Я ўдзячны Табе, Божа, за маё прасвятленне, за тое, што Ты даў мне зразумець незразумелае, спасцігнуць неспасціжнае, убачыць нябачнае, адчуць неадчувальнае... Толькі Ты адкрыў мне грэх мой і Чалавецтва перад Табой, і ці здольны замаліць яго чалавек, не ведаю, не ўпэўнены...
6...
Пад вечар, стаміўшыся, захацеў пагаварыць з Янінаю, перакінуцца словам-другім, каб не занудзіцца на адзіноце. Хаця ж не, на адзіноце ён не быў, наадварот, ніколі сябе не адчуваў у акружэнні розных людзей, прадстаўнікоў розных стагоддзяў. Ён мог у любы час пабыць сярод сяброў Пушкіна і Лермантава, паслухаць вершы саміх паэтаў, пабачыцца з Максімам Багдановічам і Еўфрасінняй Полацкай, сустрэцца з князямі і вялікімі гетманамі Вялікага Княства, пабачыць Грунвальдскую бітву...
Яніна падалася яму нейкай заклапочанай і ўсхваляванай, але не сумнай. Гожы твар свяціўся таямнічасцю і мудрасцю.
— Слухаю цябе, спадар Антон! Чаму так доўга не гаварыў са мною? Не было пытанняў?
— Пытанні былі. Але я баяўся іх задаваць.
— Баяўся? То не тваё слова. Ты не хацеў проста пытацца?
— Можа, і так, Яніна. Я і цяпер не магу спытацца, надта ж важкі і адказны груз зваліўся на мяне. Цісне галава, каб не раскалолася...
— А ты медны вобруч на галаву надзень. Ён над табою вісіць. Так і здымеш цяжар з галавы і са сваёй душы.
Як карону князя надзеў на галаву. І тут жа адступіў боль, галава праяснілася. Гнятлівы настрой таксама знік.
— Дзякую, Яніна! Цяпер па-іншаму адчуваю сябе. Ці можна яшчэ пытанне?
— Слухаю цябе.
— Як я магу распарадзіцца ўсім пачутым і ўбачаным? Ці магу я падзяліцца ім, напісаць?
— Калі ласка. Ніякай забароны няма. Ты можаш пісаць фантастычныя раманы і аповесці, хаця гэта, як сам бачыш, не фантастыка, а рэальнасць.
— Так, я пераканаўся ў гэтым. Тое прымушае задумацца над сваім жыццём. Я зразумеў, што нічога ў гэтым жыцці не схаваеш. Усе, нават самыя патаемныя думкі, будуць вядомы. Сонца і Месяц запісваюць усё, фіксуюць...
— Так, так... Усё ты зразумеў.
— Я зразумеў. Чалавецтва — не. Здагадваецца толькі.
— Калі-небудзь і яно прыйдзе да гэтага. Бог цярплівы. Ён можа доўга чакаць, калі апамятаецца Чалавек. А ён абавязкова прыйдзе да самога сябе, спусціцца на грэшную Зямлю.
— Яшчэ пытанне — хто ты, спадарыня Яніна?
— Я — Ліцвінія. Я — тваё сумленне, радасць і боль, шчасце і каханне. Узнёсласць і натхненне. Хіба ж не пазнаў мяне?
Ён усміхнуўся. Цеплыня разлілася па ўсім целе.
— Здагадваўся. Не хацеў памыліцца. І ты ў адказе за нашу Гісторыю і Будучыню?
— Пра тое ж сам ведаеш.
— Ці змагу я вярнуцца калі-небудзь сюды, калі стане невыносна цяжка, ці захачу пра што-кольвечы даведацца?
— Невыносна цяжка табе ўжо больш ніколі не стане. Бо ты ўмееш цяпер ахоўваць сваё сэрца ад нечаканасцей. І галава балець не будзе, бо ў мазгу ажылі мільёны клетачак, якія будуць здольны прымаць інфармацыю Космасу і Зямлі.
— Сюды завітаць дадзены дазвол толькі мне?
— Не толькі... Раз у стагоддзе мы запрашаем абраных людзей. Ты адзін на Зямлі дакрануўся думкамі і дзеяннямі да магмы недазволенага і незразумелага. Ты змог развіць і ўдасканаліць свой мозг для таго, каб раскрыць тайну існавання Сусвету, але ты быў не падрыхтаваны да гэтага. Таму мог, сам таго не падазраючы, згарэць у Агні Праўды. І мы цябе пусцілі і дазволілі ісці тым шляхам, які ты сам і абраў. «Стукайцеся — і вам адчыняць...» — так раіць Бог. Ты пастукаўся, і перад табою расчыніліся дзверы. І ёсць яшчэ адна прычына твайго знаходжання ў Хаце. Твой праўнук стане геніяльным паэтам, напіша геніяльныя творы пра гісторыю Ліцвініі. Яму і перадасца твая інфармацыя, якую ты здабыў тут. Не выскачаць з памяці ніводзін факт, ніводная падзея. Яго кнігі ўжо стаяць на паліцах за дванаццатымі дзвярыма, якія ты ніводнага разу так і не адчыніў. І правільна, што не адчыняў іх. Але ты ўсё роўна не знайшоў бы прозвішча свайго праўнука...
— Я і не хацеў шукаць тое, што яшчэ будзе. У будучыню заглядваць не хачу, хаця тое мяне найбольш і непакоіць. Лёс Ліцвініі непакоіць. Сатана ў ёй. А тое страшней нават за Чарнобыль... Сама заклапочаная. Чаму? Што непакоіць, любая Ліцвінія?
— Тое, што і цябе. Хворыя мы, хворыя людзі. Але трэба выжыць.
— Мы яшчэ пабачымся?
— Тут — не. А так мы будзем бачыцца штодня. Ты будзеш адчуваць мяне штохвілінна. Я і забылася — на заканчэнне твайго прабывання ў Краіне, дзе няма тайнаў, я падрыхтавала табе невялічкі сюрпрыз-сувенір... Танненькі, усяго за сорак сем капеек...
Читать дальше