Віця, збіты з панталыку, шмыгнуў назад у хату.
«Колькі ні вучы, усё роўна дурныя! A ўжо i адно, i другое жаніцца, замуж ісці хоча...»
У хату не заходзіў. Папрастаў да Шлёмы. Ідучы па двары, на якім ужо відаць былі з-пад зярністага снегу выкінутыя зімою з печы чорныя галавешкі, вуголле i попел, усё яшчэ сунуў ногі па снезе — чысціў падэшвы старых лапцей. Заўважыў: каля частаколін растаў снег, пацёк, канечне, на доле вадою. Адтаў снег, сышоў вадою i каля слупоў: частаколіны i слупы награваліся за дзень ад сонца, дык i слязілі вакол сябе снег.
На макраватай — з лужынкамі — вуліцы пакруціў туды-сюды галавою: дзе што відаць ці чуваць? Ішлі сюды, у гэты канец, па аднаму i па двое-трое сталыя людзі — да Шлёмы. За Нямкевічавым шваграм, Грыгарцэвічам, таўкліся дзеці. З усяго Глінішча. Відаць, агледзелі маленькую ручаінку, што ўжо спрабавала церабіць сабе дарогу з высокага поля на аселіцу. Дзеці пашыралі ёй шлях, капалі снег, ды, здаецца, тая ручаінка яшчэ гублялася ў снезе.
Насупраць Нямкевічавы сыны — сярэдняга росту. Алесь i здаравіла Янка — чысцілі двор. Скідалі вялікімі драўлянымі лапатамі за плот, у гародчык, снег. Хочуць, каб на вялікдзень было ў двары суха. Каля ix цёрся пляменнік Ясік.
Гарбацэвіч не запыніўся, толькі кіўнуў хлопцам галавою. Кіўнуў у адказ Алесь: «зяць», Янка, прыкінуўся: нічога не бачыць. Хоць, канечне ж, бачыў.
Алесь усміхаўся, нешта гаварыў брату — можа, i пра яго, Гарбацэвіча,— але той не пазіраў сюды.
«Саромеецца...— мільганула ў яго галаве.— Ужо ж не раз у іхняй хаце гаварылі, каб парадніцца... Няхай саромеецца. Лепш зяць ціхманы, чым негадзівы...»
Шлёмавы будыніны стаялі перад развілкаю дарог — на Пруды i Налібакі. Будыніны былі амаль новыя, высокія, светлыя, з мноствам вялікіх акон. Не такія, як у янкавінцаў. У ix амаль ва ўсіх хатах было па аднаму-два невялікія акенцы: людзі тут лічылі марнатраўствам рабіць шмат ці вялікія вокны ды дзверы, стараліся чым найменш мець у хаце дзірак, каб мала выходзіла ў неба цяпла. Калі ж хто рабіў большыя вокны ці яшчэ адно, трэцяе, дык таго усе дружна абгаворвалі.
Раней у Шлёмы — надта ўвосень ці зімохо — церлася шмат люду. Запыняліся па дарозе прыезджыя, заходзілі свае, за грошы, за збожжа ці ў доўг бралі гарэлку, селядзец, садзіліся ў піўным пакоі за сталы, пілі, перабіваючы адзін аднаго, гаманілі, уведвалі навіны, чужыя беды ды радасці, расказвалі свае i мяняліся на вачах — трацілі маўклівасць, хмурнасць ды зацятасць, смяяліся, весяліліся, з нейкаю незвычайнаю ўвагаю ды з болем слухалі Шлёмавага музыканта, скрыпача Лейбу, шгакалі, a часамі біліся i тады-сяды, бывала, забівалі каго i насмерць. Нехта меў адгэтуль дарогу на ложак ці на могілкі, нехта — у турму. Моцную ўладу мела над людзьмі гарэлка, а разам з гарэлкаю моцную ўладу над Янкавінамі меў i Шлёма. Недарэмна некалі, здаецца, яшчэ ў тым стагоддзі, у адным з рускіх часопісаў быў аднойчы такі малюнак з подпісам «Белоруссия». На малюнку была карчма, на яе ганку стаяў распаўнелы карчмар, а ля ганка ледзь не поўзаў на карачках п'яны худы i абарваны селянін у лапцях, спяваючы: «Без музыкі, без дуды ногі водзяць не туды».
Цяпер, як надышоў пост, карчма пацішэла: тутэйшыя людзі перасталі прыходзіць сюды па вечарах i ў святы, папрыліпалі, як мухі пад восень, да сваіх хат, чакаючы вялікадня. Збіраліся ў каго на вячоркі i баялі ўсякія гісторыі, легенды. Толькі сёй-той забягаў да Шлёмы ўпотай.
Цяпер у Шлёмы запыняюцца толькі праезджыя. Паставяць у стадоле каня, a самі паядуць, пап'юць чаю з самавара і, калi трэба, пераспяць у гасцінным пакоі. Кажуць, ім, праезджым, Шлёма i цяпер, у вялікі пост, прадае ўпотай гарэлку. Але не дазваляе піць яе ў карчме.
Калі Гарбацэвіч падыходзіў ужо да гэтай будыніны, пачуў ззаду звонкія шаламкі. Азірнуўся: па вуліцы неслася тройка сіва-белых, у чорныя яблыкі, коней. Сярэдні конь — над ім была чырвоная дуга, шаламкі — бег, горда падняўшы галаву, а два бакавыя пазварочвалі галовы набок. Саступіў дарогу: ехаў хатаўскі пан Свістуноў, сын таго Свістунова, у якога ён некалі парабкаваў. Зняў шапку, сагнуўся.
Бачыў: ні барадаты фурман — ён сядзеў у перадку на коленцах,— ні пан i яго жонка нават не зірнулі. Паглядзелі, можа, як на нізкія, крытыя саломаю хаты янкавінцаў ці як на дрэва. Пранесліся сані як віхор, мільганулі i ўраз схаваліся за Могліцамі — за маладым хвойнікам на ўзгорку. Ён толькі паспеў заўважыць: Свістуноў — амаль яго аднагодак — зусім схуднеў. Востры твар, тонкі нос. Кажуць, хворы на сухоты. Колькі ні лячыўся за мяжою, не памагае. А яго нашмат маладзейшая жонка ўсё яшчэ не старэе, маладая, свежая. Як царэўна вунь у бабровым футры i ў пышнай рыжай шапцы.
Читать дальше