Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку i скуб лісце. Як лавіў ротам галінку i цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося i абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна. Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але i не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.
— Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей...
— Страшнавата неяк, халера...— дрыготкім голасам прамовіў маларослы.— Закон жа ест строгі!..
— Бо ідзеш так у першы раз...— хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне i паднімаючы вышэй стрэльбу.— Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса — i варанага, i паранага, i катлетак, i шметак,— то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес... Стой! — Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка.— Дальбуг, вунь ён стаіць...
— Дзе? — пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.
— Па кубельцу, брат, будзя...— прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку i апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу.— Так што не лгалі людзі, бачылі-такі...
Губаты ўсё стаяў i пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах ca ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла i леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.
— Э-э, стралок!— грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму. — Ды ў цябе рукі калоцяцца i губы дрыжаць, як у зайца... То я пальну... Калі не ўкладу, то ты тады бі...— i паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам i ведучы ў яго бок ствалом.
Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль i толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, i больш ужо ён нічога пе мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната...
1976
1.
Доўгае, але вузкае люстэрачка густа запацела — i Навіцкаму, каб паглядзецца, прыйшлося выцерці яго мяккімі ручніковымі матузкамі. Цярнуў улева-ўправа, адлюстрыў шкло, пасля адпіхнуў на падстаўцы ў бакі павільгатнелыя шампуневыя бутэлечкі, слоік з зубнымі шчоткамі — i зірнуў на сябе.
Спачатку здалося, што адтуль, з люстэрка, глядзіць зусім яшчэ маладун з апалымі на шчокі мокрымі валасамі. Але як падняў, залізаў ix расчоскаю на патыліцу, адкрыў твар з буйным носам, пасля адкрыў высокі лоб, дык адразу пастражэў i стаў падобны на самога сябе, на саракадвухгадовага мужчыну. Так раптоўна пастарылі яго сур'ёзнасць, задумлівасць ды, відаць, i маршчыны. Ix было вельмі шмат на лобе, ля вачэй, а гэтаксама нямала ix, дробненькіх, гусцілася i пад вачыма, дзе яны цямнеліся глыбокімі плямкамі.
Калі папхнуў дзверы на калідор-прыхожую i ў цёплую, запараную ванную ўварваўся свежы струмень, пакрысе пачаў астываць ад цёплага душа, суха палымнець i чырванецца на жаўлаках. Не выціраўся, a толькі прыкладаў ручнік да цела. Бачыў: яно белае-белае, не крамянае ды дужае, як было яшчэ гадоў пяць назад, a залішне нейкае мяккае i вялае, як ва ўсіх людзей яго веку, што больш сядзяць, чым ходзяць, лянуюцца раніцай памахаць рукамі ды раз-другі нагнуцца-разагнуцца.
Як зусім абсох, тут жа надзеў адпрасаваныя жонкаю штаны, белую кашулю, гальштук — што ўсё вісела дасюль тут на дроце,— i вось цяпер, прыбраўшыся, ён неяк памаладзеў, схаваў сваю заранаватую паўнату, стаў, здаецца, зноў «ніц собе», як жартуюць яго жанчыны-падначаленыя. Яны кажуць, што ён не маладзёнак ужо, але яшчэ надта не пастарэў.
Прыбіраўся i чуў, што жонка — на кухні. Ляскала там то вечкамі каструль, то рэзала ды шаткавала, стукала нажом па кружку, часта пускала ў ракавіну ваду — i тады тут, у ваннай, гулі трубы, a калі рабіла моцны струмень гарачай вады, дык верхняя трубка трэслася, падкідала падстаўку i на ёй з'язджалі ўбок бутэлечкі. Ён узлаваўся на жонку, не вытрываў, выцягнуў руку i пастукаў пальцам у запацелае акенца — i Валя адразу паменшыла струмень.
Навіцкі крыху супакоіўся, падумаў, што не трэба затрымлівацца, а варта хуценька выйсці з ваннай, апрануць пінжак, плашч i, каб не бачыла жонка, падацца з кватэры. Не хочацца не толькі гаварыць з ёю, але i гэтак жа не хочацца нават сустракацца з яе самотным позіркам. Глядзець у вочы — не тое што не хочацца, а неяк сорамна. Сорамна ад таго, што яна — вельмі спагадлівая, чулая, добрая характарам жанчына — даўно ўжо, можа, ведае, чаго ён у кожную пятніцу прыходзіць з працы раней дадому, мыецца, прыбіраецца i куды з'язджае на цэлы вечар, яшчэ даўней, можа, адчула, што яна яму надакучыла. Ведае, але маўчыць. Маўчыць, каб не зналі пра гэта дарослыя дзеці, каб быў лад у сям'і...
Читать дальше