- Ну-у! - мімаволі вырвалася ў Андрэя Іванавіча, і сапраўды ўсцешанага такой навіной.
- А дзе ён дзенецца! Згуляў пад нашу дудку! Там і палажылі... У воўчым лажку ля мосціка... І адной кавалерыі чалавек пяцьдзесят: эсэс у эсэса, як на падбор...
- Ну, а як жа яна? - запытаўся ён ужо ціха, заўважыўшы на нарах накрыты палаткай кажушок. - Палягчэла ёй? Спіць? - Нават на цыпачкі стаў хлопец, каб не нарабіць залішняга грукату сваімі ботамі.
Чалавек нешта адказаў незразумелае, нешта махнуў рукой.
- А мы вот толькі коней запрагаем па доктара, з мястэчка думаем прывезці, з-пад самага носа ў немцаў!
Андрэй Іванавіч коратка загадаў:
- Не трэба...
Хлопец паглядзеў на яго, не разумеючы загаду.
- Не трэба, мой дружа... Яна памерла...
Часта-часта замігалі вочы хлапчыны, нібы лёгкі цень прабег па яго твары. Ён зняў шапку і ўсё цёр скронь, гледзячы ўніз, на асыпаную ігліцай падлогу.
Андрэй Іванавіч маўкліва падкладаў у печку пахучыя смалякі.
Да самай раніцы прыходзілі і выходзілі людзі з зямлянкі. Наведвалі чалавека, каб дапамагчы яму перайсці праз вялікае чалавечае гора.
* * *
А на сяле былі свае навіны.
Жанчыны пайшлі раніцой у школу здаваць малако, якое насілі яны туды штодня. У старажоўцы, дзе прымалася малако, нікога не было. Пуста было і ў школе. Праз два разбітыя акны і адкрытыя насцеж дзверы гуляў вецер. Цэлыя сумёты снегу намяло на падлогу. Немцаў не было, хаця і стаялі іх нары з пасцелямі. На сценах віселі іх ранцы, уся салдацкая гаспадарка была на месцы. Але салдатаў не было. Пайшлі запытацца ў старасты. Старасту таксама не знайшлі. Яго хата пуставала. І толькі тут заўважылі стары дуб, які звычайна абыходзілі, стараючыся не праходзіць каля яго. На высокім, абпаленым калісьці маланкай суку раскачваліся на вяроўцы два чалавекі. Жанчыны боязна падышлі бліжэй і пазналі ў вісеўшых старасту і каменданта. Яны віселі на адной пятлі, абняўшыся, твар у твар, нібы застыглі ў доўгім прыяцельскім пацалунку. Абсыпаючы шорсткім снегам, вецер раскачваў іх з боку на бок, і яны калыхаліся пад посвіст завірухі на гэтых нябачаных страшэнных качэлях.
- Дацалавалася, касматая душа!..
Нехта ўспомніў пра сабаку.
Нехта сказаў пра юду.
Нехта проста сплюнуў.
А завіруха гудзела, намятала гурбы, прыкрывала снегам чорныя галавешкі пажарышча.
Людзі моўчкі разышліся па хатах, падалей ад таго месца, дзе глуха парыпваў пад шалёным ветрам апалены маланкаю дубовы сук.
1942
Груша расцвіла ноччу.
Яшчэ ўчора стаяла яна голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі, з вымерзлымі сям-там галінкамі, на якіх парэпалася, узлахмацілася кара, і з самай ранняй вясны гаманлівыя гракі працавіта расцягвалі мачалістыя валокны на свае грачыныя гнёзды. Некаторыя галінкі былі пазламаны, нібы пасечаны, - сляды мінулых баёў пад гэтым сялом.
Цяпер яе не пазнаць было, старую грушу.
Як нявеста ў падвянечнай фаце, яна стаяла ў белай кіпені кветак, радасная, святочная, у хмелевым гудзенні пчол, ярка пабліскваўшых залацістымі шклінкамі крыл у пахучай квецені вясновага ўбору. Усё навокал змянілася, упрыгожылася. Неяк утульным і ўпарадкаваным зрабіўся стары двор, з паламаным парканам, з ускудлачанай вятрамі страхою паветкі, з скасабочаным хлеўчуком, дзе мясціліся гаспадары хаты. Нават чорныя папялішчы, што былі далей, паспелі ўкрыцца бледным зяленівам маладой крапівы і не так ужо кідаліся ў вочы. І над усім гэтым было столькі глыбокага празрыстага блакіту, столькі свету і сонечнага ззяння, што обер-лейтэнант Отто Штрайх, выйшаўшы з нізкіх дзвярэй хаты, у якой ён кватараваў, аж прыжмурыў вочы. Калі асвойтаўся крыху са святлом і працёр свае акуляры, ён, зірнуўшы яшчэ раз на пышную грушу, усклікнуў упаўголаса:
- О-о!
Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці да гэтай кіпучай і нічым не спынімай сілы жыцця, якая не любіць смерці, не любіць разбурэння і так старанна загойвае, хавае ўсе сляды гвалтоўнага, прыкрага ўтаржэння ў яе магутны і неўміручы поступ. Жыццё не любіць тлену. Вось суровыя рады бярозавых крыжоў на самай ускраіне сяла ўжо страцілі свой беласнежны колер, патускнелі, амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Пройдзе яшчэ які час - і сатлеюць крыжы.
Гэта крышачку сумна - крыжы...
Пад імі магілы германскіх салдат.
Гэта ўжо зусім сумна - магілы...
Але светлы дзень, і ён - Отто Штрайх - стаіць жывы і бадзёры на парозе чужой хаты, варожай хаты. Тыя, што жылі ў ёй, месцяцца цяпер у гэтым брудным хлеўчуку, і праз шырокія шчыліны паміж бярвенняў сцяны бачыць Отто Штрайх некалькі пар дзіцячых воч, якія цікуюць за ім і ўраз знікаюць, калі сыходзіць ён з парога хаты. Але якая яму справа да гэтых дзяцей...
Читать дальше