***
Нядаўна я наладзіў для сябе самога рэтрасеанс прагляду сваіх дзіцячых мараў. Гэта неяк спантанна атрымалася: маленькія трагедыі дарослага, вечар і крыклівая адсутнасць людзей, за якіх ты гатовы вокамгненна аддаць сваё жыццё. Паколькі ў дзяцінстве я выкшталтаваў свае ўявы да дасканаласці, то хутка адшукаў іх у памяці і паставіў на «плэй» улюбёныя сцэны з забойствам на лётнішчы ды выкладаннем рус’язу ў нью-ёркскай школе. Плёнка сям-там пасціралася, абрысы маёй сяброўкі адпаведна з цяперашнімі эталонамі прыгажосці змяніліся, але збольшага ўсё засталося на месцах. Трохі адстаронена гледзячы даўкае настальжы, я раптам звярнуў увагу на адну дэтальку. У апошнія моманты жыцця мой сябра, амерыканскі запраданец, быў апрануты ў храбусткі плашч афіцэра СС, які тады мне падаваўся цэрэушным.
Але гэта яшчэ трэць бяды, бо абгледзеўшы сцэну ў амерыканскай школе, я раптам заўважыў, што і сам я, як і маё тадышняе, на ўсё жыцьцё каханне, таксама апранутыя ў трохі зацяганыя, але вельмі скураныя і вельмі фашыстоўскія мундзіры афіцэраў СС! Вядома ж, у іх сярпастыя малаткі ў пятліцах, толькі што я, спадкаемны бээсэсэрчук, не адрозню эсэсаўскай вопраткі ад савецкага мундзіра?!
Зразумела, у падставе гэтай аблуды найперш быў эфектны фасон. Так атрымалася, што ў паваенных фільмах пра вайну, пакуль савецкая і амерыканская форма часоў Другой сусветнай заставалася такой, як была раней, фашыстоўская з фільма ў фільм рабілася ўсё больш моднай ды выкшталцонай. І што самае цікавае — той апгрэйд форме ўчынілі не немцы (пасля вайны яны наагул палічылі за лепшае не здымаць фільмаў пра вайну), тут збольшага ўвіхаліся кіношнікі краінаў-пераможцаў: галівудскія кінастудыі і беларусьфільмаўцы. Камедныя галіфэ пад нажніцамі спрактыкаваных менскіх і санта-барбарскіх касцюмераў спакваля ператвараліся ў штаныэлегант, а нацысцкіх арлоў, здавалася, сталі выштукоўваць з чыстай плаціны — гэтак яны зіхцелі ў кадры; да таго ж сцэнары парадкаваліся такім ладам, каб кожны другі нямецкі вайсковец апынаўся глянцавана-смаляным эсэсаўцам. Такім чынам, фашыстоўская лёгкая прамысловасць маіх мрояў проста не хацела адставаць ад сусветнай моды і з ног да галавы абшывала прывідных персанажаў паводле сучасных стандартаў.
А на парэшту хачу рашуча зазначыць, што асабіста я не вінаваты ў жахах вайны, якая адбылася — слухай, свет, уважліва — яшчэ да таго, як я нарадзіўся. Пане мой Божа! Я нічога благога не зрабіў і з гэтага не маю намеру занурвацца ў комплекс уласнай віны ці нешта падобнае. А калі да мяне залішне прычэпяцца, дык я, дарослы зямлянін, скажу настоеную на стагоддзях і правераную шматсотгадовым досведам рэпліку: «Fuck you all! /Ды ідзіце вы ўсе!...» Цікава, каго мараць забіваць дзеці цяпер?
пераймаючы Этгара К.
Дапусцім, сусветнавядомы хімік Барыс Кіт не вынайшаў свайго цуд-паліва для касмічных ракетаў. Не нарадзіўся на гэты свет увогуле ці пайшоў іншым прафесійным шляхам: напрыклад, улёгся ў гандаль кактусавай расады ці прыступіўся да распрацоўкі бензапілак для пазногцяў — не важна. Адно адгэтуль вынікае пытанне: ці паднялася б касмічная ракета ў паветра пры такіх умовах? Бо, бачыце, у чалавецтва нават без хіміка Кіта нешта-нейкае было: бензін, газа, салярка. Сякія-такія распрацоўкі, кшталту вугалю або торфу. Таму варта дапусціць, што касмічны карабель — хай сабе нехлямяжа, з дрыгаценнямі, — але ўсё ж уздымаецца, і — можа быць, не так шпарка, як хацелася, — аднак ляціць. Так, вядома: на кожныя сто кіламетраў у яго выдаткоўваецца на якія дзве тоны літраў паліва больш і на другую ступень ён пераходзіць не адразу, а толькі мінуўшы якую-небудзь стратасферу. Аднак, далібог, зоркі пакрысе бліжэюць.
Пойдзем далей: дапусцім, людзі не вынайшлі тытанавых сплаваў — дык навалам алюмінію, чыгуну ўрэшце. Так, няма гэтых бліскучых тумблераў з проціўдарным шклом, нікеляваных пускачоў і яркіх чырвоных кнопак. Аднак з лёгкасцю перабудзем без пластыку ды іншых зіхоткіх збыткоўнасцяў. Згода: касмічны карабель спакваля пачынае нагадваць шараговы аўтамабіль — хіба нестандартны памерамі, — што імчыцца па вертыкалі, у якім тваю хуткасць і ўсё астатняе паказваюць не камп’ютарныя датчыкі, а звычайныя спідометры і механічныя паказчыкі ўзроўню алівы.
Прапала кароўка, дык хай сабе і вяроўка: ежа касманаўта таксама зрабілася звычайнай. Так знікла адчуванне свята: у пілота больш няма ўсведамлення, што ён абранец чалавечага роду. Бо ж род мусіць карміць свайго абранца з адмысловых цюбікаў, з якіх простыя, неўганараваныя людзі зазвычай выціскаюць зубную пасту. Не, ну, вядомая рэч: каб перад стартам ракеты матка прыносіла сынку, касмічнаму пілоту, каструльку тэфтэлек — не будзе такога. Маем адмысловую кансерву ў зубы, скажам, «Сняданак касманаўта». І кансаровы нож, на чыім дзяржальне па-майстэрску выгравіраваныя дробныя зоркалёт і сонца. Такі ахайны прыемны зоркалёцік і прыўдалае сонейка. Яны і даюць нашаму касманаўту адчуванне абранасці: хай сабе на нейкім сваім, не дужа высокім, лакальным узроўні.
Читать дальше