Калi гавораць, што першы раз заўсёды не атрымлiваецца, дык у мяне наадварот — чым больш я здымаўся, тым горш атрымлiвалася. Калi першы фiльм быў дакументальны, дык другi (а як жа?!) мастацкi.
Сонца. Без яго нiяк. Амаль што iтальянскае, а калi ўдакладнiць — крымскае. Я не ведаю, колькi тысяч прымае за адну змену лагер «Артэк», можа, 30, а можа, i 50, але ўсе яны сядзелi на стадыёне i здымалiся ў кiно. Масоўка! Збой змораных пiянераў крычаў-спяваў: «Ура, у нас канiкулы!» Пасля дзвюх гадзiн такiх здымак я зразумеў, што быць адным з тысяч, тым больш з дзесяткаў тысяч, не для мяне. Я сказаў важатай, што iду ў прыбiральню, i пайшоў да камеры. У камеру я ўлез, аператар вылаяўся, рэжысёр паклiкаў да сябе. Мне выдалi цывiльную вопратку. Я пераапрануўся. Мне далi ў рукi сцяг i сказалi, каб я стаў каля фiнiшнай стужкi, i калi галоўны герой перарве гэтую стужку, я павiнен узрадавацца i замахаць сцягам. Я ўзрадаваўся, замахаў сцягам, i ў гэты момант нейкi запраграмiраваны ў сцэнарыi дурань пачаў аблiваць мяне i галоўнага героя. Маё абурэнне штучным не было. Рэжысёр смяяўся з мяне ў мiкрафон, а стадыён проста так. Мне заплацiлi тры рублi i вярнулi паўвайсковую форму. У кiно я расчараваўся. І калi ўвечары атрад пайшоў глядзець камедыю, застаўся i чытаў Максiма Багдановiча.
Зразумела, што любоў да сiнема аднавiлася. Але толькi ў якасцi глядацтва. Я нават школу прагульваў, каб паглядзець якi-небудзь баявiк цi хаця б пародыю на яго, накшталт «Бi першы, Фрэдзi!». А пра «Фантамаса» можна бясконца гаварыць, бо менавiта ён — зялёнагаловы i без вушэй — перамог i Чапаевых, i Карчагiных, i маладагвардзейцаў, не раўнуючы, як Хрушчоў Сталiна. У Хрушчова з Фантамасам ёсць нешта агульнае, асаблiва калi апошняга злучыць з Камiсарам Жуфам, якога граў эксцэнтрычны комiк Луi дэ Фюнес. Але вернемся да папярэдняй думкi: пародыя на кiно — не ёсць кiно. І ўсе Фантамасы, Зоры, Кiнг-Конгi, Фрэдзi — толькi комiксы, выкананыя ў тэхнiцы кiно.
Пасля артэкаўскага эпiзоду я больш не здымаўся ў вялiкiм кiно. Мне, праўда, i не прапаноўвалi. Было аднойчы, жанчына на вулiцы спынiла i сказала: «А вы не хочаце зняцца ў масоўцы?» Масоўка? Ха-ха! Але ёсць жа яшчэ i тэлевiзiйнае, гары яно гарам, цi лепш сiнiм полымем, кiно.
Дык вось, мой знаёмы, Валодзя Паненка, уладкаваўся на тэлебачанне рэдактарам i, як кожны пачатковец, вырашыў «узяць быка за рогi» — паставiць «Падзенне» Альбэра Камю. Што i казаць, экзiстэнцыялiзм, Нобелеўская прэмiя, «Мiф пра Сiзiфа» — гэта ўсё выдатна, а вось БТ (Беларускае тэлебачанне), Рэдакцыя лiтаратурна-драматычных перадач, мясцовыя майстры-асвятляльнiкi i аператары — жах, i калi сказаць «жах», дык гэта яшчэ нiчога не сказаць. І нават калi адкiнуць тэхнiчныя цяжкасцi, дык экранiзаваць «Падзенне» — Сiзiфава праца, абсурд. Бо твор напiсаны суцэльным маналогам, i каб крышку зрабiць «Падзенне» экранным, мой знаёмы перапiсаў гэты маналог у дыялог. Галоўнаму герою дастаўся амаль увесь тэкст. А мне, слухачу, сем рэплiк. Вось яны:
1. Калi ласка. 2. Я не супраць. 3. Вы маеце на гэта права. 4. Прабачце, але гэта не мае нiякага дачынення да справы. 5. Афiцыянт, палiчыце нам, калi ласка. 6. Даруйце. 7. Бясспрэчна.
А каб у перапынках памiж рэплiкамi я не сядзеў, як iдыёт, з мяне ў сцэнарыi зрабiлi мастака, нешта накшталт Талюза Латрэка, якi робiць замалёўкi з танцорак. Адпаведна, калi я павiнен рабiць замалёўкi з танцорак, дык i танцоркi павiнны быць. Яны i былi. Тры размаляваныя дзявулi з сакаўнымi сцёгнамi ды пошла-блiскучымi купальнiкамi. Што да твараў, дык яны так старанна iх намалявалi, што адрознiць адну ад адной было немагчыма. Здымалi «Падзенне» два днi, амаль без дубляў. Першы дзень без танцорак, другi з танцоркамi. Сцёгны i лабкi ў блiскучых купальнiках атрымалiся выдатна, у лепшых традыцыях кiчу. А што да астатняга, дык лепш i не згадваць. Ну, я маляваў, сядзеў у пiнжаку, якi застаўся ад экранiзацыi «Усёй каралеўскай рацi», i псаваў паперу. «Калi ласка», — i малюю. «Я не супраць», — i малюю. А бедны галоўны герой гаварыў i гаварыў, i пра мараль, i пра халодную ваду, у якую не хочацца лезцi, нават калi нехта там тоне, i пра сумленне...
Паглядзеў я на сябе збоку i паставiў тлусты чорны крыж на ўласных акторскiх здольнасцях. Ён i дагэтуль стаiць, не павалiцца.
Адно, што для мяне засталося таямнiцаю, дык тое, што нашае «Падзенне» дэманстравалi тры разы, два апошнiя — «па заяўках тэлегледачоў». Можа, танцоркi ўзялi сваё, а можа i Альбэр Камю, хто iх ведае? Але што не я, дык дакладна.
I яшчэ адзiн маленькi эпiзод. Мая жонка вырашыла зняць клiп з рок-гуртам «Улiс». Яны здымаюць, я гуляю каля сцэны. «Адам!» Я азiрнуўся, а жонка на мяне з камерай iдзе. Я ўсмiхаюся i махаю ёй рукой. Вось так, прывiтанне, я рады вас бачыць. Гэта самыя лепшыя мае кадры, але iх нiхто не бачыў. А можа, самае лепшае ў iх тое, што iх нiхто не бачыў?
Читать дальше