– Таварыш вярхоўны камандзір, ну, мы тут... дзелімся ўражаннямі... Бо што тут яшчэ рабіць?
– Маліцца!
Я дурэю, колькі ў Вольфа ўсялякіх яўрэйскіх штучак, юдэйскага сувенірнага барахла: менора-адкрывалка, Сцяна Плачу-запальнічка, бюст Ягвэ, і вось калі ласка – бел-чырвона-белая ярмолка. І, значыцца, Вольф, і атэіст я, і аўтар ідыш-беларускага слоўніка Алесь Астравух, які ўвогуле хрысціянін, пачынаем малітоўны напеў. І «Шма Ісраэль», малітва, якая ў мінулым ужо не выратавала не адну тысячу чалавек, зноў лунае на манер заспакаяльнай мантры: «шма ісраэль гаспод наш бог, гаспод адзін ёсць, дзяўчынка, дзяўчынка, дзьмухаўцы знайшлі наш паверх, цяпер шукаюць наш пакой ...»
Дырэктарка харэаграфічнага каледжа няспешна, з веданнем справы, выцягвае з-за пазухі імянны агнямёт.
Італійцы набываюць кватэры на Карла Маркса. Фарбуюць сцены ў белы колер.
Улетку – выстаўляюць на падваконні
вазоны з кветкамі. Узімку – садзяць на іх сваіх высачэзных каханак.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны дораць ёй пярсцёнак з дыяментам.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію адпачыць на моры. І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны вязуць яе ў Італію знаёміцца з мамаю.
І калі якая прасядзіць усю зіму,
яны бяруць з ёй шлюб.
А ўлетку італійцы сядаюць у свае машыны І едуць дарогамі Беларусі. Бясконцымі,
як стужкі Мёбіуса.
І нідзе яны не бачаць белага колеру.
Толькі залатое жыта, толькі зялёная бульба
і толькі шэрыя помнікі Леніну.
Вось такую гісторыю распавёў мне будаўнік, Які фарбаваў сцены ў маім пакоі.
Ён хацеў пафарбаваць іх белым.
Таму і расказаў мне пра італійцаў2.
2 Урывак з верша Андрэя Адамовіча “Італійцы”
Мой франтавы таварыш Курт Вонегут
У дзяцінстве кожны вечар перад сном я марыў, як забіваю свайго найлепшага сябра. Во як. З цягам часу мае начныя ўявы запоўнілі аголеныя жанчыны, але ж ад васьмі да трынаццаці гадоў я, вечар пры вечары, метадычна і мэтаскіравана забіваў свайго найлепшага сябра Андрэя Кузьменку. Я забіваў яго стрэламі з пісталета, няспешна ды канчаткова, з кіслым смакам шкадобы ў роце, які напоўніцу кампенсаваўся слодыччу выкананага абавязку, што расцякалася недзе ў сярэдзіне жывата...
Трэцяя сусветная падгрэбла да свайго лагічнага завяршэння: мы іх сцёрлі ў кіслы яблык. У маіх думках усё збольшага выглядала, як тое прапаноўваў фільм «Тэрмінатар»: лазеры, бластэры, пакарабачаныя кібаргі і непераможаныя мы. Я ўжо паспеў добра паваяваць, і калі ўсе пераканаліся ў маёй адвазе, пасярэдзіне вайны мяне прызначылі быць контрвыведнікам. Мой жа найлепшы сябра пацёгся крывой дарожкай запраданца.
Чаму дзеля гэтай нехлямяжай ролі я абраў менавіта яго? Па-першае, я быў пэўны, што толькі мой найлепшы сябра, які ўсё разумее і амаль усё ўмее, дасць рады гэткай складанай ды пакручастай ролі.
Па-другое, мая падсвядомасць неяк так зветрыла, што гераічныя мары, здзяйснення якіх прагнула ўсё маё нутро, вымагалі годнай ахвяры, а чалавек, уганараваны меншым паводле значнасці тытулам, чым «Найлепшы сябра», іх мог задаволіць наўрад.
Фінальная сцэна разгортвалася на лётнішчы еўрапейскага аэрапорта. У маёй галаве старэнькая сядзібка «Менска-1» загрыміравалася пад штосьці васальна-малюпацкае, зласліва-варожае: пад галандскае або заходненямецкае прадмесце. Мой найлепшы сябра скраў стратэгічную мапу Гомельскай вобласці і цяпер мерыўся пераможна адымчаць яе ў Нью-Ёрк. Перад вылетам ён да такой ступені разняволіўся, што яшчэ ў салоне мерседэса апрануў скураны плашч цэрэушнага афіцэра. Здраднік горшы за ворага, таму са словамі:
«Ты мне быў сябрам!» — я смаляў Андрэю ў жывот, і той ляцеў носам у хмызы (адкуль яны там, на лётнішчы?). Мроячы гэта, я цалкам разумеў, што лепшага сябра ў мяне не будзе давеку, аднак я без ваганняў паўтараў забойства кожную наступную ноч.
Мае мроі забіць найлепшага сябра былі крышталёва чыстымі, як гаўняшкі немаўляці. Я забіваў сябра гэтак часта, што адшліфаваў уяву да звінячай дасканаласці: дастаткова было легчы і заплюшчыць вочы, як стужка майго фільма закручвалася самохаць і ва ўсіх ранейшых дэтальках пачынала наноў разыгрывацца ідэальна дапасаваная трагедыя. Я засынаў з усмешкай на твары.
***
Аднак забойства не было апафеозам маіх фільмамараў. Да таго ж гэта быў цэлы серыял. Вось ён я, на амерыканскай зямлі са сваёй баявой сяброўкай (відаць, прамацеркай усіх тых аголеных дяўчат, якія потым у падлеткаўстве напакуюцца ў мае мроі): нам па дваццаць аднаму, і мы, яшчэ нават не паспеўшы пераапрануцца ў цывільнае, у шараговай нью-ёркскай школе на бездакорнай ангельскай вучым амерыканскую дзятву расійскай мове. Дарэчы, у сваім школьніцтве я не сумняваўся, што самі мы вучым ангельскую якраз для ваенных і да іх падобных мэтаў — інакш начорта ўсе гэтыя выдыганні з: «Pass me your money please! Саn I have your watch?» — нашто нам словы, якія ніколі не давядзецца прамаўляць, калі яны не будуць гучаць у загадным рытме, якому, не раўнуючы як настаўніцкая ўказка, дапамагае калашнікавая руля?
Читать дальше