— Што табе, бацька, трэба? — з гэтым жа, як з нажом да горла, прыстаюць да яго і дзеці, і жонка з той жа сама песняй.
«Што табе, бацька, трэба, што трэба табе, чалавеча?» — запытальна цурчыць вада. А бог яго ведае, а чорт яго ведае, што трэба яму, каб быць шчаслівым. Сына вось трэба, нашчадка, толькі спазніліся яны з Ганнай мець сына. Усё жыццё чакаў ён сына, кожны раз спадзяваўся: ну, на гэты раз будзе ўжо сын. Але нязменна нараджаліся дочкі, толькі дочкі. Чатыры разы дочкі. Тавар ненадзейны, чужым людзям, а не сабе. Усе, акрамя апошняй, ужо вылецелі з яго кубла. I гэтая апошняя не затрымаецца ў кубле, не заседзіцца ў яго хаце. А што за хата, калі ў ёй пуста, калі ў ёй толькі старая ды стары, кошка ды сабака. I што за век такі пайшоў, што здарылася з людзьмі, размежаваліся яны на маладых і старых, на гарадскіх і вясковых і яшчэ бог ведае на каго. Раней хата была дык хата, каля старых маладыя, пры дзецях — бацькі. А зараз дзеці ўсе ў горадзе — у жалезе, у каменні, старыя — у вёсцы, у гноі. I лягуць хутка гноем у зямлю, і хату, вокны і дзверы, крыж-накрыж дошкамі.
Яго, праўда, дочкі напярэймы адна перад адной клічуць іх са старой да сябе. Усе яны няблага ўладкаваліся ў горадзе. Трое паканчалі інстытуты. Адна толькі, першая, з тэхнікумам, медсястра. Некалі ёй было, гаротнай, вучыцца, глядзець меншых трэба было. Да яе, да Алёны, мо й пайшоў бы Махахей жыць, толькі адчувае: не ўсё добра ў яе жыцці. Чалавек упадабаў яе неблагі, але толькі не яе гэта чалавек, іншаму яна была ўгатавана. Алёна маўчыць аб гэтым, але ён жа не сляпы, сам бачыць. I шкада яму таго чалавека, і дачкі шкада, а як парадніць іх, ён не ведае. У кожнай — кватэры гарадскія, прасторныя, толькі што яму ад той прасторы, калі не ляжыць яго душа да гарадскога.
Гіблае, гнілое тут месца. Усё гэта так. Але як выдзерці сябе, як па жывому адрэзаць сябе ад гэтага месца, калі па могілках скрозь усё Махахеі, Махахеі.
— I чаго табе трэба, бацька, хто цябе тут трымае? — гэта хор дачок, чортава капэла.
—Хочу ў горад, хлопца людскога на ўсю вёску ніводнага,— гэта піскуха малодшая, самая апошняя, самая дарагая.
— О дурыла, пень стары, вось трактарыста клікну, няхай яе ў рэчку, парахню, гэту хату скоціць,— гэта падпявала жонка. Пяць год паводкі дапяклі і яе. Заспявала з голасу дачок. Праўда, і свой голас, свой розум яшчэ не страціла: — Пакуль у сіле, Пакуль тое-сёе рукамі здольны і таму дзецям патрэбны — унукаў дагледзець можам,— бегчы адсюль і не азірацца.
А ён пачаў будавацца, назло жонцы і дзецям. Ён хоча застацца тут, так хоча, як вымушае яго нехта, застацца і агледзецца. Раней жа не было калі, адна толькі вайна тры жыцці, здаецца, украла, зараз бы самы час на неба паглядзець, а жонка і свая ж хата новую вайну распачалі, пайшлі вайной на гаспадара. I так у кожнай хаце, па ўсёй вёсцы, ціхая вайна, слёзная бойка. Плачуць мужыкі сэрцам, як гэта наважыцца, пакінуць селішча. Ды і куды рухаць, куды перасяляцца. Паўвека назад усё, здаецца, прасцей было. Мужыку аб сваім жыцці самому трэба было маракаваць: не будзеш круціцца — і не пражывеш. Цяпер жа мужыкі звыклі, што Савецкая ўлада клапоціцца за іх, яна аслабаніла іх ад клопату пра хлеб надзённы, і вёска жыве, азіраючыся ўвесь час на гэтую ўладу, ды і не бачаць яны другога такога месца, якім было паўвека назад вось гэтае, каб можна было рушыць усім адразу і сесці, як сядзелі тут. А па адным ніхто не наважваецца крануцца, пакінуць свой кут, сваё кубло; гаворка не пра тых, хто едзе жыць да дзяцей: сваю хату на калёсы пагрузіць ніхто не адважваецца, усе адзін другога пільнуюцца; хто першым рушыць, чакаюць. Састарэла вёска, і мужыкі састарэлі, і смеласць іх вырадзілася ў асцярожнасць. Але ж усяму ёсць мяжа. Яшчэ год-два будуць гібець яны так, а што далей? Куды павернецца іх жытка, што будзе з Махахеямі, Роўдамі, Барздыкамі, раздзьме іх ветрам па свеце ці згуртуюцца яны зноў у грамаду і ўсё пойдзе, як і раней. I будзе галасіць над іх загонамі Галасніца, шукаць сваё дзіця, і будзе непрыкаяна блукаць па княжборскіх вуліцах Жалезны Чалавек...
Прамільгнула вёска ў адну сумную, хаця і нядоўгую, вулачку, спустошаную спакоем і цішынёй, дрымотай пракавечнага, зляжалага пяску — маркотнымі сведкамі той былой і вялікай працы, што тварылася тут ці то морам, ці то ледніком. З гэтага пяску, што белымі гурбамі ляжаў уздоўж дарогі, і на самой дарозе, і каля хат без платоў — дзвярыма адразу на вуліцу, лена падняўся рабы, як карова, страшэнна худы і таму, здаецца, неахайны сабака, раздумліва і скрушліва паглядзеў на машыну, хапатліва азірнуўся на шэрыя хаты, што п'яна валюхаліся па абодва бакі дарогі, нікога не згледзеў, пазяхнуў і зноў лёг у цёплы, як прысак, пясок, ведаючы па вопыту, пэўна, ужо, што ніхто не адзначыць яго руплівасці. Хлеб, як і ўсе вясковыя сабакі, ён павінен здабываць сам, і не пустым брэхам. Худы рабы сабака і апошняя хатка адбегліся назад, і адразу ж пачалося балота, як хаткі вулачку, абціснула з абодвух бакоў дарогу чорным вокам вады, што не ведала турбот, жалезна-рудой тванню, што спачывала ў гэтай цьмянай вадзе, атрутна-яркім бабоўнікам і капытнікам, зараснікамі алешніку, а дзе-нідзе і дубам з ясенем.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу