І потым жа нешта ў іх паламалася, не зладзілася. І не сварыліся, але адносіны іх разарваліся. Хто быў у тым вінаваты, ніхто не ведаў.
Пасля чарговага школьнага вечара (а іх часта наладжвалі, была такая завядзёнка) Валянціна падышла да Адася, як свайму даўняму сябру жартоўна загадала:
— Сёння ты мяне павінен правесці дахаты!
Адась, здаецца, пачырванеў ад нечаканасці, не змог вымавіць і слова, таму толькі кіўнуў галавой у знак згоды. А яна ўжо таго не бачыла, у яе і не было сумневу, што будзе неяк інакш, што Адась адмовіць ёй.
Выдатнік Браніслаў танцаваў цэлы вечар з Насцяй, сціплай і сарамлівай, яшчэ ж нясмелай дзяўчынай — на Валянціну не глядзеў, хоць яна і вельмі старалася пазлаваць яго, выклікаць у яго рэўнасць. Але яму, мусіць, было ўжо ўсё роўна, як кажуць, да лямпачкі, усе яе выбрыкі — здагадваліся мы, што выкінуў хлопец назусім са свайго сэрца...
На адным з такіх вечароў, ужо ў дзесятым, на пачатку вучобы, калі яшчэ першыя прымаразкі не кранулі зялёныя карункі лістоты на дрэвах, запрасіла прыгажуня Валянціна на «белы танец» мяне. Была яна ў блакітнай сукенцы з чырвонай ружай на высокіх грудзях, і не зразумець — ці то вочы адбівалі блакіт сукенкі, ці то сукенка напітвалася блакітам яе вачэй...
— Ты адзін з класа і не прызнаваўся мне ў каханні, — дыхаючы ў шыю і шэпчучы на вуха, танцавала прыгажуня з усмешкай Афрадзіты, не ведаючы, якую хвалю пачуццяў падымала ў маёй душы. — Чаму так — не кахаеш ці саромеешся прызнацца?
— Ні тое, ні другое, нават і не трэцяе, — адказаў першае, што прыйшло на язык, стараўся стрымліваць сябе, бо жыццё трошкі навучыла — перш чым кінуцца ў вір, змераць неабходна глыбіню.
— А што — трэцяе? — здзівілася шчыра прыгажуня, какетліва адкінулася ад мяне, зазірнула ў вочы — не чакала такога адказу. — Чаму маўчыш і толькі ўсміхаешся?
— Трэцяе тое, што я не ведаю, што такое каханне і з чым яго ядуць.
— Так-такі і не ведаеш? — жмурыць прытворна вочы дзяўчына і ўпіваецца сваімі слівінамі ў мае — вось-вось не вытрымаю і адвяду позірк.
— А адкуль мне ведаць? То табе вядома — з усімі хлопцамі класа перацалавалася... У цябе ж вопыт, а мяне апошні раз цалавала...
— Хто? — цікаўна ўхапілася за саломінку міс класа.
— Сучка Майка, калі гулялі з ёю на поплаве...
Валя рассмяялася, адкінуўшы галаву, ды так моцна, што ўсе, хто танцаваў, паглядзелі недаўменна на нас.
Цалаваў Валянціну каля яе хаты. Кружылася на нябачнай восі зямля. А неба з Вялікай Мядзведзіцай адплыло некуды ў бездань, і разам з зоркамі адарваліся мы ад зямлі, паплылі ў бязважкасці, як аблачыны...
— Я кахаю цябе, Валянцінка!..
...Сустрэла мяне маці, але не здзівілася майму візіту — як чакала, запрасіла ў хату.
— Валянціна дома? — папытаў для прыліку, хаця ведаў, што яна вось-вось вынырне з-за шырмачкі ў квяты і пацягне мяне, шчаслівая, за руку да стала, дзе мы сядзелі не адзін вечар, распытае-раскажа, падзеліцца навінамі і адкажа на галоўнае пытанне...
— Няма яе, міл чалавек, — неяк скрушна прамовіла маці, глядзела на мяне вінавата, як шкадавала, быццам нешта здарылася непапраўнае па яе віне, — з'ехала... заўчора. Са Шпіркам. Настаўнікам. Развадным. Без роду і племені... Ды вось яна табе тут пісьмяцо, галубок, пакінула.
Маці падала мне заклеены беленькі канверт.
«Тонік, любы мой, прабач! Прабач! Прабач! Жыццё распарадзілася інакш, чым мы яго планавалі. Маім мужам будзе Кузьменка, і я цяпер — Кузьменчыха, бо гэта я яму ўпершыню аддалася. Яшчэ ў сёмым класе».
Маці стаяла каля акна, маўкліва плакала. Крыўдна было за сябе, за дачку...
— Падлюка яна, вашая Валянціна, цётка Насця!
І, больш не сказаўшы ніводнага слова, выйшаў, выкуліўся з хаты. Не развітаўся, не азірнуўся.
А я думаў, што жыў у райскім садзе...
Аказалася — жыў у пекле...
Раніцай ён зноў выйшаў на ганак.
Зірнуў удалеч і адзначыў, што далёкі лес значна прыблізіўся да леснічоўкі. Слаба, але праглядваўся пясчаны бераг, на ім высокія сосны і кустоўе.
З'явілася патрэба прагуляцца, размяць ногі, падыхаць лясным водарам.
Далёка не адыходзіў, каб не заблудзіцца і не згубіць леснічоўкі. Бо без яе яму аніяк нельга. Як без паветра. Як без надзеі. Як без будучыні.
Вецер гнаў воблакі некуды за возера.
А сонца не краталася з месца — але ўжо прыпякала не так, як да гэтага. Ці мо тое яму толькі падалося. І не зразумець было — стаяла ранняя восень ці позняе лета.
Над галавой, высака ў небе, недзе пад самым сонцам, падалі голас жоравы — спявалі перад адлётам развітальную песню.
Читать дальше