— Неабавязкова. Віно цябе супакоіла на тры адсоткі, астатнія дзевяноста сем — ты сам сябе вылечыў. Ты сам можаш вылечыць сябе і ад астатніх хваробаў — больш значных...
Зміцер хмыкнуў, недаверліва пахітаў галавой. Не верыў. Не хацеў верыць.
Калі ж людзей не стала, маўкліва пасунуўся ў свой закутак. Гітару ўжо не браў. Сядзеў і думаў, гледзячы ў адну кропку. Курыў, разважаў пра нешта. І думкі яго былі простыя і зямныя. Я адключыў іх ад сябе, каб засяродзіцца на сваім.
Кісялёў хварэў. Хварэў каханнем да Веранікі. І любоўю да сваёй зямлі. Гэтыя два паняцці зліваліся ў адно цэлае, даючы яму дзівосныя крылы. Ён, каб ведаў, мог узляцець над Сусветам, над сваімі клопатамі і трывогамі. Не здагадваўся, якія ў яго былі магутныя крылы. Не спрабаваў узляцець.
Драмалі ў ім сілы. Чакалі свайго часу.
Той час павінен быў наблізіць я.
Харошы, задушэўны ў мяне сябрук — Змітрок, Зміцер, Дзімітрый! Я не прыхарошваў яго, не ляпіў у сваім уяўленні такім, якім хацеў бы бачыць. Такім нарадзіла яго маці, якая ж і адмовілася ад яго, а жыццё ўдыхнула ў яго паляшучка-бабуля. На такіх бабулях, пэўна, і трымаўся залаты дух Ліцвініі.
Я прысеў на мяккае крэсла, якое выменяў у вадзіцеля грузавіка на пляшку гарэлкі. Ведаў, што ён збіраецца яго выкідваць, а яно мне адразу спадабалася, таму і папрасіў яго прадаць. Вадзіцель Пятрок Піліповіч нават таргаваўся са мною, апасаўся, каб не прадзешавіць. Для прыліку я павагаўся і аддаў яму пляшку белай.
Гэпнуўся ў крэсла, выдаўжыў ногі і паклаў іх на табурэцік. Склаў рукі на жываце, прымружыў павекі і — адключыўся ад усяго свету: нічога не чуў, не бачыў, не адчуваў.
І лётаў я па сваіх маршрутах, хадзіў па сваіх сцежках, бегаў разам са звярамі ў пушчы, узлятаў разам з птушкамі ў неба.
Шчаслівым чалавекам адчуваў я сябе!
— Вы чаго спіцё на рабочым месцы? — пачуўся над вухам знаёмы голас — вясёлы і бадзёры. То прыйшла яна, Яніна.
— Я не сплю. Я думаю і адпачываю, — адказваю, паварочваючыся да яе, і ў мяне ледзь чутно іголачкі кальнулі ў скроні — прыйшла праверыць ці з чым іншым?
— Ад думак рана сівее галава, — папярэджвае яна, і між сакаўных вуснаў белізной высвечваюцца роўныя зубы. — Урэдна шмат думаць...
— Добра, не буду шмат думаць. Сядай, калі ласка, адпачні са мной. Прабач, што сустрэў цябе вось так, правільней, зусім не сустрэў. Не чакаў цябе.
— Дзякуй за шчырае прызнанне. Ну і як у вас тут жыццё?
— Нічога. Уежна і ўлежна. Зміцер памочнік спраўны, праблем з ім няма.
— Я тут прынесла, што абяцала.
Госця паставіла сумку на стол, і тут да нас падышоў Кісялёў.
«Што за птушка такая? Чаму яна прынесла Антону віно і за што? Не бачна, каб паддавальшчыца, але ў сумцы, б'юся аб заклад, некалькі пляшак... Думаю, што там чырвонае сухое. І чаму ўвесь час толькі чырвонае віно? Як кроў Хрыста? Эх, каб пазваніла сёння Вераніка... каб толькі пазваніла... Якое было б у мяне сёння свята! Божа, зрабі так, як я мару!»
— Дзень добры вам, шаноўная спадарыня!..
— ...Яніна, — падказваю, памагаю яму.
— Дзень добры, Змітрок! — бадзёра адказвае госця, усміхаецца, пэўна, чытаючы тыя ж думкі, што і я. — Як у вас тут жыццё?
— Як у ангельскай каралевы: што ні зажадаеш, усё збываецца — аніякіх праблем. Аж нецікава часам робіцца... Жартую, канечне. Клопатаў шмат, і круцімся мы з Антонам, як вавёрка ў коле. Але нічога, уцягнуліся, спраўляемся паціху з клопатамі.
«Ну і індывідуум твой напарнік, Антоне! Мяне, тваю каханую, зганіў. Ганьба мне! І паверыла я табе, што самая прыгожая ў свеце. Во дурніца! Якая я дурніца!..»
Я смяюся, гляджу ў шчаслівыя вочы жанчыны, радуюся, што бачу яе, чую яе голас і рытм сэрца. Змітрок ёй спадабаўся — назычыла яму шчасця. Мы гаворым пра яго. Ён і не здагадваецца. Калі я ўзяў сумку, зазваніў тэлефон у закутку.
«Няўжо?! Няўжо?..»
Змітрок без затрымкі бяжыць у бакавушку, хапае слухаўку і прыстаўляе да вуха.
— Вераніка, ты?! — не верыць у сваё шчасце Зміцер Кісялёў і шчыльней прычыняе дзверы ў бакоўцы, каб не замінаць нам у размове. — Я ўжо і не думаў, што пазвоніш калі-небудзь...
«Ды вось надумалася... Хацелася, каб...»
Мы адключаемся адначасова з Янінай ад яго поля і хвалі, бо ведаем, што скажуць адно аднаму два спакутаваныя сэрцы. Радуемся за іх.
— Я зноў вымушана з'ехаць, Антон Клімовіч. Толькі не крыўдуй на мяне. Нічога не паробіш. Адказнасць — вышэй за нас.
— Адлучышся надоўга?
— На тыдзень. Не больш.
— Далёка?
— Як табе сказаць? Не так далёка, але ж і не блізка.
— Тут ты сабе не падпарадкоўваешся?
Читать дальше