Першае, што ён зрабіў, сеўшы за пульт, прамовіў заданне:
— Ян Фіцнер. Арыштаваны ў траўні 1937 года энкавэдыстамі. Які яго лёс?
У глядзельнай зале чакаў, калі пагасне святло.
Потым загарэўся экран, стала цёмна вакол...
Заспявалі пеўні. І Тонік пазнаў сваю вёску, бабульчын хлеў і хаціну. І бабулька — якая яна маладая і прыгожая! Не паверыш, што ў яе столькі дзяцей. Шчаслівая, вочы свецяцца ўнутраным святлом, не падазрае аб сваёй горкай долі.
А гэта хто? А-а, то ж дзед Ян, у саматканым адзенні. Гной накідвае на воз, каб потым адвезці на поле. Дужы, здаровы, на вілкі мо паўтоны гною набірае. Як і конь толькі пацягне. Спявае нешта — работа спорыцца, вясна на дварэ — няма калі адпачываць...
Тонік углядаўся ў дзеда і стараўся ўявіць, пра што ён думаў тады, яшчэ не дзед, бо не было і ўнукаў яшчэ, — ці толькі пра гной і сяўбу? Ці што святое было ў яго, недатыкальнае для іншых?..
Захапіўся ўбачаным. Не падганяў падзеі, пранікся тым жыццём, паверыў, што ён сапраўды ў тым часе, побач з маладой Насцечкай, будучай бабуляй Настазяй, і Янікам — дзедам Янам...
Паверыў, і ногі адразу ж адчулі травеньскую глебу, голас Насці пачуўся выразна і хораша. І так яму стала прыемна ад гэтага, што захацелася пагукаць бабку, дакрануцца да яе рукі...
— Яня, го Яня, ты чаму ж мне ніткі не прынесла? — пытаецца маці ў дачкі. — Я ж працу не магу скончыць...
— Нясу, нясу, — адгукваецца адразу ж шасцігадовая дзяўчынка, — я ж і забылася зусім... Ды руку перавязвала — нарыў баліць...
«Божа, дык гэта ж мая мама, — жахаецца ад радасці Тонік, — якая яна цікавая, распэтланая, вясёлая, на адной назе скача, несучы матулі ніткі... І на руцэ фурункул... Якое ў іх цікавае жыццё, якая суладнасць...»
Янінка зірнула на яго, Тоніка, здзіўлена папыталася:
— А адкуль ты тут? Што ў нас робіш? Пабіраешся?
— Не, проста гуляю, — зніякавеў Тонік, спалохаўшыся таго, што з ім усё адбываецца напраўду, — у казакоў-разбойнікаў...
— Ну і гуляй сабе, — дзерганула плечуком Янінка, горда ўзняла галаву і пабегла да маці...
«Толькі тут, у гэтым вымярэнні, я магу гаварыць і з нябожчыкамі, і з тымі, хто даўно не жыве ў тым часе і забыўся пра тое, — і цікава рабіць тое, можа, і небяспечна, але кожны, пэўна, чалавек, павінен мець такую магчымасць — вяртацца не толькі ў сваё мінулае, а і ў мінулае сваіх продкаў. Дзе яшчэ можна атрымаць такую магчымасць? Унікальную магчымасць».
Прыехала чорная машына і спынілася насупраць хаты. Гаспадара запрасілі да сябе вайсковыя людзі з зялёнымі пятліцамі.
— Возьмите с собой все необходимое, — сказаў афіцэр з вострым носам і чорнымі вачыма, — и распрощайтесь — неизвестно, сколько суток или месяцев будете отсутствовать...
Праўду казалі карты бабы Настазі — смерць ён напаткаў на самым пачатку свайго зняволення...
Тоніка ўсё больш разбірала цікавасць. Чалавецтва пакутуе, не могучы раскрыць шмат якіх тайнаў і забойстваў. Толькі гіпотэзы і здагадкі, а праўды не ведаў амаль ніхто...
І тады ён, карыстаючыся ўнікальнай магчымасцю, рыхтаваў наступныя пытанні:
«Дзе падзеўся бурштынавы пакой падчас сканчэння вайны?»
«Хто забіў Кенэдзі — прэзідэнта ЗША?»
«Дзе Напалеон схаваў нарабаванае багацце, везучы яго на радзіму ў 1812 годзе праз Беларусь?»
«Як адбывалася бітва пад Воршай маскоўскага войска і ліцвінаў?»
«Хто пабудаваў Эгіпецкія піраміды?»
«Што робяць на зямлі іншапланецяне і ці існуе паралельнае жыццё на зямлі?»
«Ці скіне калі-небудзь Ліцвінія ярмо прыгнёту ад свайго ўсходняга суседа?»
«Што Чарнобыль для ліцвінаў?..»
Сотні і тысячы пытанняў жадалася распытаць. Калі ж даведваўся падрабязна пра ўсё, галава распухала ад інфармацыйных паведамленняў.
Даведаўся шмат пра што, і ў той жа момант яму стала вельмі шкада людзей. Шкада ўсё Чалавецтва.
Божа, якія людзі безабаронныя і бездапаможныя! І чаго яны пра сябе стварылі такі німб — істоты звышразумнай і звышуладарнай, усёмагутнай? Хто ім такое ўбіў у галаву? Пэўна ж, самі, толькі самі...
Божа, прабач ім, яны ж нічога не ведаюць, як і я не ведаў нічагуські пра сябе!.. І ніхто не сказаў мне пра тое, што я — гэта я, а не істота вышэйшага розуму. Валадар, чаму мы такія тупыя, Ты ж сам нас ствараў сваёй рукой? Ты ж даў нам розум і мудрасць, а мы не можам гэтым багаццем распарадзіцца. Тое, што здымаў Месяц, не бачыў, упэўнены, ніхто ў свеце. Адзін ты, Ойча, Валадар Сусвету, ведаеш пра тое, і ніхто ў свеце нічога і ніколі не ўтоіць ад Цябе. Як мудра ўсё пабудавана і адначасова проста — ніводнаму, нават самаму геніяльнаму, чалавеку не дадзена тое зразумець і ўсвядоміць.
Читать дальше