Больш за ўсiх уражвае «пахавальная брыгада» — мужчыны ў мышыных строях i тройка магутных гнядых коней у шырокай збруi. Наяўнасць такой брыгады настройвае на паважны лад. Цырк, яно вядома цырк, i смешна, i весела, але быкоў будуць забiваць, i каля «чорнага» ўвахода, згадваецца, стаяла машына «хуткай дапамогi»...
Пачатак, пры ўсёй доўгачаканасцi, адбываўся знянацку. Я зрэагаваў на барабанны пошчак i пачаў шукаць вачыма бубнача. Знайшоў! I тут з-пад трыбуны з бубначом на арэну выскачыў першы бык. З першым усё адбылося гладка. Бык патрэбную колькасць разоў пагрукаў у чырвоныя дашчаныя шчыты, за якiмi хавалiся матадоры. Бык зрабiў напад на пiкадора, а той прапароў дзiдаю бычыны хрыбетнiк. І бычыная спiна, бычыны бок i нават нага заблiшчэлi ад крывi. Матадоры ўвагналi шэсць бундэрыльяў у акрываўленыя плечы жывёлы. Ашалелы i змучаны бык не надта каб перашкаджаў матадору выконваць грацыёзнае танчанне. Адзiнай незапланаванай акцыяй з боку жывёлы было вырыванне ў матадора чырвонай анучы. Публiка адзначыла здарэнне свiстам i тупатам. Матадор хутка выправiўся i закруцiў быка з дапамогай вернутай анучы так, што той, небарака, спатыкнуўся i прыпаў на каленi. Гледачы ўзрадавалiся. Але праз хвiлiну раззлавалiся, бо матадор не змог закалоць быка з першага ўдару. Калi б гэтыя тысячы гледачоў ведалi, што здарыцца з другiм быком, яны б так не злавалi i не крычалi на першага матадора. Ды толькi Бог усё ведае наперад. А чалавек жыве ў iмгненнi цяпер i свiшча, i раз’юшваецца, калi што не па iм.
Першы бык загiнуў ад другога трапнага ўколу. Метровае лязо ўвайшло ў бычыную тушу па самую рукаяць, прапароўшы лёгкiя i сэрца. Жывёлiна пахiснулася, матлянула галавою i павалiлася. На арэну выехала «пахавальная брыгада». Захацелася заплакаць. Павер мне. І я ведаю, ад чаго. Быка чаплялi за галаву i валаклi па пяску. Вось тут i хаваецца нейкая недадуманасць, недапрацаванасць рытуалу. Трэба яго на брызенце цягнуць цi на нейкай посцiлцы. А то ўбачыш, як бычынае цела спачатку па пяску, а потым па цэменце валакуць, дык i ў самога скура на баку шэрхне. Адсюль i ў носе казыча, i гэты сентыментальны слёзны сiндром. Але дзе ж ты паспееш заплакаць, калi барабан сыпле шрот, i ўжо кiруецца на ружовыя посцiлкi тарэадораў другi бык. Ён плямiсты, падобны да каровы. Але знешнасць бывае возьме i падмане. Вось прадавец праграмак прыняў мяне за iтальянца i хацеў усунуць праграмку на iтальянскай мове. Ну на чорта мне тая праграмка ўвогуле. Можа я на той карыдзе апошнi раз у жыццi, а прозвiшчы барселонскiх матадораў для мяне значаць роўна столькi ж, колькi iмёны карэйскiх оперных спевакоў. Ад праграмкi я адбiўся сваёй каструбаватай ангельскай мовай. I, дарэчы, ты ж ведаеш, iтальянскага ўва мне зусiм няшмат, толькi чаравiкi, пас, нагавiцы, кашуля, партманет, шкарпэткi, плаўкi, але iх жа не вiдаць, акуляры i больш нiчога. Вочы ў мяне блакiтныя, але iх гандляр праграмкамi не заўважыў за акулярамi, таму i прыняў мяне за ўраджэнца Апенiнскае паўвыспы.
Так i гледачы прынялi другога быка (з-за белых плямiнак) за карову. А ён вазьмi i ледзь не забi матадора. А той, бедны, так спалохаўся, што нiяк не мог быка закалоць. Як нi ўдар, так у костку, так i мiма. Дванаццаць разоў бiў, не забiў, як у казцы. Ён бы яшчэ бiў, бо публiка разышлася, перайшла ў сваiх спачуваннях з боку перапалоханага чалавека на бок быка i крычала «Toro! Toro! Toro!» I я крычаў, хоць на баку тарэадора нiколi не быў, зграйны iнстынкт, лiха яго задзяры.
Быка забiлi несумленна. Я лiчу, што несумленна. Абступiлi з усiх бакоў, занавесiлi яму ўвесь свет чырванню, а самую чырвоную анучу паклалi на пясок, каб бык нахiлiў сваю прыгожую цяжкую галаву. Ён i нахiлiў, а матадор ударыў яму ў тое запаветнае месца, дзе чэрап сутыкаецца з хрыбетнiкам. О, як жахлiва тузанулiся i падскочылi да жывата заднiя ногi. Бык грымнуў на арэну. А адзiн з тарэадораў засунуў пальцы ў рану i канчаткова перарваў нервовы слуп быка. Той выпруцiўся. І яго пацягнулi пад незадаволеныя крыкi.
Толькi я не крычаў на матадора, як усе, як маленькая круглашчокая iтальянка са сваёй неабдымнай мамай i курыльшчыкам бацькам. Дым мяне раздражняў, як чырвань — быка, i я перасеў на новае месца, блiжэй да калоны.
Пакуль я перабiраўся, уладкоўваўся, думаў, пакуль рабiў чарговы глыток вады, на арэну вылецеў вялiкi бык цёмна-пясочнага, палавога колеру. Тэатр ёсць тэатр, сцэна ёсць сцэна, арэна iм не саступае. Трэцi матадор — апошнi, а гэта значыць, ён першы, ён фаварыт, яму — найпрыгажэйшы бык. І тут я не падмануўся. Матадор нават браў быка за рог, нават станавiўся перад iм на каленi i рабiў выгляд, што збiраецца бадацца, паварочваўся да жывёлiны спiнаю i забiў быка з другога ўдару. Майстар! Мастак! Яго вiталi ўзмахамi хустачак, яму кiдалi букецiкi ружаў, шчыльна ўкручаныя ў цэлафан, яму нават веер кiнулi, але ён шпурнуў яго назад на трыбуны. Выгляд акрыленага перамогай матадора навёў мяне на такiя думкi...
Читать дальше