Выйшаўшы першым i трымаючы пад левай пахай сваю папачку, Сяргей падаў Эльзе руку.
Яна зноў падзякавала за ўвагу і, лёгка абапёршыся, саступіла на асфальт, паправіла на сабе караткаватую, вузкую ў паясніцы i напятую на клубах ды грудзях, падперазаную чорным раменьчыкам белую сукенку.
Сяргей ніколі не быў у Германіі, дык чамусьці ўвесь час лічыў: немкі — адмысловыя жанчыны. Высокія, худыя, спартыўныя, амаль мужчынскага складу, абавязкова рыжыя, рабаціністыя, з вастраватымі i прадаўгаватымі насамі. I да ўсяго стрыманыя, разліковыя, а значыць, як кажуць, сухія. Эльза, недзе на гадоў дзесяць, а то i трошкі болей маладзейшая за яго (ёй цяпер, мабыць, было гадоў дваццаць сем), была чымсьці падобная на прыдуманы ім тып нямецкай жанчыны, але i чымсьці зусім разбурала той стэрэатып. Сапраўды, мела высакаваты рост, не нашмат меншы за ягоны, была з даўгаватымі нагамі, стройная, рыжаватая, але ні на яе твары, ні на шыі ды руках не было шмат вяснушак, нос быў роўны, але не востры, a ў яе постаці i паводзінах не было ні спартыўнай мускулістасці, ні сухасці, усё гэта было панадна жаноцкае. Яна была не толькі жвавая, але часамі нават гуллівая.
Пажылыя калегі, стаміўшыся за дзень i дарогу, пабрылі ў гасцініцу, туды ж сваёй згуртаванай купкай паваліла i моладзь — канечне ж, каб найхутчэй апаласнуцца ды падацца ў досыць багаты піўны бар, дзе можна было выпіць, пакурыць i патанцаваць (Сяргея тады, у тую першую замежную паездку, вельмі здзівіла, што гэтак заўзята i адкрыта смаляць замежныя маладыя дзяўчаты: у Мінску не толькі маладыя, але i пажылыя жанчыны цыгарэцілі за зачыненымі ад мужчын дзвярыма). Яны ж, Сяргей i Эльза, міжволі, не змаўляючыся, затрымаліся, пазіраючы на ўжо вячэрнюю, асвечаную рэкламнымі агнямі ды зіхоткую на асфальце ад нядаўняга дажджу Прагу.
— Шпацырэн? — запытаў ён.
Яна міла ўсміхнулася — можа, найперш ад таго, як ён па-свойму, не зусім правільна прамаўляе па-нямецку. Але не паправіла, узяла яго пад руку:
— Біттэ, Сэргэй.
Яны паціху рушылі па незнаёмай, нешырокай i спакойнай, аслоненай густымі дрэвамі вулцы. Маўчалі. Ён пазіраў то ўдалеч, на ўтульны, з рэдкімі ліхтарамі цемнавата-зялёны калідор, то перад сабой, любуючыся, як спрытна мільгаюць Эльзіны голыя ногі ў белых басаножках. Яна ж засяроджана пазірала на вулку, думала пра штосьці сваё. Можа, i пра свайго мужа Карла — той, як Сяргей убачыў учора на паказаным Эльзай здымку, быў, як кажуць, выкапаны немец (высокі i худы, рыжа-рабаціністы), а можа, успамінала малога яшчэ сына. Зрэшты, хто ведае, можа, яе думкі былі i пра яго, Сяргея: ён за сённяшні дзень часта адчуваў на сабе яе пранікнёны і цёплы позірк, ды, што ні кажы, цяпер між імі была нейкая адменная змоўніцкая еднасць: ім абаім захацелася яшчэ крыху пабыць разам.
Дагэтуль Сяргей быў верны муж i сем'янін, той-сёй са знаёмых выдавецкіх жанчын i сяброўскіх жонак хіліліся да яго, мабыць, былі не супраць завесці з ім раман, але ён стрымліваў сябе, часам са шкадаваннем i зайздрасцю бачачы, што некаторыя з гэтых жыццялюбных жанчын становяцца каханкамі іншых мужчын. I не толькі жывуць, не марнеюць, а яшчэ болей набіраюцца жаноцкасці, зграбнасці i красы. Што да Эльзы, дык ён не зусім разумеў, чаму яна пацягнулася якраз да яго (можа, ёй было не зусім зручна як з нежанатай ды незамужняя моладдзю, так i са старымі), але ён адчуў да яе закаханасць, што, бывае, узнікае нечакана паміж мужчынам i жанчынаю, скажам, у адной паездцы ў цягніковым купэ, за некалькі гадзін на сумеснай бяседзе, за той час, што стаіш у доўгай чарзе... Свежае i хвалюючае пачуццё ўзнікае, але паколькі Ён i Яна не прызналіся пра гэта, разыходзяцца i больш не бачацца, міжволі адплывае i затухае, застаючыся ў душы светлым i прыемным адценнем. Можа, штосьці такое было i цяпер. Але i для яго, i для Эльзы ёсць адна рэч, што не можа не хваляваць: яны, з любасцю пазіраючы адно на аднаго, не развітаюцца праз некалькі хвілін, а будуць разам яшчэ болей тыдня...
Тут, у мокрай засені, было даволі стыла. Неўзабаве Сяргей адчуў: Эльзе ў лёгенькай сукеначцы знобка, i яна мусіць наструньвацца, каб не пацепваць плячыма. Церпіць, ідзе з ім далей. Яму нечакана захацелася ў знак аддзякі альбо з-за звычайнай гарэзнасці прытуліць яе, але не змог даць сабе такой вольнасці: усё ж гэта будзе залішне, i яна можа занелюбіць. Паразважыўшы, ён мякка вызваліўся ад яе аголенай вышэй локцяў зграбнай рукі, зняў з сябе пінжак i накінуў ёй на плечы, сам застаўшыся ў белай кашулі з доўгімі рукавамі i пад гальштукам.
Читать дальше