Мне ж глядзець, хай сабе i трыццаць тэлепраграм, зусiм не захацелася. Якi, ё-маё, тэлевiзар, калi ты самым натуральным чынам у Амстэрдаме? I можна спакойненька выйсцi на пляц Дам, што азначае не асоб жаночага лёсу, а дамбы, канструкцыi для затрымкi вады, дзеля засцярогi мясцовасцi ад затаплення. А выйшаўшы, можна тут жа пачуць: «Кока, кока, гашыш?!» Амстэрдам — горад вольных, свабодных i не славянскiх нораваў. Хочаш какаiн? Купляй, нюхай, кайфуй... Не жадаеш какаiну? Набывай гашыш, купляй анашу, ужывай алкаголь... Можаш з рук у мурына, на пляцы Дам, не адыходзячы ад гатэля «Краснапольскi», прыдбаць любы (без нацiску) кайф. А калi ты, як я, гiдзiшся вулiчных гандляроў наркотыкамi, дык можаш з пляца Дам павярнуць на вулiцу Дамрак i рушыць у бок чыгуначнага вакзала. Дамрак будзе зiхцець i пералiваць вiтрынны бляск, а ты будзеш спакойна i самаўпэўнена iсцi i думаць: вось iду па Амстэрдаме, проста, бязмэтна. Дзеля ўласнага лёгкага задавальнення шпацырую сабе па вулiцы Дамрак. І ўсiм прадаўцам кайфу зноў i зноў кажу: «Ноў i ноў». Мне i так выдатна.
Адно мне яўна назаляла: брудныя гандляры наркотыкамi. Пакуль дайшоў да вакзала, у мяне ледзь галава не адкруцiлася ад бясконцых «не».
У першы амстэрдамскi вечар мне цалкам хапiла кароценькага шпацыру, каб смяротна стамiцца i, праглынуўшы гарачую канапку ў «Макдональдзе», вярнуцца ў гатэль i заснуць, каб прыснiць эратычны сон...
Нiбыта прыехаў я не ў сталiцу Нiдэрландаў, а ў горад на рэчцы Прыпяцi, слынны Мазыр, да сваёй даўно пакiнутай жанчыны — Тамары. Яна сустрэла мяне на аўтобусным прыпынку. Стаяла жахлiвая спёка, i Тамара скардзiлася, што доўга чакала i стамiлася ад гарачынi, а я чамусьцi не захацеў iсцi да яе дамоў, каб у цяньку папалуднаваць, а загадаў цягнуцца на будоўлю, дзе Тамара зрабiла мазаiчнае пано. Мая жанчына мела мастацкую адукацыю i выкладала з каляровых каменьчыкаў постацi будаўнiкоў лепшай, святлейшай, справядлiвай будучынi. Толькi ў дадатак да самавiтай адукацыi Тамара мела наравiсты характар i мужчынскую, жывёльную, казiную ўпартасць. Паказваць пано яна адмовiлася. І мы, як бывае ў сне, вокамгненна апынулiся ў лесе, дзе не было спёкi, а стаяла цяплынь i цiша, i можна было распрануцца i пазаймацца тым, чым захапляюцца ён i яна, калi вельмi кахаюць адно аднаго. Тамара ўзняла спаднiцу, легла на падасланы швэдар, развяла блакiтныя сцёгны i прашаптала: «Толькi давай хутчэй, я саромеюся ў лесе». Мне зусiм не спадабалася абразлiвае «хутчэй», але я не ўдакладняў, наколькi моцна маёй жанчыне не падабаецца iнтым у лесе. Я ўвайшоў у маленечкую мышыную адтулiну, каб хутчэй забыцца на ўвесь навакольны свет. І я забыўся. І апынуўся, так бывае ў сне, у кватэры Тамарыных бацькоў. Я сядзеў на маленькай варэльнi i з апетытам еў дробныя, добра прасмажаныя катлеты. Тамара стаяла ў кутку з белай вяроўкаю ў руцэ. На ёй быў адно празрысты халацiк, пад якiм тырчалi вялiкiя, поўныя малака, грудзi, а там, дзе смочкi дакраналiся да тканiны, распаўзлiся дзве вiльготныя плямiны. «Зараз, даем катлеты i нацягну тваю вяроўку для сушкi пялюшак». Тамара не адказала, толькi ўздыхнула цяжка, як па нябожчыку, i сышла ў пакой да нашай трохтыднёвай дачкi. Дакаўтаўшы катлеты, у дзiцячы пакой прыцягнуўся i я. Тамара кармiла Вольгу, а я глядзеў i здзiўляўся — якiя вялiкiя цыцкi парабiлiся ў маёй жанчыны. Пакармiўшы, яна пачала спавiваць дзiця, i я спытаў: «Чаму ў нашае Вольгi ўвесь жывот выпацканы зялёнкаю?». — «А вось такiя мастакi працуюць у мазырскай радзiльнi, не могуць акуратна пафарбаваць пуп». Мы не засмяялiся. Мы апынулiся ў Мiнску на Прывакзальным пляцы. Ішоў снег. Было дванаццаць гадзiнаў ночы. «Мне трэба бегчы, iнакш спазнюся на цягнiк». Я паспрабаваў быў утрымаць Тамару, але марна, яна вырвалася i хуценька пабегла ў аснежаную цемрадзь.
А прачнуўся я ў Амстэрдаме, на пляцы Дам, на трэцiм паверсе гатэля «Краснапольскi», у мяккiм шырокiм ложку. Нумар залiвала цёплае жаўтаватае святло, якiм падсвечвалiся фасады будынкаў, каб начны горад не губляў урачыстасцi. Я сеў на ложку i ўтаропiўся на вялiкi шкляны стол, на якiм красавалася залацiстая лямпа. Стол i лямпа адбiвалiся ў насценным люстэрку i зiхацелi прыцiшаным бляскам. Багацце дадае ўпэўненасцi, але не дае весялосцi. Я маркоцiўся, седзячы ў ложку найшыкоўнейшага еўрапейскага гатэля. Над маёй галавою вiсела квадратная карцiна, вышытая залатымi нiткамi i ўпрыгожаная штучнымi перлiнкамi. Такi зграбны акуратны жаночы палавiчок, выштукаваны ўмелымi рукамi i прымацаваны да сцяны. Сумна. Я павалокся ў душ i гарачай вадою спрабаваў змыць маркотны настрой, i змыў.
Читать дальше