Міколка з дзедам трапляюць у бяду
Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам натрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькі дзесяткаў сялян з сем'ямі, з маёмасцю, з коньмі, з каровамі. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Стаялі калёсы з паднятымі ўгору аглоблямі. На аглоблях былі панадзяваны розныя дзяругі, коўдры. Пад гэтымі дзяругамі спалі на лахманах дзеці. Плакалі жанчыны то голасна, то ціха, наўзрыд. Плакалі па-рознаму, але словы былі адны:
- А што ж то будзе далей? Хіба жывымі ў магілу класціся?
Ля калёс гарэлі агні. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Нібы раіліся залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен, ялін. Ад сядзеўшых ля агню сялян мітусіліся навокал палахлівыя цені, яны скакалі па дрэвах, па кустах і знікалі, праглынутыя чорнымі змрокамі ночы. Усюды было трывожна. Гэта відаць было і па плачу жанчын, і па гутарках сялян, па іх трывожных позірках навокал. Некалькі чалавек было з старымі паляўнічымі стрэльбамі. Яны вартавалі жывёлу - тут жа ў лесе пасвіліся коні, каровы, свінні.
Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек, акружылі, запыталі сурова:
- Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?
- А вы хто? - перапытаў у сваю чаргу дзед.
- Мы сяляне, уцяклі ў лес ад немцаў...
- Ну дык і мы ўцяклі ў лес... А самі мы рабочыя, чыгуначнікі.
Слова за словам - пачалася гутарка. І тут убачыў Міколка, што аднолькава прыходзіцца ад немцаў і рабочым і сялянам. І тым і другім прыходзіцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошні свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нічога не даюць, прымушаюць галадаць. У селяніна немцы адбіраюць апошнюю карову, апошні хлеб, паляць яго хату, калі селянін не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступі супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерці.
- Адным толькі панам настала цяпер вялікае жыццё... - гаварыў адзін з сялян. - Толькі немцы прыйшлі, з'явіўся і пан. І такую расправу ўчыніў нам, што мы і не снілі ніколі... Вось і сядзім цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзілі Сёмку да смерці за тое, што ён нібыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, відаць, і судзілі. І хто ведае - жыў цяпер Сёмка ці не...
Да самае поўначы гаварылі каля агню. Тут жа і ўлегліся спаць. Хто пад калёсамі, хто пад хатнім скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу ці шапку-кучомку. Тут жа спалі і Міколка з дзедам.
А перад самай раніцай узняліся ў лесе таропкія стрэлы. Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі:
- Ратуйцеся, немцы ў лесе!..
Але хавацца было ўжо недзе. З усіх бакоў акружылі немцы паляну, дзе размясціліся ўцекачы-сяляне. І калі намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасці хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокі нямецкі штык і чуўся грозны вокліч:
- Стой! Назад!
Сяляне кідаліся назад, але ўсюды іх сустракала адна і тая ж грозная каманда, шэрыя каскі салдат і ашчаціненыя штыкі. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай.
- Патроны, дзеду, хавай, патроны! - ціха крыкнуў Міколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкі салдат і штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногі. Міколка кінуўся да салдата, лёг грудзьмі на вінтоўку, каб адвесці штык ад дзеда, але тут жа пакаціўся па зямлі. Яго ўдарыў прыкладам вінтоўкі другі нямецкі салдат. Міколка ледзь падняўся на ногі, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Міколкі кружылася галава, нейкая пеляна засцілала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, які так неміласэрна ўдарыў яго. І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку. Ён падхапіў вялікі камень і кінуў яго ў салдата. Камень трапіў у каску. Азвярэлы салдат кінуўся са штыком на Міколку. І здавалася тады Міколку, што ніколі яму болей не ўбачыць ні гэтай паляны, ні лесу, ні дзеда, ні бацькі. Ля самых грудзей прамільгнуў перад ім шырокі штык, і Міколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплі расы ў барвовых і яркіх водблісках раніцы. Але то была не раса. Гэта Міколкава кроў пацякла па штыку. Хапіўшыся за яго абедзвюма рукамі, Міколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы і крыкнуў. Яго адцягнулі ад штыка падбегшыя жанчыны.
Читать дальше