- Палкоўнік ставіць перад вамі ўмову: калі хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забіў нямецкага афіцэра і вызваліў Сёмку-бальшавіка?
Народ глуха маўчаў. Толькі відны былі сцятыя ў бяссіллі кулакі, суровыя твары былі ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамі, грозна падступаў да некаторых.
- Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызваліў?
Але маўчаў народ. Толькі ўсхліпвалі жанчыны, выціраючы слёзы ражкамі хусцінак, ды плакалі дзеці.
Адышоўся памешчык, пачаў нешта раіцца з палкоўнікам. Той махнуў рукой аднаму з афіцэраў. Двух хлапцоў, якіх узялі з лесу са зброяй, падвялі да абгарэлай грушы, паставілі пад ёй. Да іх падышоў поп, нешта гаварыў ім, паказваючы на крыж. Але бачыў Міколка, як плюнулі хлопцы на крыж папу, на яго грудзі. Як пабіты сабака, адышоў поп убок. Загаласілі жанчыны, хапіўшыся за галовы. Глуха шапталі старыя:
- Калі ж кончацца гэтыя здзекі? Ці доўга цярпець яшчэ будзем?
Грымнулі стрэлы... Міколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькі, як узняліся над папялішчам стаі чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лісце і ціха-ціха кружылася, ападаючы ўніз. Яму насустрач віліся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.
Доўга яшчэ здзекаваліся над людзьмі, усё выпытвалі пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб і жывёлу, хто быў у батрацкім камітэце.
Але колькі ні настаўлялі на людзей кулямётаў, колькі ні спрабавалі страляць паверх галоў у народ, нічога не дапамагала. Людзі маўчалі. Тады памешчык з афіцэрамі падышлі бліжэй да людзей. Некаторых бралі і адводзілі ўбок. Вось і да дзеда з Міколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:
- Ты хто, нешта цябе я не памятаю?
- Я таксама з табой незнаёмы... не даводзілася сустракацца... - працадзіў дзед скрозь зубы.
- А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць... Жарты ў мяне кароткія... Хто і адкуль? - усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.
- Чалавек я... Вось хто я.
Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.
- Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў... Відаць, з рабочага кодла, пракляты... - засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: - Гавары, хто гэта такі?
- Гэта мой дзед... - адказаў напалоханы Міколка.
- Які дзед?
- А дзед... вось проста дзед, і ўсё тут.
- А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?
Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:
- А я дзедаў унук.
- А фамілія твая?
Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю...» Як уджалены, падскочыў пан.
- У склеп іх! - грымнуў ён на ўсё горла.
Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.
Міколка з дзедам ішлі ў групе людзей. Іх падганялі салдаты. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. На шапках былі страшныя чарапы. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары нямецкіх слоў: «З намі Бог!»
Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.
Паблісквалі штыкі.
Людзей вялі ў склеп.
Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі, з невялікімі акенцамі, узятымі ў жалезныя краты. У акенцы відаць былі ногі часавога. Другі часавы быў ля дзвярэй, ад якіх вяла ў склеп невялічкая лесвіца. Гэты часавы хадзіў узад і ўперад ля дзвярэй і раз-пораз гучна пакрыкваў, каб не размаўлялі між сабой, каб сядзелі ціха, маўкліва. Было тут каля трыццаці чалавек. Было некалькі батракоў, адзін каваль, а рэшта сяляне. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі, ці будзе калі збаўленне ад пана, ад немца, ці хутка прыйдзецца паміраць. Спрабавалі спытаць аб тым часавога:
- Што-та будзе з намі?
Часавы трохі разумеў словы. Ён зразумеў запытанне. Усадзіўшы з размаху штык у зямлю, ён сказаў:
- Вось што будзе з вамі...
Такі быў адказ. Ад гэтага жэсту ў многіх забегалі мурашкі па целу і стала цяжка дыхаць. Каб пазбыцца невясёлых дум, стараліся заснуць, масціліся на цаглянай падлозе, на старых бочках, паскіданых у склепе. Мала гаварылі, бо ўсё ўжо было перагаворана паміж сабой і кожны знаў галоўную ўмову - не гаварыць немцам нічога, не выдаваць нікога. Толькі адзін з сялян, з прычасанай у клінок барадой, у чыстым, новым кажушку, усё божкаўся ды войкаў у кутку:
Читать дальше