А ўчора, калі глядзелі па тэлевізары «У свеце жывёлаў», дзе былі жабы і апалонікі, успамінаў, як мы ў маленстве заўважалі вялікае ў малым, як многа бачылі нават у такіх балотцах, як наша Ракоўшчына, якое цяпер, пасля меліярацыі, даўно ўжо няма.
*
Было нам па дзесяць гадоў, калі Абрам, мой школьны сябрук, на перамене зірнуўшы ў акно, першы ўбачыў, што па золкай асенняй вуліцы мястэчка ціха ехала нейкае сумнае, мокрае вяселле. І ён, яўрэйскі хлапчук, раптам весела, смачна, так нечакана ледзь не закрычаў: «Без стуку, без груку, памчалі, як суку!» І вось як доўга гэта помніцца — з-за тое нечаканасці і ад самой пагаворкі, якую я тады пачуў упершыню.
*
Выпадковае, самавуцкае збіранне ведаў. Не толькі з кніг, якія б яны ні трапляліся, а нават з адрыўнога календара.
З яго мне помняцца словы Дастаеўскага пра тое, як пазнаваць чалавека па смеху: «Добра смяецца — добры чалавек». Праз мноства гадоў я іх з прыемнасцю сустрэў у «Падлетку».
Помню і словы Салтыкова-Шчадрына пра дружбу, з ёмкай, учэпістай фразай на старадаўні лад: «Нашед друга, держись его». Гэта яшчэ не сустрэлася мне ў яго кнігах.
Нават з «фанцікаў» у з'едзеных некім шакаладках «Atlas» была, так сказаць, духоўная ежа. На адной з такіх пругкіх, глянцавых укладачак я ўпершыню ў жыцці прачытаў пра значэнне Льва Талстога, па-польску, на адвароце яго маленькага барадатага партрэта.
«Вялікі рускі пісьменнік і рэлігійны філосаф. У творах сваіх выявіў разуменне чалавечай душы і цудоўны паказ прыроды».
*
Старая, затрапаная гадавая падшыўка дзіцячага часопіса «Маяк». Там — успаміны былога вучня Талстога, Dасі Марозава, пра паездку са Львом Мікалаевічам у Башкірыю, на кумыс. Там — раздзелы друкаванай з працягам вясёлай французскай аповесці пра дзівацтвы добрага «дядюшки Гурдебека». Адтуль, з нейкага верша, запомніў я толькі словы «перекати-поле», што ўразілі сваёй паэтычнай незвычайнасцю.
Як прыемна цяпер — свядома, узброенаму пэўным вопытам — дакранацца памяццю да тых выпадковасцей, знаходзіць сувязь з вялікім!..
Так мне прыемна было значна пазней даведацца, што «Іграка» Дастаеўскага, якога я ўпершыню і, відаць, ранавата чытаў на польскай мове, пераклаў не хто-небудзь іншы, а Ўладзіслаў Бранеўскі, адну з любімых кніжак школьнага маленства — «Сэрца» Амічыса — на польскую мову з італьянскай пераклала Марыя Канапніцкая, а на рускую сястра Леніна Ганна Ільінічна.
Так мне сёння было прыемна прачытаць добрыя словы пра той часопіс «Маяк», які рэдагаваў пісьменнік Гарбуноў-Пасадаў, даўно вядомы мне па перапісцы з Талстым і Чэхавым, чалавек ім блізкі, асабліва Льву Мікалаевічу.
*
У беднай хаце, на святочна засланым стале — гліняная міска малака з тварагом. Для госця. Ён пакуль што сядзіць у хаце адзін, бо гаспадар выйшаў на двор, а гаспадыня вось-вось увойдзе з кухні.
Раней за бацькоў у хату з двара ўвайшла дзяўчынка. З мноства, як госцю нядаўна здалося, іхніх дзяцей — адна дзяўчынка, трохі старэйшая, гадоў дзесяць-адзінаццаць. Прыгожанькая, апранутая неяк па-даросламу хораша: спаднічка, кофтачка, хусцінка «пад бараду». І разумная, як бываюць разумнымі дзеці, што гадуюцца пры разумных бацьках ці дзядах. Увайшоўшы, яна ўбачыла тую міску і не толькі, не проста здзівілася, падышоўшы, а ўзяла лыжку, сербанула з місы і, не сказаўшы, падумаўшы толькі з усмешкай: «Смачна!» — палажыла лыжку на стол.
Тут і беднасць, якая балюча расчульвае, і нявіннасць прыгожая, і, як нехта сказаў бы, проста «нявыхаванасць». І ўсё гэта са значэннем, і прыемна помніцца мне, госцю, вось ужо без года пяцьдзесят гадоў, з маіх, часамі няблізкіх паходаў — да яшчэ аднаго кнігалюба.
*
1920-1939 гады — які гастарычна кароткі перыяд! Так думаецца цяпер, так думалі ў свой час дарослыя. І толькі тыя, што тады пачыналі жыццё, што назіралі, вывучалі, любілі яго ў дробязях, маглі лічыць, што ў 1922-1927 гадах, калі мне было пяць — дзесяць гадоў, першая сусветная вайна, рэвалюцыя, грамадзянская вайна былі не «зусім нядаўна», як лічылі дарослыя, а вельмі, вельмі даўно.
Гісторыкі здзіўляюцца, як дынамічна развіваліся палітычныя падзеі паміж першай і другой сусветнымі войнамі. А мы — спачатку ў шчасці маленства, а потым першай, дапрызыўнай маладосці — часцей за ўсё і не думалі пра тое, нават не падазравалі, што і захоплена гуляючы ў «чыжыка», і пазней, на дальніх подступах да таямніцаў кахання, сарамліва перабіраючы пальчыкі першай любімай,— што мы знаходзімся на планетна-вялізнай пукатасці парахавой бочкі...
Читать дальше