Каня ён даў, не падмануў.
Але да ранiцы трэба было ноч перажыць. Мае рэчы паехалi ў Мiнск, i мне зусiм не было чаго рабiць, я бадзяўся па апусцелай i гулкай, як бочка, школе. У незачыненым пiянерскiм пакоi знайшлася цэлая падшыўка часопiса «Беларусь». На адной з каляровых крэйдаваных уставак я ўбачыў рэпрадукцыю Кiма Тодаравiча. «За родную зямлю» — так узнёсла называўся жывапiсны твор. І мне зрабiлася ясна, чаму так любiў паўтараць Кiм Жэрдка: вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Конь белы, здаровы, асветлены вечаровым, а можа i ранiшнiм, карацей, нiзкiм сонцам. Скакун быў яўна ў сваяцкiх адносiнах з канём 1456 года нараджэння. Праўда, замест Нiколы да Таленцiна на iм сядзеў будзёнавец у вастрадзюбай шапцы, азоранай пяцiканцовым чырвоным знакам. А-а. Вучыцеся ў раннiх iтальянцаў. Мелася на ўвазе — перамалёўвайце з твораў Паола Учэла. Ясна. Выдатна. Недарма прагартаў стос часопiсаў. Я мог бы, пад настрой, зрабiць яшчэ некалькi адкрыццяў, каб не грукат у шыбу.
— Выходзьце!
У думках я яшчэ згадваў бiтву пад Сан-Рамана. Конi. Вершнiкi. Дзiды. Сцягi. Мячы. Сякеры. Іржанне. Ляскат. Труп у ракурсе...
На ганку мяне чакалi. Матацыклы. Ланцугi. Боты. Дзецюкi. Нахабства. Лаянка. Здзiўленне. Запытальныя позiркi. Загад.
— Клiч астатнiх!
— А я адзiн.
— Як адзiн?
У школьныя дзверы ўскочыў дробненькi падшыванец з пысаю ўслужлiвага пацука.
— Нiкога!
— А дзе ўсе?
— У Мiнску.
Бойкi не адбылося, бiць аднаго вясковыя бэйбусы не захацелi. Яны запрасiлi мяне выпiць. І я ўлiў, увагнаў у сябе тры стограмовiкi сiвой самагонкi. Закусвалi салам, шырокiм, на чатыры пальцы, i цыбуляю, якую тыцкалi ў насыпаную на газецiне соль.
Як мне ранiцай было кепска! Жах! I яшчэ сонца. Бязлiтасная гарачыня. І конь, якi не iшоў, а валокся. Мёртвы ад п’янства Кiм Тодаравiч ляжаў у саломе на возе. А мы з фурманом iшлi побач. Я малiў Бога, каб фурман перастаў гаварыць, i без ягонай балбатнi галава пухла. На станцыi я збегаў па квiткi, i мы разам з фурманом завалаклi раскiслае цела выкладчыка ў вагон.
— Да Маладзечна працверазее! — абнадзеiў мяне фурман на развiтанне, i дарма.
Не ачомаўся камунiстычны iнтэрнацыянал моладзi да Маладзечна, дзе давялося ляснуць яго па шчацэ, каб хоць з вагона выпаўз. Дзе там! Вывалак я яго на перон i паставiў каля плота. А сам пабег па квiткi. Прыбягаю назад, а ён ляжыць на зямлi, скруцiўся, як кот, у клубок, спiць, а над iм два мiлiцыянты спрачаюцца, каму з iх весцi п’янага ў выцвярэзнiк. Яны, мусiць, крышачку ўзрадавалiся, калi я падышоў i пачаў прасiць не чапаць майго выкладчыка. Каму ахвота з п’яным валэндацца.
— Каб праз хвiлiну вас тут не было!
Мiлiцыянты сышлi, а я пад пiльнымi позiркамi пасажыраў павалок утрупянелага настаўнiка ў электрычку. На дашчанай лаўцы я ўздыхнуў з палёгкаю. Людзей было мала, i Кiм Тодаравiч мог цiхамiрна храпцi, адзiн на цэлыя тры месцы. Толькi чым блiжэй да Мiнска, тым пасажыраў больш, ты ж ведаеш. І вось у Заслаўi Кiм Жэрдка ўжо спаў седзячы, прыцiснуты маiм плечуком да сцяны, каб не павалiўся на кабет, што злосна касавурылiся на нас. А ў Зялёным адбылося «ўваскрашэнне з мёртвых». Імгненнае цудадзейства. Кiм лыпнуў вачыма, здрыгануўся i ажыў. Лепш бы ён спаў, лепш бы ён нарабiў сабе ў порткi, чым пачаў заляцацца да румяных таўстух, што кпiлi з яго i мяне.
— А праўда, вы мастак? Гы-гы!
Жывёлiны. Раскормленыя, непадмытыя скацiны. Я не буду казаць, чым патыхала ад Кiма Тодаравiча, але ад iстотаў у спаднiцах цягнула ржавым селядцом. Калi б Кiм Жэрдка курыў, я б выйшаў з iм у тамбур. Але ён не курыў. «Лепш выпiць сто грамаў, чым каўтаць дым». Сентэнцыя, пастулат, якога, дарэчы, прытрымлiваўся яшчэ адзiн выкладчык з нашай мастацкай вучэльнi, Уладзiмiр Бароўка.
І што? Згарэў! Самым натуральным чынам згарэў у майстэрнi. Адчышчаў ацэтонам уфэнданую ў алейную фарбу калашыну. А быў ужо вечар, i прапала электрычнасць, i Бароўка пасвяцiў сабе запалкаю. Цi адчысцiлася калашына? Паходня! Крык! Не паспелi ўратаваць. Судмедэкспертыза пацвердзiла развагi плеткароў. Бароўка быў нецвярозы. Вось табе i лепей сто грамаў.
Лепш бы яны курылi, тады б я прапанаваў Кiму Тодаравiчу цыгарэту. Натуральна выглядала б. Толькi i я тады не курыў, я чырванеў ад брыдкасцi гэтых бесперспектыўных заляцанняў аж да Мiнск-Пасажырскага. З вакзала мы пайшлi ў гастраном i набылi дзве пляшкi «Вермуту». Не змог я нiчога зрабiць. Калi такiм вермутам аблiць нагавiцы, дык нiякi ацэтон не возьме. З чаго яго рабiлi? З нафты? А чаму не. Штучную чорную iкру рабiлi з нафты. І елi людзi, i я еў... Пластмасай крыху аддае, але, калi пасыпаць буйной соллю, можна i заглынуць, як той вермут. Заплюшчваеш вочы i, не адрываючыся, улiваеш у сябе бутэльку цалкам. Не дай Бог спынiшся, другi раз не зможаш да рота данесцi — фантан пусцiш, выверне. Так i вывернула Кiма Тодаравiча Жэрдку. Ну i бываюць жа прозвiшчы! Жэрдка! Ну, якое ён мае дачыненне да жэрдкi? У iм жа росту ўсяго якiх паўтара метра з хвосцiкам.
Читать дальше