Ён, каб не Нямкевіч, не паліў бы стажарышча, кінуў бы ўсё, як яно i было. Чаму яму думаць пра некага? Можа, той касец, хто будзе касіць тут, i ведаць не будзе, хто іменна пакінуў яму чысты, не закіданы голлем луг, не падзякуе. Але дзіва: людзі неяк заўсёды ўвазнаюць, што Нямкевіч такі гаспадарлівы i ў сваім, i ў чужым полі, лесе ды лузе, i хваляць, паважаюць яго. Як нікога з вёскі. I яшчэ дзіва: ты не раз зробіш некаму большае дабро, але табе няма такой падзякі. Няўжо таму, што няможна ўвесь час рабіць людзям толькі дабро, што робіш яго найчасцей тады, калі гэта трэба табе? Ды i паны, багацейшыя, не робяць толькі дабро. Як на ix кажуць? Багаты — рагаты: усё глядзіць, каб каго збіць. Не саб'еш — мець нічога не будзеш, ці нехта іншы цябе саб'е.
«Справядлівы! Бездакорны! Хоць за шкло! — пад'юшчваў i пад'юшчваў Гарбацэвіча шал на старога Нямкевіча.— Але не! I ты не анёльскі, Мудры! — Нямкевічаў звалі за вочы Мудрымі.— Аж вочы загарэліся, калі сказаў, што магу Анельку за Янака аддаць».
Бачыў: Нямкевічы сышліся, перакінуліся словам-другім, а пасля рушылі сюды. Бацька першы, сын за ім.
— Кажа мой хлопец: хадзем, тата, паможам цесцю...— усміхнуўся Нямкевіч, калі падышоў. Апусціў на вушы аблавушку.
Гарбацэвіч на міг прыпыніўся: рукі зусім анямелі, страцілі сілу. Уваткнуў паперадзе сябе вілы ў снег, абапёрся на вілішча грудзінай. Бачыў: Янка рэзка зірнуў на бацьку, нібы адмовіўся: тата, я ж такога не гаварыў! Я казаў, што яны i самі ўправяцца!
«Чаму не! — падумаў Гарбацэвіч.— Чаму не лезці да мяне ў радню! Мудрыя ж, чуюць, дзе смажаным пахне...»
— Ну што? — міргнуў Нямкевіч.— Выпшыкаўся?
— А як ты думаў...— ні злосна, ні прыязна адказаў ён.— Няма ўжо маладой сілы. Знасіўся, сцёрся, як вось у коле. Нядошлы ўжо...— зірнуў на сына. Той стаяў на санях. Амаль i не пачырванеў за дзень. Зусім вунь запалі вочы. Пад носам блішчыць. Адвярнуўся з незадавальненнем.— Можа, ужо i скора палучу па карку...
— Што ж ты хочаш! Век у ярме i ў ярме! — паспачуваў Нямкевіч.— Як вол! Каторыя i маладзейшыя за нас ужо не вытрымалі, спяць які год вечным сном...
Памаглі ўскінуць сена, а пасля пачалі ўціскаць жэрдку. Уціскаў стары Нямкевіч. Янка памагаў — віснуў на вяршку жэрдкі. Яны, Гарбацэвічы, таўкліся толькі пад рукамі, тузалі за вяроўку.
— О то сіла! — пахваліў, а на самай справе пазайздросціў Гарбацэвіч.— Як у старога, так i ў маладога! Мне ў гаспадарку такіх бы работнікаў! За чатырох управіліся б!
— Во былі б табе парабкі! — пацвяліўся Нямкевіч.— Але ты ўсё роўна наракаў бы, што i мы больш з'елі, чым зрабілі...
«А табе пра ўсё баліць...— незалюбіў Гарбацэвіч.— Дай са свайго, даплаці, калі шкадуеш маіх наймітаў...»
— Хітрыя ж гэтыя найміты, Ясь,— міралюбна прамовіў уголас.— Рабіць стараюцца мала, a ўзяць хочуць многа.
Як добра ўціснулі сена i завязалі вяроўку, Янка пачаў аграбаць з усіх бакоў сена зверху ўніз граблямі, бацька стаў на калені i, падпоўзваючы, узяўся абшморгваць рукамі сена з самага нізу, каб не чаплялася за кусты i не гублялася па дарозе. Гарбацэвіч пайшоў запрагаць коней.
Паспакайнеў. Суседава помач крыху ўлагодзіла яго.
«А можа, Ясь будзе i добры сват,— паразважаў,— i ён сам, i сыны па-сваяцку ўжо, калі трэба будзе, памогуць па гаспадарцы i платы вялікай браць не будуць. Пакрыўдзіў мяне бог, як ні кажы. I бацька, i дзеці... Надта сын... Хіба гэта сын, бацькава апірышча? Хіба гэта гаспадар? Трэба яму шукаць здаровую, разумную жонку, каб кіравала... Баліць сэрца: божа мой, божа, думает не пра сваё дзіця, а пра чужога чалавека як пра гаспадара... Ды што зробіш? Колькі нi плач, плачам нічога не паможаш. Трэба самому пра ўсё думаць. I пра гаспадарку, i пра род... Чужая, моцная кроў, можа, змяшаецца з нашаю ды паверне на сваё. Можа, хоць унукі дужыя, спрытныя пойдуць».
Пакуль думаў, запрагаў коней, Нямкевіч абкруціў вяроўкаю сена, ускінуў абчасаныя i абшморганыя астаткі наверх, а хлопцы падабралі ды занеслі на агонь i яго стажарышчы.
Цмокнуў на свайго гнядога каня. Той натужыўся, але нават не скрануў прымёрзлыя да снегу сані. Нямкевічы падапхнулі — пайшоў. Падагнаў да Янкавых саней. I калі вяртаўся трушком назад, бачыў: турзае кабылу за лейцы, цмокае сын. Сівая гэтаксама не магла зварушыць сані. I як ні памагалі ёй, усё роўна не здолела валачы такі цяжар: пачала праломваць шарпак і, відаць, тонкі асенні лёд i правальвацца, выносіць на паверхню, на белы снег, камякі чорнай гразі. Тут, дзе яны касілі, месца было зусім нізкае i мокрае.
Сівая лапатала, выцягвалася, аж трашчалі хамут i дуга, западала штораз глыбей у балота, выскоквала, кідалася ў бакі i нарэшце, праваліўшыся ледзь не па жывот, стала як укапаная. Азірнулася i, здаецца, разумна, па-чалавечаму зірнула з віною. На яго гэтаксама — ён якраз падбягаў.
Читать дальше