажарышча, кінуў бы ўсё, як яно i было. Чаму яму думаць пра некага? Можа, той касец, хто будзе касіць тут, i ведаць не будзе, хто іменна пакінуў яму чысты, не закіданы голлем луг, не падзякуе. Але дзіва: людзі неяк заўсёды ўвазнаюць, што Нямкевіч такі гаспадарлівы i ў сваім, i ў чужым полі, лесе ды лузе, i хваляць, паважаюць яго. Як нікога з вёскі. I яшчэ дзіва: ты не раз зробіш некаму большае дабро, але табе няма такой падзякі. Няўжо таму, што няможна ўвесь час рабіць людзям толькі дабро, што робіш яго найчасцей тады, калі гэта трэба табе? Ды i паны, багацейшыя, не робяць толькі дабро. Як на ix кажуць? Багаты — рагаты: усё глядзіць, каб каго збіць. Не саб'еш — мець нічога не будзеш, ці нехта іншы цябе саб'е.
«Справядлівы! Бездакорны! Хоць за шкло! — пад'юшчваў i пад'юшчваў Гарбацэвіча шал на старога Нямкевіча.— Але не! I ты не анёльскі, Мудры! — Нямкевічаў звалі за вочы Мудрымі.— Аж вочы загарэліся, калі сказаў, што магу Анельку за Янака аддаць».
Бачыў: Нямкевічы сышліся, перакінуліся словам-другім, а пасля рушылі сюды. Бацька першы, сын за ім.
— Кажа мой хлопец: хадзем, тата, паможам цесцю...— усміхнуўся Нямкевіч, калі падышоў. Апусціў на вушы аблавушку.
Гарбацэвіч на міг прыпыніўся: рукі зусім анямелі, страцілі сілу. Уваткнуў паперадзе сябе вілы ў снег, абапёрся на вілішча грудзінай. Бачыў: Янка рэзка зірнуў на бацьку, нібы адмовіўся: тата, я ж такога не гаварыў! Я казаў, што яны i самі ўправяцца!
«Чаму не! — падумаў Гарбацэвіч.— Чаму не лезці да мяне ў радню! Мудрыя ж, чуюць, дзе смажаным пахне...»
— Ну што? — міргнуў Нямкевіч.— Выпшыкаўся?
— А як ты думаў...— ні злосна, ні прыязна адказаў ён.— Няма ўжо маладой сілы. Знасіўся, сцёрся, як вось у коле. Нядошлы ўжо...— зірнуў на сына. Той стаяў на санях. Амаль i не пачырванеў за дзень. Зусім вунь запалі вочы. Пад носам блішчыць. Адвярнуўся з незадавальненнем.— Можа, ужо i скора палучу па карку...
— Што ж ты хочаш! Век у ярме i ў ярме! — паспачуваў Нямкевіч.— Як вол! Каторыя i маладзейшыя за нас ужо не вытрымалі, спяць які год вечным сном...
Памаглі ўскінуць сена, а пасля пачалі ўціскаць жэрдку. Уціскаў стары Нямкевіч. Янка памагаў — віснуў на вяршку жэрдкі. Яны, Гарбацэвічы, таўкліся толькі пад рукамі, тузалі за вяроўку.
— О то сіла! — пахваліў, а на самай справе пазайздросціў Гарбацэвіч.— Як у старога, так i ў маладога! Мне ў гаспадарку такіх бы работнікаў! За чатырох управіліся б!
— Во былі б табе парабкі! — пацвяліўся Нямкевіч.— Але ты ўсё роўна наракаў бы, што i мы больш з'елі, чым зрабілі...
«А табе пра ўсё баліць...— незалюбіў Гарбацэвіч.— Дай са свайго, даплаці, калі шкадуеш маіх наймітаў...»
— Хітрыя ж гэтыя найміты, Ясь,— міралюбна прамовіў уголас.— Рабіць стараюцца мала, a ўзяць хочуць многа.
Як добра ўціснулі сена i завязалі вяроўку, Янка пачаў аграбаць з усіх бакоў сена зверху ўніз граблямі, бацька стаў на калені i, падпоўзваючы, узяўся абшморгваць рукамі сена з самага нізу, каб не чаплялася за кусты i не гублялася па дарозе. Гарбацэвіч пайшоў запрагаць коней.
Паспакайнеў. Суседава помач крыху ўлагодзіла яго.
«А можа, Ясь будзе i добры сват,— паразважаў,— i ён сам, i сыны па-сваяцку ўжо, калі трэба будзе, памогуць па гаспадарцы i платы вялікай браць не будуць. Пакрыўдзіў мяне бог, як ні кажы. I бацька, i дзеці... Надта сын... Хіба гэта сын, бацькава апірышча? Хіба гэта гаспадар? Трэба яму шукаць здаровую, разумную жонку, каб кіравала... Баліць сэрца: божа мой, божа, думает не пра сваё дзіця, а пра чужога чалавека як пра гаспадара... Ды што зробіш? Колькі нi плач, плачам нічога не паможаш. Трэба самому пра ўсё думаць. I пра гаспадарку, i пра род... Чужая, моцная кроў, можа, змяшаецца з нашаю ды паверне на сваё. Можа, хоць унукі дужыя, спрытныя пойдуць».
Читать дальше