Няўжо ў душы жыло, не выветрылася пачуццё рэўнасці і крыўды?
— Янінка, дзе ты цяпер? Адгукніся, чаму маўчыш?
Ні слова ў адказ, ні ўздыху.
Але праз колькі хвілін скрозь прастору часу я пачуў ледзь улоўны стукат яе сэрца — слабенькі-слабенькі, кволенькі — вось-вось абарвецца... Яна ўжо нічога не магла сказаць, нават падумаць, пажадаць, а значыць, і пагукаць мяне...
Магутны штуршок скалануў мяне, ударыў у левую грудзіну, рэзкі боль перакінуўся на патыліцу, у скроні. Так і ёсць — яна ў небяспецы! У вялікай бядзе! Ніхто, акрамя мяне, не мог прыйсці ёй на дапамогу...
Забыўшыся на перасцярогу — папярэджвала, што нельга мне яшчэ рабіць частыя пералёты Ахутаваны, — рашыўся, плюнуў на небяспеку, падключыўся на пастаянна да Янінчынага сэрца...
Хуценька лёг на раскладушку, зажмурыў вочы.
«І вось якую ўзнёсласць мы маем да Яго, што, калі папросім чаго па волі Яго, Ён слухае нас. А калі мы ведаем, што Ён слухае нас ва ўсім, чаго б мы ні папрасілі, — ведаем і тое, што атрымліваем тое, чаго просім у Яго. Я ж прашу аднаго: Божа, уратуй Яніну ад бяды, не адбірай у яе жыццё і маё каханне... Не адбірай. Бо страціць сэнс і маё жыццё, і маё існаванне. Тады Ты забярэш і маё жыццё».
А цяпер — Ахутавана, Ахутавана, Ахутавана!
Я напруціўся, сціснуў зубы.
Злёгку закружылася галава і адразу ж перастала.
Побач з сабою пачуў ледзь чутны стогн.
Калі ж расплюшчыў вочы, убачыў каля сябе Яніну — спакутаваную, амаль безжыццёвую. Паклаў даланю на лоб, але ёй не дапамог мой дотык. Яе пакідала абалонка жыцця. Была яна ружовага і белага колеру. Заставалася ўсяго толькі адна «пупавінка» — тоненькая нітачка, што трымалася за цемечка.
Баяўся вельмі — вось-вось абарвецца...
Мне прыйшлося сабраць усю сваю энергію і волю, каб нарадзіць жаданне цуда. Пачаў чытаць самую моцную малітву...
Вадзіў пры гэтым рукамі вакол галавы, ствараў магнітнае дадатнае поле, каб абалонка-аўра памкнулася назад, каб адчула прыцягненне... Яна ж спынілася і вісела на адным і тым жа месцы — як усё роўна раздумвала, што ёй рабіць далей...
Стараўся не адпускаць яе, позіркам сіліўся вярнуць да Яніны, умольваў, упрошваў, адначасова і баючыся напалохаць сваёй настырнасцю, пакрыўдзіць неасцярожным словам ці думкай.
Адчуваў, як самога пакідалі сілы, як слабела мая аўра, як пад скроні падкочвалася млявасць і пачыналі калаціцца ад слабасці рукі...
Заставалася апошняе. Я зліўся з Янінай. Абняў, страсянуў, укрыўшы яе, як немаўля, сваёй абалонкай — як коўдрай...
І ўскрыкнула яна. Здрыганулася ўсім целам, уздыхнула на поўныя грудзі. І тут жа на маіх вачах зліліся дзве аўры ў адну і зрабіліся аднолькавага колеру — зялёна-ружовага. Яна абгарнула нас тугім панцырам, атуліла ад злога і пачварнага, што прычапілася да Яніны...
Альшанская прачнулася раніцай. Позняй раніцай.
Абняла мяне, вінавата заўсміхалася і тут жа зноў заснула. Спала і слухала, як б'ецца маё сэрца.
Падладжваючыся пад маё, пачало біцца гэтак жа і яе — ужо роўна і сцішана. Адарваць ад мяне не магла ўжо ніякая сіла.
«А калі спазніўся б хоць на хвілінку?!»
Ад гэтай думкі кальнула ў скроні, пякучая вінаватасць зноў авалодала мною.
«То Ты, Божа, выратаваў каханую! Ты падштурхнуў мяне да дзеяння. Наўчыў смеласці і ўменню. Я ўдзячны за Тваю міласэрнасць. Таму я ўжо навучыўся нешта рабіць. Не толькі пералятаць з месца на месца, а і адказваць за чужое жыццё, за жыццё блізкага чалавека...»
З касмічнай прасторы даляцеў да мяне літасцівы голас, уздых згоды і падтрымкі...
— Што такое са мною было? — пачуўся ціхі і слабы голас — як пасля цяжкай і доўгай хваробы.
Што адказаць ёй? Ці ў такім стане расказваць ёй праўду? Да яе вярталася зноў жыццё, яна толькі што пераступіла парог з небыцця.
— Даць чаго папіць?
— Прынясі. Звычайнай крынічнай вады з твайго мазырскага Палесся. Яна прыдасць мне сілы. А крынічку знойдзеш сам — яна недалёчка адсюль...
Вады прынёс у гліняным глечыку з вузкай гарлавінай. Наліў у такі ж гліняны кубак, амаль палову.
Піла яна прагна, быццам мучыла яе смага цэлую вечнасць. З кожным глытком улівалася ў яе жыццёвая энергія, па венах расцякалася порстка кроў, і клапаны сэрца запрацавалі рытмічна і спакойна.
Потым яна зняможана ўпала на падушку. Глыбока ўздыхнула, заплюшчыла вочы. Слаба сціснула маю руку, як старалася ўтрымацца на гэтым свеце.
Нейкі час не гаварылі. Ды і нельга было ёй гаварыць. Нават думаць.
З яе грудзей на волю вырваўся першы, як аблягчэнне, уздых. Потым другі, трэці...
Читать дальше