Фабіян прыслухаўся. Па бруку плошчы мерна дзугалі падковы, пагрымлівалі колы. Ён выбег за браму.
На вясковай фурманцы, наладаванай хуталямі і клумкамі, сядзела, падціснуўшы пад сябе ногі, Марына, на ёй былі чорныя сукня і капялюш з вэлюмам.
— Фабіян! — яна ўстала. Фабіян падхапіў яе на рукі і паставіў побач з сабой на брук.
— Ты не змянілася.
Яны абняліся. Фабіян гладзеў цераз яе плячо на абязлюднелы горад, на праваленыя дахі дамоў, на шыбы без шкла. На пустую плошчу церушыў снег.
— Мой муж загінуў. Я засталася адна. Я хачу быць з табой, Фабіян. Усе згарэла, маёнткі, вёскі, мы адны, Фабіян. Я шукала цябе.
— Тут холадна, пайшлі ў палац.
Марына закінула галаву і здзівавана зазірнула яму ў вочы. Фабіян азірнуўся.
Высіліся ўчарнелыя ад куродыму сцены палаца. На абвугленыя шыбы церушыў снег. Дах заваліўся, і праз вокны мезаніна было відаць неба.
— Я баюся развалін,— сказала Марына. — Пастаім тут. Ты нейкі дзіўны зараз, нібыта не верыш, што мы зноў сустрэліся.
— Я дзіўны якраз таму, што веру, а вера вымагае ахвяры.
— Вера вымагае ахвяры,— задумалася Марына. — Занадта змрочна, каб ты прыдумаў гэта зараз.
— Я прыдумаў уначы, а пераканаўся толькі што. Убачыў і пераканаўся.
Наляцеў вецер. Узняўся вэлюм на Марыніным капелюшы, і праз яго Фабіян згледзеў напаўразбураныя дамы ў рыштоўках і муляра, які засяроджана перабіраў цэглу ў развалінах, браў па дзве цэлых, збіваў з іх малатком раствор і складваў на калёсы.
1
Межавалі між сабой два княствы. І былі яны вельмі падобныя: такія ж лясы, такія ж рэчкі і дарогі, такія ж людзі жылі ў абодвух княствах, і гаварылі яны на адной і той жа мове. І колькі ні адбывалася між імі войнаў, не было ў тых войнах пераможцаў. Сыходзіліся войскі на мяжы, біліся дацямна, і ніхто потым не мог сказаць, хто ж перамог. Чакалі ранку, ізноў сыходзіліся, біліся да змяркання, а потым, калі бойкі было ўжо досыць, падпісвалі чарговы вечны мір. А біліся яны не таму, што хто-небудзь з князёў жадаў мець адным лесам ці рэчкай болей, у кожнага сваіх было ці не залішне, а таму, што ляжаў на мяжы княстваў вялікі горад, жыхароў якога больш цікавіла, не які князь над імі будзе — стары ці малады, а колькі падаткаў ён запатрабуе. Так і пераходзіў горад ад аднаго ўладара да другога. Пажылі пад адным князем, назбіралі ад яго крыўд і пачыналі ўспамінаць, як добра было пры другім жыць, паўспаміналі-паўспаміналі, а потым і таемны ліст да таго другога князя прыходзіў: «Няхай жывем мы пад тваім суседам, але заўсёды памятаем, як пад табой жылі. Ці не час той залаты век аднавіць, калі і падаткі меншыя былі, і князі лепшыя? Чакаем вызваліцеляў». Вось і сыходзіліся пасля такіх лістоў войскі на мяжы і біліся, пакуль часовы ўладар горада не казаў: «Не зважалі яны на маю дабрыню, хай паспрабуюць, ці лепей будзе ім пад суседам жыць, нікуды не падзенуцца, пажывуць ды адумаюцца, самі назад папросяцца». Тады падпісваўся вечны мір, і жылі ўсе спакойна да наступнага таемнага ліста.
Нават герб у горада адпаведны быў — дзік імчыцца насустрач ворагу. І як да другога княства адыходзілі жыхары, адразу ж дзіка ў другі бок пераварочвалі, вораг жа змяняўся. Жылі год, другі, тады хто-небудзь і казаў: «А відаць, наш дзік не ворагам насустрач імчыцца, а вызваліцелям». І пачыналася пісанне таемнага ліста.
На той час у адным княстве панаваў малады князь, яму і горад належаў, а ў другім — стары князь, якому жыхары таемны ліст напісалі, ён ужо і войскі падрыхтаваў, але ўсе не было зачэпкі, каб вечны мір парушыць. Але што добрае, можа, і не, а зачэпка заўсёды знойдзецца, разумелі гэта князі, таму і пераехалі кожны ў свой замак бліжэй да мяжы з суседам, а каб не было сумна чакаць, то і кожны свой двор за сабой са сталіцы звёз.
2
Малады князь сумаваў у сваім замку. Ужо з самай раніцы лоўчыя былі ў лесе, але нічога вартага свайго князя загнаць не здолелі. Нарэшце пасля абеду яму данеслі, што пашанцавала загнаць вялізнага дзіка. Малады князь адмяніў адпачынак, ускочыў на каня, і, калі праязджаў браму, нечакана для сябе падумаў: «Калі я не ўпалюю сёння гэтага дзіка, то прайграю вайну». Услед за князем скакалі яго афіцэры.
Старога князя турбавала другое. На гэты вечар быў прызначаны да дня нараджэння яго адзінай дачкі баль. Падзея як падзея, калі б гэта не быў першы баль у жыцці маладой князёўны. Баль быў прызначаны яшчэ ў сталіцы, там бы яму на добры розум і адбыцца. Але ж князь лічыў, што нічога страшнага не здарылася, бо амаль уся сталіца пераехала да яго ў замак, хіба што толькі госці з іншых княстваў не змаглі сюды прыехаць.
Читать дальше