Яна пакінула свякроў на двары i пайшла ў дрывотню, каб не бачылі яе людзі, села на калодку, закрыла твар рукамі i заплакала.
Свякроў не зайшла — ці падалася дамоў, ці мо дзе стаяла паблізу i слухала.
Ды Мані было гэта ўсё роўна. Адно, што ёй было дорага, дык гэта сын, яе сіротка, які гэтаксама не зведаў мужчынскае ласкі, гадуецца самапасам...
Маня доўга плакала i не пачула, як зайшоў Салавей — стомлены, брудны ад смалы, — стаяў i слухаў, здзіўляўся спачатку, а пасля занепакоіўся. Падняў яе, спытаў:
— Чаго ты, Маня?
Яна зірнула на яго, не вытрымала, зноў захліпала, ткнулася да яго грудзей i, не сціхаючы, плакала.
— Ну, супакойся, — з пяшчотаю папрасіў ён i гладзіў яе па галаве.— Ну, сціхні... Чуеш?
Але яна не чула, не адказвала.
— Ну, не трэба. Цябе больш ніхто не будзе крыўдзіць, — ён цалаваў яе шчокі, глытаў салёныя слёзы, так i не дабіўшыся ад яе i слова, а сам гаварыў ёй тыя словы, якіх даўно ўжо, можа, не ўспамінаў, гладзіў сваёй шурпатай, як тарка, рукою яе валасы.
5
Назаўтра Салавей, як яна бачыла праз адчыненыя дзверы, прачнуўся позна. Прачнуўся i ўсміхнуўся, быў, здаецца, памаладзелы, лёгкі, дужы.
Ускочыў, адзеўся, зірнуў на канапу, дзе спаў да сённяшняй ночы i якая сёння не разбірался нанач, апрануўся i выйшаў на кухню. Расчырванелая ад агню, у светлай сукенцы з кароткімі рукавамі, без хусткі, з гладка зачасанымі валасамі, зусім, здаецца, маладая, яна зірнула на яго i ўсміхнулася, бачачы, што ён хоча нешта сказаць, а то i пажартаваць, засаромелася, успыхнула чырванню i заплюшчыла вочы.
— Маўчы! — сама падышла, прытулілася, моцна пацалавала, а пасля піхнула: — Прынясі вады... Гаспадар!
Ён усміхнуўся, узяў вядро i падаўся на двор, да калодзежа.
1973
СПЕЧАНЫЯ ЯБЛЫКІ НА ГАЛІНКАХ
За чатыры гады вайны
Нябёсы ўдосыць нагрэліся...
Рыгор Барадулін
...I гэтая раніца была надта золкая: сцюдзёніла густая, кроплістая, сівая ад холаду раса. Ад яе аб'інелі за ноч сцены ды платы i нібы лёдам пякло ў босыя ногі. Было яшчэ холадна i ад настылага, высокага, аж да неба, густа-белага сырога туману, што напоўз на хутар, у Амшарок, з рэчкі i з Раўка — блізкай вялікай лагчыны.
Казік стаяў за хлявом i — яшчэ амаль сонны — пазяхаў i пазіраў удалечыню, але ні поля, ні Раўка, ні блізкіх, за вярсту, Янковіч, у якіх некалі, да польскай камасацыі[ 1 1 Камасацыя — хутарызацыя
] жылі яго дзед i бацька, не было з-за туману відаць. Бачыліся толькі зусім побач, за крокаў дваццаць, на выгане іхнія рыжаватай масці даўганогі конь i бела-жоўтая карова, навязаная вяроўкамі за ўбітыя ў зямлю калочкі: цяпер, вайною, усе гаспадары тут, на хутары, пасуць быдла ля дому. Шэрсць у каровы i каня была гэтаксама аб'інелая, a вяроўкі, што цягнуліся па зямлі, дык зусім змакрэлі, абабілі расу вакол калкоў.
Казік павярнуўся i зірнуў на хутар, дзе павінны былі відаць уроскідку тры нізкія, накрытыя саломаю суседскія хаты, але i ix цяпер схаваў белы, перамяшаны з дымам туман. Ля самога Казіка, здаецца, не было ніякага туману, а імжэла нешта сырое i дробненькае — ні то дожджык, ні то імглістая морась, — сеялася, халадзілася i ліпла да твару, як мокрае павуцінне.
Як пастаяў некалькі хвілін, Казік зусім адышоў ад сну i чамусьці не захацеў вяртацца ў цёплую, душнаватую пасля ночы хату, стаяў, пазіраў на туман i гадаў: адкуль ён бярэцца? Чаму такі густы i белы, куды пасля, калі прыгрэе сонца, дзенецца? Бо ўжо добра ведаў, што пасля такіх туманоў бывае вельмі цёпла, суха, сініцца i здаецца бяздонным, надта ж высозным неба...
Каб не гэты туман, не такая яшчэ рань, дык Казік цяпер пабег бы да свайго сябрука, Паланевічавага Стасіка. Яны ўчора ўдвух употай хадзілі ў блізкі Шабунеў лес, да Ям, дзе на тым тыдні ішоў вялікі бой — дзе, як гаварылі сталыя, партызаны зрабілі засаду на немцаў i паліцыянтаў, якія ехалі з Івянца ў Налібацкі гарнізон.
Ля Ям, як было добра чуваць, стралялі ад полудня да вечара, запалілі лес, i ён, высока ўскідваючы агонь i задымліваючы неба, гарэў некалькі дзён, пакуль полымя не зжэрла Кавалёў бор i не выскачыла на сенажаць, прабегла па казянюсе — сівых бародках, — ды па маладой атаве, прычарніла яе i не атухла. Зачапілася толькі на сухім балоце, на торфе, задымелася, пайшло пад зямлю. Адтуль усе гэтыя дні, а надта раніцамі i вечарамі цягнуўся бела-сіні дым, пахнуў едкім, гарэлым смуродам. Гаварылі, што там, на балоце, праваліўся пазаўчора ў выгаралую яміну конь — бег i шуснуў у прысак. Але агню ніхто чамусьці не тушыў. Перад вайною калі аднойчы сухі торф упалілі крычатоўскія пастухі, дык збівалі i залівалі агонь усім мястэчкам.
Читать дальше