— Прыйдзе, i калі ты будзеш чысценькі, харошы, то i зноў шакаладку прынясе.
— Я буду чысты, мама.
— Ну i добра,— сказала Юля, зняла з грубкі нагрэтую прасціну, загарнула, як маленькага, у яе Пецьку i панесла на ложак, выцерла, адзела новую майку, трусікі. Укрыла коўдрай, пацалавала сына ў лобік, хвіліну пастаяла, радуючыся, што такі вялікі, прыгожанькі яе сын, яе радасць, уцеха; як ёй бывае часам цяжка, нядобра, i сын яе суцешыць, супакоіць; ужо тое, што ён толькі жыве, як штодня гаворыць Юлі: не гаруй па сваім жыцці, каго ты страціла ці цябе страцілі— табе трэба жыць. Дзеля сына, дзеля яго жыцця. Юля цяпер разумела, што значыць маці жыць не для сябе, а для сваіх дзяцей.
Яна адышла ад сына, разгарнула ў стаяку жар, пабіла галавешкі, зліла ў вядро ваду з ночваў i вынесла яе на двор; хвіліну пачакала, пакуль прападзе ў грубцы сіні агонь, тады зачыніла юшку. Маці, відаць, засталася начаваць у сваякоў, паленавалася ноччу ісці дадому; Юля пачакала яе i зашчапіла дзверы.
— Мама,— прытуліўся да яе сын,— а дзе наш тата?
— Працуе, сынок.
— ЁН прыедзе да нас?
— Прыедзе. I я ж чакаю яго,— сказала Юля.
— I мне веласіпед такі, як у Лёнькі, прывязе?— сын падняўся, з такой радасцю глянуў Юльцы ў вочы, што яна здзівілася, пасля зразумела ўсё i адчула, як кальнула ў сэрца, перавярнула нутро.
«Мой ты сынок,— падумала яна,— як жа табе хочацца бацькі!»
— Прывязе, Пецька,— сказала яму.
— I біцца тата не будзе, як дзядзька Сцяпан?
— Не будзе, сынок. Тата наш вельмі добры.
— А я веласіпеда Лёньку таксама не дам,— сказаў сын i лёг,— бо Лёнька б'ецца.
— Дасі, сынок, не трэба быць скупым i помслівым.
— Тады толькі адзін раз дам праехаць ад іхняй хаты да нашай,— сказаў сын.
— Ну, хоць раз, але трэба даць.
Сын хутка заснуў, усміхаўся. Яму, відаць, сніўся бацька, што нечакана прыехаў дадому i прывёз веласіпед.
7.
...Калі цяплелі вясною ночы, густа пахла бэзам, травою, моладзь збіралася вечарамі ля ракі на тупкім лужку, дзе школьнікі зрабілі, вытапталі валейбольную пляцоўку. Вечарам тут былі танцы.
Тады, нават гадоў пятнаццаць ці дзесяць назад, у вёсцы было гусцей моладзі, праз кожную хату жылі падлеткі-хлопцы, незамужнія маладыя дзяўчаты, сталыя хлопцы-халасцякі; вёску пакідалі толькі тыя, хто ішоў у армію ці каго бралі замуж, i зусім мала было тых, хто з'язджаў кудысьці шукаць лепшай работы i пабагацець.
Музыканты былі свае, звычайна ігралі Сцяпан i Алесь; ix загадзя хлопцы частавалі, задобрывалі, i тады яны ігралі вальсы ды полькі напераменку цэлую ноч, да рання.
Юля падлеткам не прапускала ніводных танцаў, тоўпілася з дзецьмі вакол танцавальнай пляцоўкі. У дзевятым i асабліва ў дзесятым класе на яе пачалі заглядацца хлопцы, запрашаць у танцы, стараліся правесці яе дамоў. Асабліва вытанцоўваў ля яе кучаравы Мікола, што адслужыў ужо ў арміі i ўладкаваўся на работу ў тутэйшае лясніцтва. У вёсцы нават пагаворвалі, што ён, калі Юля скончыць школу, збіраецца заслаць да яе сватоў, ды толькі пабойваецца, ці аддасць Наталля замуж такую маладую дачку...
Зімою, як накручвала з поля снегу вышэй платоў, замятала пляцоўку, збіраліся доўгімі вечарамі ў хаце Сямёніхі.
Хата ў Сямёніхі была вялікая, на дзве прасторныя палавіны, пустая — гаспадыня жыла адна з дарослымі дочкамі; вось сюды i збіраліся павесяліцца, схаваўшыся ад бацькоў, сталыя i маладыя кавалеры, прыпляталіся цікаўныя жанкі — глянуць, хто паглядае на яе дачку ці на каго яна кідае позірк, ці проста наглядзецца i назапасіцца на заўтрашняе гутаркай.
Юля хацела прыгожа апранацца. Яе кароценькія, выцвілыя вучнёўскія ці перашытыя з матчыных старых плаццяў сукенкі, матчыны старамодныя туфлі — усё ёй не падабалася i не падыходзіла. Маці толькі што аддала замуж старэйшую дачку — Маньку, многа патрацілася на вяселле i не магла ва ўсім дагаджаць Юлі. Заспакойвала: «Самая меншая, паспееш яшчэ прыбрацца, хадзі ў тым, што ёсць, яшчэ ніхто на свеце не памёр, што модна не адзяваўся». Юля перажывала, але не крыўдзілася, разумела маці; яна прыпала да вучобы, да кніжак, многа чытала i марыла стаць настаўніцай, такой, як іхняя класная Паліна Міхайлаўна.
Юля позна сядзела зімовымі вечарамі, чытала, глядзела ў цёмнае, замёрзлае, з хітрымі ўзорамі акно, слухала, як дзіка вые на дварэ мяцеліца, нібы плача малое дзіця, як шорстка сыпле ў вокны снег.
Да яе часта, абсыпаная снегам, радасная, прыбягала сяброўка Аня.
Анька была любімая дачушка ў сям'і. Яна вельмі ганарылася, што адзявалася лепш не толькі за вучаніц, але i за настаўніц, што была прыгожая. Яна не засмучалася, што цягнулася на слабыя троечкі, i ўвесь час гарнулася сябраваць з Юляй, можа, толькі таму, што спісвала ў яе задачы, а мо i тайна зайздросціла, што Юля, як i яна, была такая самая прыгожая ды яшчэ добра вучылася: ёю не маглі нахваліцца настаўнікі...
Читать дальше