Вечарамі i ўночы, калі гарэў Шабунеў лес, страшна было не толькі выйсці на светлы ад недалёкага агню двор, але i спаць у хаце, у якой на сценах блішчалі, трымцелі чырвоныя водсветы, было жоўта-чырвона; каб не бачыць гэтага святла, гэтых колераў, бацька завешваў акно ад лесу дзяругаю, якая ружова свяцілася i ўсё роўна прапускала ў хату бурае святло, i маці, не могучы заснуць, бедавала, што гэта каторы ўжо год робіцца на свеце, што далей будзе, калі нарэшце настане спакой...
Казік i Стась учора змовіліся i хадзілі туды, да Ям, шукаць патроны, без якіх у ix не абыходзілася ні адна гульня. Сам Казік, можа, не падаўся б, пабаяўся, каб не ўспароцца на міну, паасцерагаўся б i бацькі, бо той крычаў за яго «гульні ca смерцю», але яго падгаварыў i звёў старэйшы на гады чатыры сябрук: ён меў нямецкі пісталет i хацеў знайсці да яго патронаў.
У свежых акопчыках i паблізу ў шыгаллі яны набралі з шапку жоўценькіх, з вострымі i тупымі дзюбкамі патронаў; задымленых гільз, што пахлі гарэлым порахам i былі чорныя ў сярэдзіне, не бралі: яны, Казік i Стасік, былі ўжо завялікія для такіх «цацак». Казік выпараў яшчэ з ігліц гранату з драўлянаю ручкаю, але Стась забраў яе сабе, сказаў, што ён ужо ведае, як разбіраць i складваць гранаты, кідаць ix, каб узрываліся, але з гэтай гранатай яны сходзяць заўтра на рэчку, на Сядзіўную, — раскладуць на беразе агонь, усунуць яе — во бабахне i рыбы наглушыць.
I гранату, i патроны дадому яны не прынеслі, а закапалі ix у сухім пяску на ўзлеску.
— Казя!— пачуў ён з-за хаты матчын мяккі, амаль пявучы голас.— Дзе ты там дзеўся? Хадзі сюды!
Ён перастаў думаць пра туман, пра Стасіка i гранату, падаўся ля глухой сцяны хлява ў двор.
Невысокая, тонкая, дробная на твары, маладая яшчэ, гадоў трыццаці двух, яна на днях сама так гаварыла, але ўжо вельмі сівавалосая маці стаяла ля расчыненых сянец, мяшала секачом у ражцы едзіва свінням — у ражцы было поўна, i з яе лілася долу белая ад бульбы вада.
— Дзе ты прапаў? — зірнула на яго, высакаватага, але тонкага i худога, здаецца, са злосцю спытала маці.— Стаяў, мусіць, разявіўшы рот, i глядзеў на поле... А тут хоць разарвіся: у гаршках кіпіць, Вэрця хлімкае...
Казік прамаўчаў.
— Даб'ешся нешта ад цябе!— з крыўдаю сказала маці, выцерла рукавом упацелы лоб.— Такі ўжо маўчун, у каго толькі ўдаўся?! Трэба дзесяць разоў папытацца, каб слова выцадзіў... Ідзі, папільнуй свіней...— прамовіла яна і, не пазіраючы на яго, адставіла ўбок накарэлы i мокры знізу сякач i панесла, нагінаючыся налева, ражку ў блізкую, за плотам, загарадку, дзе нылі падсвінкі, бачачы едзіва.
Казік ішоў за маці, а пасля пералез за ёю ў загарадку, добра ведаў, што гэта такое — папільнаваць свіней. Гэта трэба пастаяць з дубчыкам ля карыта i паглядзець, каб большы падсвінак не адпіхаў меншага. Хоць доўгае карыта i падзелена пасярэдзіне палачкаю, але большы парсюк грызе меншага, адпіхае, стане з нагамі ў карыта i глытае адзін. Сам адсунецца, калі вылавіць усю гушчу, пакіне на дне адзін шчолачак, крыху ляніва пацэдзіць яго праз зубы i адыдзе.
Як маці, злуючыся на свіней, якія наступалі ёй на ногі, выліла ў карыта з ражкі едзіва, вярнулася ў хату, з яе адразу выйшаў бацька — высокі, на галаву вышэй за маці, плячысты, русявы, у лапцях, палатняных штанах i зрэбнай кашулі з белым кужэльным каўнерыкам.
Бацька, здаецца, гэтаксама пастарэў за гэтую зіму: сагнуўся ад працы i ўсякіх хвароб, ад страху, адпусціў рыжаватыя густыя вусы i бараду, стаў вельмі сур'ёзны, хмурны, больш маўчыць, чым гаворыць. Ходзіць, сядзіць i ўсё думае ды думае, пра нешта часта шэпчацца з маці. Употайкі ад яго, Казіка, яшчэ вясною закопваў у полі, сярод маладой бульбы, кадушку з жытам, а гэтымі днямі амаль не бывае дома, а недзе ходзіць. Праўда, гэтую ноч спаў дома.
Калі Казік запытаецца часамі, дзе ён, бацька, быў, дык i той, i маці засыкаюць, пачнуць вучыць, што трэба гаварыць, калі зойдуць «чужыя дзядзькі» i запытаюць, дзе «гаспадар». Казіку тады трэба адказваць, што «няма таты дома, пайшоў у Івянец i не вярнуўся яшчэ...».
Бацька, здаецца, гэтаксама з дзівам пазіраў на густы туман. Ён нёс з сянец дошчачку з прысохлай зверху каламаззю i невялікую трэску. Падаўся да калёс, што стаялі ля дзвярэй гумна.
Казік ведаў, што бацька будзе зараз ладзіць воз, бо збіраецца вечарам з суседзямі ехаць у млын. Казіку вельмі хацелася гэтаксама паехаць з ім — ад'ехацца хоць ад свайго двара, паглядзець дарогу, лес, паслухаць, пра што будуць гаварыць мужчыны, паглядзець млын, раку, камень, што трэ зерне, меле муку, захацелася з'есці хлеба. Хлеба ўжо не пяклі даўно, з пачатку лета — не было мукі: тая, закапаная, дзежачка ўсё роўна прапала... З астатняй гаркаватай i пратухлай мукі, якую маці выкалаціла з вялікай кадушкі, што стаяла ў кладоўцы, варылі яшчэ ў чэрвені зацірку, якую трэ было есці праз сілу...
Читать дальше