Згадалася зусiм iншае, ярка-жоўтае святло ў вокнах РДК.
Я глядзеў фiльм-казку пра цара i царыцу. Фiльм скончыўся, мы — дзецi — выйшлi на вулiцу i засталiся чакаць танцы. Самi мы на танцы не хадзiлi, а паглядзець праз вокны, хто з кiм танчыць, хацелася. Звычайная справа. Найвялiкшай ганьбай для койданаўскай дзеўкi было танчыць з салдатам, ну, зразумела, што не з тым мясцовым хлопцам, што, як Бронiк, у адпачынак прыйшоў, а з нетутэйшым. А што нi танцы, дык 5–6 салдат, як з-пад зямлi, у РДК вырастала. І адкуль яны толькi бралiся? Пакураць на ганку, i ў клуб, iх бясплатна пускалi. Усё ж салдаты, iм цяжка служыць. Дзяцей дык фiг пускалi.
Мы на вокнах вiсiм, цiкуем. Якiя спаднiцы i сукенкi круцяцца.
«Ты, фраер лысы, валi адсюль, пакуль пiлоткаю кроў не выцiраеш!» На ганку двое салдат i мясцовы хлопец пасварылiся. Салдат нашаму хлопцу жахнуў за «лысага фраера» так, што той на прыступках звiўся ў клубочак. Салдаты ў РДК зайшлi. Не, каб уцякаць. А хлопец апрытомнеў, заляцеў на танцы i як зараве: «Салдаты нашых б’юць!!!» Што ўсчалося?! Хлопцы як адзiн дзевак пакiдалi i пачалi бiць вайскоўцаў. А тых можа чалавек 20 было. Яны рамянi паздымалi, спражкамi махаюць. Нашы крэслы пахапалi, i з крэсламi на салдат. А мы, таксама разумныя, праз фае, дзе танцы iшлi, прабеглi ў залю, дзе кiно, шуснулi, думалi бясплатна дарослы фiльм глянуць. Дзе там глянеш! Салдаты таксама ў залю адступiлi, бо выхад iм перакрылi. Кiно, вядома, спынiлi. Людзi ў залi пачалi крычаць. Нехта ў экран крэслам кiнуў i прарваў. Адзiн з салдатаў, найхiтрэйшы, на двор выскачыў i ўцёк. Астатнiх збiлi на горкi яблык, як толькi не пазабiвалi. Павыцягвалi нашы хлопцы тых збiтых салдатаў у сквер, пад помнiк Дзяржынскаму, i самi ў клуб вярнулiся.
Каля клуба натоўп назбiраўся, можа, чалавек 150—200. Дзеўкi збольшага паўцякалi, а хлопцаў наадварот паболела. І тут ад банка да РДК дзве машыны, поўныя салдатаў, вырульваюць, а паперадзе мiлiцэйскi газiк. Нехта пазванiў, гад. Натоўп каля РДК завiраваў. Машыны спынiлiся, салдаты павыскоквалi з машын i пабеглi на збой.
Арганiзаванасць вайскоўцаў у першую хвiлiну дала iм перавагу, частка койданаўцаў разбеглася. Але чым далей iшла бойка, тым у горшае становiшча траплялi салдаты. Мясцовыя адступiлi ў клуб, i там бiлi салдат усiм, што траплялася пад руку — бутэлькамi (буфет разнеслi!), скрынямi, крэсламi, калЗмi. «Я лысаму па зубах калком, як у... iзджу. Ён зубы i павыплёўваў, — расказвала на другi дзень Ванька — мясцовая паўпрастытутка, што пра сябе гаварыла толькi ў мужчынскiм родзе. — А потым афiцэрык да мяне падлятае. «Дзевушка, дзевушка...» Я ўсмешачку, i кастэтам яму пад вока як за... андзячу. Лупiў, як толькi мог. Мы б iх ухайдохалi, але тут трэцi кодаб зялёных прывезлi. І яны нас угаманiлi. Але я сваё зрабiў. Пад вока кастэтам як у... iзджу».
РДК месяц рапаравалi, бо зматлашылi ўсё, нават бiблiятэку. Кiно ў Койданаве не было, i ўсе глядзелi тэлевiзары i слухалi прыёмнiкi. Нехта пачуў, як «Голас Амерыкi» перадаваў пра бойку. Людзi абуралiся, што дыктар сказаў, нiбыта бiлася 300 чалавек. Абуралiся, бо паводле мясцовых даных бiлася чалавек 500–700. Потым перажывалi на судзе. Як судзiлi салдатаў, нiхто не бачыў, толькi казалi, што трох пасадзiлi. А з койданаўцаў пасадзiлi двух, таго, што крыкнуў: «Салдаты нашых б’юць!», i хлопца, якi першы пасля крыку ўдарыў салдата. «Крыкуну» далi 5 гадоў, а «Байцу» — 3. «Баец» i стаў адзiнай смяротнай ахвярай той бойкi. За тыдзень да вызвалення яго зарэзалi ў турме — «прайгралi ў карты».
Пасля рапарацыi ў РДК набiлася поўна народу i ўсе замест таго, каб глядзець фiльм, успамiналi бойку. «Я лысаму па зубах калком як заеду!» — ляцеў над заляю Ванькаў голас, i ўсе клалiся са смеху.
Мiнск. 24.I.1990
Карыда
(падарожная аповесць пра лютасць)
Нашто чалавеку даецца адпачынак? А на тое, каб наглядзеўся ў люстэрка i прывык да зменаў, што адбылiся са знешнасцю за доўгi працоўны год. Вось i сiвыя валасы на скронях. А на зубе металёвая каронка. Блакiт вакол зрэнак выцвiў, але, калi апрануць блакiтна-зялёную кашулю — ён нiбыта i адновiцца, паярчэе. Падгляданне за сабою — такi салодкi i патрэбны занятак... павер мне. I трэба ж зноў падрыхтаваць сябе да сустрэчы з табою. А замест гэтага я ўключаю ТV i гляджу карыду. Гэтым разам не сапраўдную, а парадыйную. На арэне карлiкi, адны толькi карлiкi. І пiкадоры, i матадоры, i замест каня — понi, i замест быка — цяля. Замест тарэадора — таксама карлiк. Усе лупавокiя, нават понi i цяля. Усе крывяць пысы. Усё выглядае гратэскава, як блазнаванне, як дурны жарт. Толькi карлiкi, ведаеш, натуральныя. Фэст скончыцца, а росту ў iх не прыбавiцца нi на сантыметр, i насы застануцца расплюснутыя, храпастыя, а вусны грыбатыя. Гэта стыль мадрыдскага каралеўскага палаца, стыль студыi Веласкеса, майстэрнi Гоi, лабараторыi Пiкасо... Гэта ён — вялiкi стыль Iспанii стагоддзя, стыль мастакоў з жорсткай фашыстоўскай краiны, стыль Мiро, Грыса, Далi, Буньюэля, Хiменаса, Лоркi, Гаўдзi, Тангi. Карыда — iх стыхiя, iх аб’ект вывучэння, iх спадчынны сон жахаў, дзе i цялятка можа знявечыць, скалечыць, растрыбушыць чалавека, калi той чалавек раз’юшвае яго чырвонай анучаю, калi чалавеку нестае спрыту i калi чалавек — карлiк, i ў яго не твар, а пыса, намаляваная iголкаю Францыска Гоi.
Читать дальше