Я дзівіўся са сваіх думак, і мяне ахоплівала шчымлівая, да слёз, радасць, і я зразумеў, пакляўся сабе, што бацькава навука цяпер назаўсёды ўвайшла ў маё жыццё, у мяне, і цяпер я не адцураюся яе. Як і Пецька-Джо, якога я цяпер буду зваць нашым паляшуцкім імем — Пятрусь...
Ноччу Пятрусь пачаў крычаць у сне і клікаць некага на дапамогу. Я ўскочыў з ложка, падбег да яго, пачаў трэсці за плячо, стараўся разбудзіць. Жудасны і немы крык вырываўся з яго грудзей, і ён адпіхваў мяне, біў кулакамі па маім твары — ратаваўся.
— Пятрусь, то я, Антон, не бойся! Пятру-уусь!
А ён біўся ў маіх абдымках, плакаў, крычаў, сцінаўся, як быццам нехта здзекаваўся з яго, душыў, ламаў яго косці. Я здагадаўся запаліць лямпу, каб ён вачыма ўбачыў, што знаходзіцца ў леснічоўцы, што яму нішто і ніхто тут не пагражае.
— Пятрусь! Родненькі, прачніся!..
На памяць прыходзілі тая далёкая дзяўчынка і легкавушка, знясілены крык дзяўчынкі. Маё сэрца пранізваў боль...
Потым ён уздыхнуў, ускочыў і сеў, няўцямна аглядаўся вакол, не бачачы мяне. Я ўжо баяўся вымавіць слова, каб не нарабіць якой бяды.
— Антон? Ты?..
Я падышоў да яго, стаў побач:
— Я. Што з табой? Ты ачнуўся?
Ён доўга маўчаў. Мая рука легла на яго плячо, і ён уткнуўся тварам мне ў жывот, заплакаў. Але я адчуў, што ад яго адышлі боль і трывога — ад яго ішла ўжо цёплая энергія. Пэўна, у гэты момант я быў яму і за бацьку, і за маці.
— Прабач, Антон, то дзяцінства даганяе мяне. Яно ніколі не пакіне, будзе са мной вечна.
— Што там было, у дзяцінстве?
— Страшна было.
— Раскажаш?
— Калі табе цікава.
— Не дзеля цікавасці. Сам ведаеш, для чаго...
— Ведаю. Раскажу. Не сёння. Заўтра. Днём.
— Добра. Заснеш цяпер?
— Не ведаю. Але тое ўжо няважна. Не хвалюйся за мяне, ты кладзіся.
Заснуў не адразу, пад раніцу. Калі ж прачнуўся, то Петруся на ложку не было. Я ведаў, што ён блукаў дзесьці непадалёку, шукаў супакаення сваёй душы. Што ж там такое пачварнае было ў яго дзяцінстве, што і сёння яно страляе яму ў спіну, не дае спакойна жыць?
Па абедзе мы ляжым на сваіх земляных ложках. Маўчым. Я не напамінаю пра абяцанне, бо ён мог і перадумаць, не пусціць мяне ў свае ўспаміны...
— Ведаеш, дружа, — парушае першым маўчанне Пятрусь, — чаго я крычу ў сне? Бо на мяне заўсёды насоўваецца нейкая страшэнная пачвара і кашчавымі рукамі ўчэпліваецца ў твар. Тады я крычу і клічу некага на помач. Каго? Маму? Бацьку?
Голас у яго спакойны, значыць, ён прыйшоў у ранейшы стан, можа смела расказваць пра ўсё.
— Божа, нават на Вялікім судзе я не адмоўлюся ад сваіх слоў, ад сваіх думак,ад свайго пастаяннага болю, які нашу ў сваім збалелым сэрцы, у сваёй спакутаванай душы. Божа міласэрны, як позна ты прыйшоў да мяне, у маю свядомасць, але як шмат даў... Мо таму і даў памяць...
Не ведаю, з якога ўзросту можа памятаць сябе чалавек, але я яскрава бачу сёння тое, што было са мною ў тры гады...
Нас некуды вязуць, і я моцна стаміўся за доўгую дарогу — заснуў на сядзенні аўтобуса. Калі ж разбудзілі, незнаёмая цётка нейкім злым голасам (чамусьці запомніўся яе голас, як марозам і сцюжай павеяла ад яе) абвясціла:
— А хто кепска сябе паводзіў у час паездкі, таго будзем абліваць гарачай вадой...
Нам завязалі чамусьці назад рукі, павялі ў пакойчык з кафельнымі сценкамі. Сапраўды, ішла пбра, лілася з крана гарачая вада. Тая ж цётка абліла і мяне кіпнем, а яе таварышкі рагаталі ад таго, як я спуджана ўскрыкнуў... Для мяне яна была цёткай, а тады ж ёй было за дваццаць пяць, і звалі яе (запомніў на ўсё жыццё!) Таццяна Анатольеўна. Я ж паслізнуўся і ўдарыўся галавой аб рог сцяны. З твару пайшла кроў. Але я не мог яе выцерці, бо нам яшчэ не развязвалі рукі... Я тады нават не плакаў, бо я не адчуваў сябе чалавекам і мне не было балюча. Я адчуваў сябе нейкім нечалавекам, бо ні ад кога на маю істоту не сыходзіла чалавечая цеплыня і я быў як нежывы прадмет...
Але пасля таго я не мог спаць начамі: у мяне на целе выступілі чырвоныя пухіры, яны не зажывалі... Ноччу было холадна, ці маглі сагрэць нас дзіравыя коўдры, але ў той жа час нас распраналі дагала і зноў каралі — станавілі на калені, накідвалі прасціны на галаву і загадвалі не рухацца. Калі ж хто не вытрымліваў такой паставы, шавяліў рукой ці нагой, таго білі чым папала — па галаве, па спіне... Але самых маўклівых і, як ім здавалася, настырных ставілі на калені, на падлогу, падсыпалі абавязкова гарох ці металічныя кнопкі, а то і сухую грэчку. Помню, як яны ўпіваліся ў калені і цела крывяніла... Я не вытрымліваў, агрызаўся, упіваўся зубамі ў руку ненавіснай жанчыны, і тады мяне яшчэ білі, білі, білі... Ды што мяне, маіх сябровак Таню і Віку білі па пальцах металічным прутом, заціскалі ў дзверы...
Читать дальше